Вход/Регистрация
Вялікі Шан Ян
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

— Я загадаю ўсяго толькі разарваць цябе на часткі баявымі калясніцамі. Павольна, але ўсё ж гэта літасць.

Шан Ян сплюнуў яму пад ногі. Адкуль узялася сліна, ён не ведаў. Ён убачыў, як закрылася шчыліна, убачыў міжвольную павагу ў вачах дзінліна і сказаў:

— Яны ўжо ўсе мёртвыя. Што ты можаш зрабіць з адным мною? Рабі што хочаш.

Ён разумеў, што гэта толькі адчай, што гэта толькі помста вану, што ўсё застаецца па-ранейшаму, бо жывы трактат і ўсё гэта будзе цягнуцца і цягнуцца, але ён не хацеў, каб сабаку перамог яшчэ горшы сабака.

Таму яго хапіла толькі на гэта. Таму на плошчу між равучых натоўпаў ён ішоў са схіленай галавой і бязвольна абвіслымі рукамі, увесь у бездані свайго чорнага апошняга адчаю, ведаючы, што зныня і давеку ён — сімвалічны сябар усёй сволачы зямлі і люты вораг усіх людзей на ёй. І сволачы будуць, не ведаючы і не памятаючы аб ім, напускаць на Людзей усіх змей, якіх ён вырасціў у сваім гадзючніку. І ніхто, ніводны Чалавек не памяне яго дабром і не даруе. Бо няма за што. Ці з лобнай плошчы, ці проста з неба дакучліва, абрыдліва да нуды, вякала ў вушах ягоных славутая "Песня баявых калясніц":

Ляціце, аж пакуль апошні…

"Не, не, досыць ужо гэтага! Досыць!" Але галасы ўрываліся ў вушы:

Хто з намі выйсці рызыкне на бой, Гнілую печань не пакажа сонцу, Не захрыпіць пад нашаю нагой.

Ён матляў галавой, але не мог прагнаць гэтай жудасці.

І разарвем сусвет мы, як рапуху, Калі ўпадзе ён перад намі ніц, За ногі прывязаўшы і за рукі Да баявых крывавых калясніц.

І ён быў амаль удзячны, калі гэты матыў прагнаў народ, пачаўшы крычаць і кідаць гразь.

"Слабыя бараны, — думаў ён. — І гэта я прыдумаў і запісаў чорнай тушшу раздзел дваццаты "Як аслабіць народ".

"Баявыя калясніцы. Веліч. Якая веліч? Вось такая веліч? Каму яна патрэбная, тая веліч? Хіба што веліч сапраўднага, праўдзівага, добрага і сумленнага, таленавітага ў сваёй справе чалавека. Але тады гэта ўжо не веліч — хіба праз стагоддзе — а годнасць. Я забіў тую годнасць".

Яго яшчэ сяк-так абаранялi, але нешматлiкiх паплечнiкаў, якiя яшчэ засталiся пакуль што ў жывых i якiх вялi за iм, бiлi бамбукавымi кiямi па галовах, дзерлi на iх валасы, i жанчыны драпалi iм твары кiпцюрамi.

"Адно суцяшае, — успомніў ён словы Жун Луна, — што ўсё гэта немінуча рухне, што той маленькі язычок агню, ля якога мы сядзім уначы, разальецца ў пажар і злучыцца з іншымі, што подласць, і дурасць, і цемра, і ненажэрства нявечныя. Толькі калі?"

Іхні агеньчык згаснуў. Ці ёсць іншыя?

— Здохні, сабака Шан Ян!

— Вялікі Шан Ян!

— Вораг вана! Вораг Цінь! Сабака!

Яны мелі рацыю. Вораг.

Ён ішоў да плошчы, над якой вісеў васьміхвосты сцяг з васьмю чорнымі бунчукамі і знакам, які дужа шанавалі інды, сюнну і Паднябесная.

Крыжаабразны старадаўні прыбор для здабывання агню, якім і зараз карысталіся паўдзённыя дзікуны і жыхары глухіх вёсак Цінь. Крыжаабразны сімвал агню, сонца і пладароддзя.

Ён ведаў, што ідзе да яго.

І плыло, плыло перад ім мудрае, жоўтае, як лімон, і змаршчакаватае, як печаны яблык, аблічча Жун Луна.

"О, каб тады замест яго, Шан Яна, прыйшоў да цара Жун. Або каб да яго, Шана, прыйшоў ён. Урэшце, не, стары толькі зганьбіў бы сябе. Хто паслухаўся б яго на вяршыні славы і кар'еры. Мудрых слухаюць толькі ў няшчасці, калі нехта залье сала за скуру. Тады не царства, а радзіма, родная зямля, калыска. Тады ўсе не падданыя, не рабы, а браты, настаўнікі, сёстры. Усё скончана, і трэба мужна не шукаць выйсця.

Жоўтае аблічча. Чалавек, які перамог, нават паміраючы ў брыдкай яміне, як жывёліна. Перамог. Перамог".

Ён спыніўся на скрыжаванні вулак, каб крыкнуць:

— Я буду жыць!!! [33]

Гэта быў не гераізм. Ён быў даўно ўжо зломлены маральна і фізічна пасля катаванняў і страшных роздумаў. Усяго толькі традыцыйная формула для асуджаных на пакаранне смерцю. Формула надзеі.

Але каб толькі ён ведаў, як ён не памыляецца, якую страшную рацыю маюць ягоныя словы — ён хутчэй адкусіў бы свой язык і пракляў бы сябе [34] .

33

"Я не памру", "Я ўваскрэсну" — рэлігійная, традыцыйная формула надзеі на тое, што душа можа пераўвасобіцца ў душу нейкай іншай істоты.

34

Май Мэнхуа (1871 — 1916) — навачасны філосаф, пісаў у сваёй кнізе "Шэсць найвялікшых палітычных дзеячаў Кітая": "Шан Ян найвялікшы прадстаўнік юрыдычнай навукі і мужны палітычны дзеяч". Т. 1. С. 33. Легізм Шан Яна быў пазней узнесены на шчыт ідэолагамі Чан Кайшы (Чэнь Ціцянь і інш.).

— Вял-лікае сонца Шан Ян!!!

Здзек спадабаўся, і вось усё мацней, заглушаючы лаянку, паляцелі, побач са жменямі гразі і гною, непамерныя славаслоўі:

— О, Шан Ян! Вялікі ўладар зямлі Шан! Вялікі правіцель! Нахмур, як раней, бровы! Каб, як раней, дрыжала Паднябесная! Загадай — жывыя палезем у зямлю! Самі! О, самая багатая зямля, Шан Ян! Самае светлае небачка, Шан Ян!

Яму было ўсё адно. Ён ішоў. Сонца згасала над вялікай сталіцай. Стаяў над рыклівым потным натоўпам пыл, і наперадзе чакала ўсё, што адбылося ўжо з яго магутным родам, а над яго схіленай галавой увесь час узляталі камякі гразі і вісклівае:

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: