Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
Шрифт:
— Раю сядзець, — сказаў ван. — Гэта істота двума пальцамі ламае чалавеку ключыцу і шчаўчком прабівае чэрап. Будзеш і далей так — за кожную тваю ўспышку я вазьму лішнюю сотню людзей твайго рода.
"Чаму я не ўвёў у розум гуну, каб ён страціў цябе, — падумаў Шан Ян. — Я ж мог пераканаць яго нават забіць сына. Мог!"
Ван нібыта адгадаў ягоныя думкі.
— Што з таго? Знайшоўся б нехта іншы. Усе мы днямі і начамі думалі над "Шан-цзюнь шу". Але тут ты маеш рацыю. Ты мог. І ты зрабіў маленькую памылку, што пакінуў мяне ў жывых. Так што не толькі царства, але і я тваё стварэнне. Няўжо не пазнаеш, Шан Ян?
І сказаў шэптам:
— Я ненавіджу цябе за тое, што ты памыкаў мною так доўга, што так доўга ты адзін трымаў лейцы гэтай дзівоснай, вялікай, грознай калясніцы, прыдуманай табой. Ты прыніжаў мяне словам, учынкам, тым, што пагарджаў і не прымаў усур'ёз. Прыніжаў веліччу і розумам. Нічога, розум ты аддаў мне трактатам. А веліч? Веліч тваю я зараз вазьму, Шан Ян.
Твар вана плыў і дваіўся ў вачах, а на плошчы дзесяткі людзей рабілі сваю занадта зразумелую справу. І ўжо раздаваліся стогны, і ўжо секлі галовы сваякам, і наложніцам, і паплечнікам, і сын Су, улюбёнкі, торгаў ножкамі перад плахай. Сын улюбёнкі і сам улюбёны.
— Ты чуеш гукі барабанаў і спевы і можаш спытаць, няўжо я дазволіў музыку, — далятаў аднекуль злавесны шэпт. — Няхай паспяваюць гады два. У канцы іх я вельмі добра буду ведаць самых заўзятых пеюноў. Я — увесь ад цябе. Я ўмею палоць пустазелле. На дабрабыт гэтага вашывага народа, не воля адной асобы і мурашніка з гэтых асоб. Мая воля і сіла. І закон пераможа народ! Ты казаў, Шан Ян.
Яго адлівалі вадой, і ён зноў атупела глядзеў на тое, што рабілася ўнізе.
— Не бойся. Гэты спектакль будзем бачыць толькі мы трох. Ты, я, дзінлін. Ён маўчыць. Ты хутка будзеш маўчаць. Я так вырашыў: народ таксама не любіць празмернай, як ён кажа, "жорсткасці", — мы ж з табой ведаем, што гэта толькі паняцце — не любіць, калі забіваюць дзяцей. Не трэба яго хваляваць. Ён убачыць адно відовішча, страту цябе. І ён будзе рад. Усе лічаць, што вінаваты ты, і ненавідзяць цябе, і лічаць мяне збаўцам.
Ён ужо амаль не слухаў, і толькі словы пра род бацькі, род маткі і род жонкі, якія вырашыў знішчыць, разам з ім ван — вывелі яго з абыякавасці.
— На гэты раз усё гэта даткнецца не іншых, а цябе.
— Але ж гэта некалькі тысяч! — з безнадзейным адчаем сказаў ён.
— Бу-удзе. Што жыццё некалькіх тысяч перад мільёнамі? Сам казаў. Шкада, што многія твае сваякі ў Вэй. Але да іх дабяруцца. Не я, дык наследнікі. Ім запаветана. Калі мы захопім Вэй. Тваімі планамі.
Ён амаль паміраў і знайшоў толькі адно слова. Простае і чалавечнае:
— За што?
