Мальдис Адам Иосифович
Шрифт:
У назве зборніка яшчэ раз сцверджана непарыўная сувязь часоў, пакаленняў. Паэт мае права сказаць, што ён будзе, што ён адыдзе "Бясконцым Трактам неўміручасці", бо сам ён свята шанаваў, зберагаў і памнажаў усё тое, што створана народам, завешчана Бекешам, Каліноўскім, Буйніцкім, Купалам і іншымі папярэднікамі. Паэт пакутаваў ад таго, што на свеце ўсё яшчэ ёсць жорсткасць і несправядлівасць, раз'яднанасць, дысгарманічнасць. І часта, вельмі часта ў яго з'яўляецца прадчуванне Невядомасці і Непазбежнасці. Але ў гэтым прадчуванні няма адчаю. Паэт верыць, што свет яго "паўторыць", што прыйдуць лепшыя, больш гарманічныя людзі, што будзе жыць народ, а з ім дабро і прыгажосць. Журботна і разам з тым аптымістычна гучаць радкі верша-запавета:
Быў. Ёсць. Буду. Таму, што заўжды, як пракляты, Жыву бяздоннай трывогай, Таму, што сэрца маё распята За ўсе мільярды двухногіх. За ўсіх, хто ўздымае цяжкія разоры, Хто ў гарачым пекле метала, За ўсіх, хто змагаецца з небам і морам, За жывых, і за тых, што сканалі.Як пісаў у "Нёмане" (1987, № 7) Яўген Гарадніцкі, "апошняя кніга Уладзіміра Караткевіча — гэта ўжо такая ступень духоўнай унутранай засяроджанасці, адказнасці перад часам і народам, перад словам, якая сапраўды можа многаму навучыць. Але ў ёй няма паблажлівага павучальніцтва. Яна напісана жывым чалавекам, які можа быць узвышаным, не баючыся паказацца смешным, можа быць павучальным, не асцерагаючыся дыдактыкі, можа часам здавацца і грубым, але ніколі — цынічным. Ды гэта ж і ёсць прыкмета сапраўднага майстэрства — уменне захаваць пачуццё меры".
Зборнік "Быў. Ёсць. Буду" можа выклікаць і выклікае спрэчкі, часам нават непрыняцце. Але, мужны і страсны, ён нікога не пакідае раўнадушным. Таму што гэта — споведзь. Таму што гэта — завяшчанне.
Пасля смерці, спачатку ў "Маладосці" (1985, № 12), а пасля ў зборніку "Старыя беларускія хронікі" (1988), была таксама надрукавана трагедыя Уладзіміра Караткевіча "Маці ўрагану". — ці не самы лепшы сярод яго драматычных твораў. Яна дазволіла па-новаму асэнсаваць і ўсё тое, што было раней апублікавана аўтарам у гэтым жанры.
Калі я чытаў "Маці ўрагану", яшчэ раз пераконваўся, што сутнасцю Уладзіміра Караткевіча — яго творчасці і яго натуры — былі дзеянне, рух.
Увесь час актыўна, нястомна дзейнічаюць героі раманаў, аповесцей і апавяданняў Уладзіміра Караткевіча — асабліва рамана "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" і аповесці "Дзікае паляванне караля Стаха". Там усе і ўсё — у няўрымслівым руху, у нечаканых і незвычайных нягодах і прыгодах. І ўчынкі караткевічаўскіх герояў маюць глыбокі, глыбінны сэнс: у дзеяннях Алеся Загорскага, Юрася Братчыка ці Антона Косміча ўвасоблена хада самой гісторыі!
