Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
Шрифт:
Янка. Ды нашто ён вам? Вы такі багаты. Вось гэтым (паказвае на кнігі). Тысячы людзей, тысячы сяброў. А тут... ледзь не адзін я, малапісьменны хлопец.
Чаховіч. I, можа, адзінае маё апраўданне... I яшчэ – гэта мая таямніца. Адкрыць яе пакуль не магу. Але гэта, акрамя, можа, цябе, адзінае, што трымае мяне пры жыцці. (Стары амаль велічны.) Помні, таямніца.
Карціна трэцяя
Ранняя вясна. Каля муроў цвінтара Багаяўленскай царквы ў Лагойску – нядзельны кірмаш. Але ён шуміць недзе наводдаль, а тут толькі стаяць некалькі распрэжаных вазоў, ды на цвінтары жабракі і жабрачкі спяваюць “Лазара”;
Як жыў сабе Лазар, чалавек убогі, Ён лезны – балесны, сільна ўрадлівы. Як пайшоў ды Лазар к брату-багачу, Брату-багачу пад ягонае вакно. “Ня ёсць ты мой брат, а ёсць люты пёс, – Ёсць у мяне браткі – не роўня табе, Ёсць у мяне браткі – у кроплю як сам, Такія як сам – найраскошны пан”... Ў гнаю ляжаў Лазар трыццаць тры гады, Перад брамай багатавай братавай.I яшчэ сядзіць ля мура Лірнік, спявае “Плач Адама”:
Ужо ж мы не бачым Прасветлага раю, Ужо ж мы не чуем Янгальскага гласу! Вочы нашы – ямы, Руцы нашы – грабы: Што вочы забачуць, То руцы заграбюць, Што маем, то мала, Ажно ўсяго многа Пад небам высокім У госпада бога.На камені сядзіць Янка і слухае Лірніка.
Янка. Ну і што з таго, што ўсяго многа, дзеду?
Лірнік. Усяго многа. Праўды мала... Усё жыццё пра тую праўду і я і унь яны, на цвінтары, спяваюць, а не вымалілі яе.
Жабракі.
Не было ў тым доме набожнай душы, Балеснаму Лазару хлеба-солі даці, Сваёй душы царствія ўратаваці. Толькі былі ў тым двары два лютыя псы: Яны па падстоллю заўжды хадзілі I дробныя крошкі сазбіралі, Балеснаму Лазару у гной насілі I тым яго душу-цела заўжды жывілі...Янка. Толькі яны?
Лірнік. Толькі. I няма яшчэ голасу гэткага моцнага, каб вымаліць праўду.
З’яўляецца Стафан Каляда.
Стафан. У-у, Янук.
Янка. Здароў, Стафан.
Стафан. А я думаю: у лірнікі ты гэта пайшоў, дзе пад лагойскім багаяўленнем праўду вымольваеш.
Янка. 3 маім голасам? Жартуеш...
Стафан. Ты дзе?
Янка. Ды па-ранейшаму. Бацькі ў Селішчы. Я вось вучылішча скончыў, ды да іх. А ты?
Стафан. Значыць, канчай не канчай – усё адно плуг... А мы вось не вымалілі праўды. Згоняць нас вось-вось. Валахоўскі лютуе. Мы сёння пойдзем... Ну, Гладышэўскіх, можа, часова пашкадуюць. Казік у бацькі, на Марысю паглядаючы, на гадок адмоліць.
Янка. Жэніцца?
Стафан. Гэ-э. Ён? Неба хутчэй упадзе... Слухай, Янка. Толькі ў яе і размовы, што пра цябе. А мне гэта...
Янка. А я ні ў чым табе перашкаджаць не хачу.
Стафан. Што, не падабаецца?
Янка. Ды не, хутчэй наадварот.
Стафан. Баішся, што бацька хворы, а ты – старэйшы з сямёх дзяцей?
Янка. Гэта мяне не спыніла б. Рукі моцныя – побач, сэрца добрае – ля майго. Але як быццам нехта забарону паклаў... На сем замкоў браму да яе замкнуў.
Стафан. Дык ты...
Янка. Не бойся. Нічога ёй не скажу.
Стафан. А сама яна скажа?
Янка. I на гэта не адкажу нічога... Ты лепей унь туды паглядзі.
З’яўляецца Марыся ў таварыстве Агаты, Магдзі і Евы. Да іх павольна набліжаецца Казік Валахоўскі.
Казік. Дзень добры, паненкі.
Марыся. Здароў быў, пан Казімір.
Агата. А гожанькі... Як макаўка.