І тут жа ягонымі словамі адказаў ван. У напаўпрытомнасці здалося, што нават ягоным голасам:
— А няма ж ніякай сувязі між мерай стрымання і цяжкасцю зробленага злачынства. Дзе мякка караюць людзей за дробныя ўчынкі, нельга будзе не толькі стрымаць цяжкія злачынствы, але не прадухіліш і дробных. А яны? Ты ж сам прапаноўваў кругавую паруку ўсіх сваякоў і ўсіх, занятых адной справай, — ён усміхнуўся. — З наложніцамі ты ж таксама займаўся адной справай.
Нясцерпна, нудна звінела ў вушах. А тут яшчэ тым, каго страчвалі ўнізе, сказалі, што яму дадуць жыццё, калі ён згодзіцца на іхнюю смерць. І ён нібыта згадзіўся. І цяпер знізу ляцелі стогны, праклёны і плач. І ўставаў туман у вачах, і ён кожны раз адчуваў у роце пякучую сухасць ад моцнай гарэлкі. Ён уже не ведаў, гаворыць гэта ван ці ён сам успамінае, што, дзякуючы яму, у краіне дакладная сістэма пакаранняў: прабіванне цемя вострым клінам, выломванне рэбраў… жыўцом у зямлю… удушэнне… абезгалоўленне… выстаўленне галавы, рассячэнне на часткі… знішчэнне патраніміі або трох… "Гэта як у выпадку з табою… Не, ты добра распрацаваў сваю сістэму і сваю ідэю, Шан Ян".
Ён канчаткова ачуўся, толькі калі палілі кнігі. Кідалі сувоі, звязкі бамбуковых пласцінак, скуры. Палілі Шыцзін і Шуцзін і ўсё тое, што ён аддаваў анафеме. І цяпер, пасля таго, як на вачах ягоных курчыліся людзі, сваякі, сябры, таварышы з выламанымі рэбрамі або з прабітай галавой, пасля таго як ён бачыў іх на слупах, — ён ужо не мог не адносіцца і да кніг як да жывых арганізмаў, якія гавораць і адчуваюць боль.
Цягнуўся горкі дым. Стралялі ў агні бамбукавыя пеналы, у якіх захоўваліся світкі.
— Я пакінуў толькі світкі гаданняў, медыцыны, аптэкарскай справы і земляробства. Я думаю, гэта мудра. Астатняе будзе спалена [32] .
Усё было скончана. Чорны кніжны дым цягнуўся над вялікім полем, дзе сям-там варушылася, варушылася, варушылася зямля.
І тады ён устаў. Ён усё зразумеў, яшчэ не ведаючы і не думаючы, што будзе з ім. Ведаў, што ўсё гэта чакае і яго, але чакае стакрот, бо гэта ён запісаў ўсё гэта каліграфічнымі "цзырамі" ў раздзеле "Узнагароды і пакаранні", бо кожную страту ён перажыў на сабе, і гэта яшчэ чакала і яго. Бо найгоршае пакаранне прымяніў бы ван, пусціўшы яго зараз на волю. Толькі ў яго не стане на гэта мазгоў. І толькі б не паказаць яму гэтага, толькі б не даць яму ў рукі яшчэ і гэтую смяротную пакуту.
32
На самай справе тады спалілі толькі большую частку кніг. Усе кнігі былі спалены значна пазней, і канчаткова пакончылі з кнігамі толькі праз сто год. Але спалілі іх усе, згодна з вучэннем Шан Яна. Тады ж страцілі многіх, хто пераказваў змест кніг.
"Выпусціў звера. Якога ж я выпусціў звера! І хто, калі загоніць яго назад, у клетку?! Хто назаўсёды заб'е яго?!"
Ван устаў:
— Можна было б пакрысе зрабіць усё гэта і з табой. Закапаць — і выкапаць… ну і гэтак далей. Але я зраблю з табой справядліва.
Усмешка на яго азызлым твары была як крывая трэшчына ў жоўтым гарбузе.
— Ты ўсё жыццё рупіў пра баявыя калясніцы. Дзеля іх было ўсё, што ты ўбачыў за час вандроўкі і тут… Дык вось.
Шчыліна раскалолася далей.