Сюжэтныя, дынамічныя вершы Уладзіміра Караткевіча — дастаткова прыгадаць "Землятрус" ці "Рагнарадзі". У іх няма спакойнага сузірання, апісальнасці. Тут усё — людзі, пачуцці, думкі — у зменлівым і бесперапынным руху. Нездарма, адчуўшы гэтую асаблівасць караткевічаўскай паэзіі, студэнты Беларускага тэхналагічнага інстытута паказалі яе ў жывых вобразах, на сцэне — у яркім прадстаўленні "Па шчасце, па волю". Дарэчы, лёгка паддаюцца інсцэнізацыі і празаічныя творы пісьменніка — (тэлеспектаклі "Лісце каштанаў" і "Сіняя-сіняя…", радыёспектаклі "Каласы пад сярпом тваім" і "Паром на бурнай рацэ").
Ды і аўтар гэтай прозы і гэтай паэзіі быў само дзеянне. Як ужо гаварылася, ён цаніў не столькі слова, колькі справу, куды адносіў таксама творчасць, пісанне. Колькі разоў нам, яго сябрам, даводзілася чуць прыкладна такое: вось вы прыгожанька гаворыце, але гэтага мала. Са слоў кашы не зварыш. Вы лепш зрабіце (напішыце, дапамажыце, абараніце). Бо толькі гэта залічыцца нам за грахі смяротныя і паўсядзённыя…
Калі не лічыць перыядаў дэпрэсій, Уладзімір Караткевіч быў увесь у руху. Ён не мог доўга праседзець на адным месцы, за адным сталом, у адным пакоі. Праз паўгадзіны гаворкі, нават самай цікавай, яму станавілася сумна. Яго бесперапынна цягнула да змены субяседнікаў і абставін. У самы нечаканы момант ён мог усклікнуць: "Пайшлі!" або "Паехалі!". І ішоў (пакуль дазвалялі ногі) з аднаго канца горада на другі, ехаў да сваякоў або сяброў.
Часам мне здаецца, што Уладзімір Караткевіч глядзеў на зменлівы свет, на хуткаплыннае жыццё як на велічнае і непаўторнае відовішча. Глядзеў дапытліва і зацікаўлена. Адчуваў сябе ў гэтым відовішчы не толькі гледачом, але і акцёрам, але і рэжысёрам. Ён радасна, неяк па-дзіцячаму ўспрымаў усё тое лепшае, што ёсць у гэтым свеце, — прыгажосць чалавечых твараў і высакароднасць учынкаў, значнасць ідэй і магічную сілу слова, чароўнасць краявідаў і гарманічнасць народнай музыкі. Але многае ў жыцці не прымаў, намагаўся змяніць да лепшага. Найперш гэта была недастатковая павага, абыякавасць ці нават пагарда да свайго, роднага, беларускага. Караткевіч бачыў, да чаго вядзе адсутнасць патрыятызму, асабліва сярод моладзі, — вядзе да таго, што чалавек становіцца касмапалітам, перакаці-полем, у якога няма ні каранёў, ні памяці, ні гісторыі. Бачыў — і абураўся, пратэставаў, дзейнічаў, выклікаючы неўразуменне, наклікаючы гнеў тых, для каго таптанне на месцы было арганічным станам. У гады застою ён дзейнічаў.
Уладзімір Караткевіч усведамляў, што дзеянні, асабісты прыклад аднаго чалавека абмежаваныя. Таму ён раз-пораз звяртаўся да вопыту гісторыі, гэтай мудрай і аб'ектыўнай настаўніцы жыцця. Ён апеліраваў да вопыту папярэдніх пакаленняў. Ён браў дзеля прыкладу жыццё тых продкаў, якія аддана служылі народу, айчыне.
Аднак у Караткевіча было разуменне, што слова таксама абмежаванае. Не кожнаму чытачу дадзена ажывіць у сваім уяўленні вобразы кнігі. Іншая справа — дзеянне. Дзеянне сцэнічнае, кінематаграфічнае. Яно абуджае думкі і эмоцыі не толькі словам, але і рухам, гукам, колерам. Яно ўздзейнічае адразу, адначасова на сотні, тысячы, а то і мільёны.