Мальдис Адам Иосифович
Шрифт:
І вось перад намі — "Маці ўрагану", адсутнае раней звяно, істотная (а можа, і асноўная) частка драматычнай тэтралогіі. Тут асабліва яскрава ўвасобіўся шматгранны талент аўтара — трагедыйны (фінал твора), камедыйны (сцэны ў радзівілаўскім палацы), паэтычны (велічныя канты), аналітычна-даследчыцкі (грунтоўныя ўступныя тлумачэнні). Караткевіч стварыў яшчэ адзін узнёслы гімн чалавечай мужнасці і высакароднасці. Напісаў рэквіем на тых сотнях крычаўскіх паўстанцаў, якія загінулі на полі бою, былі павешаны на шыбеніцах, узбіты на завостраныя палі, зацкаваны сабакамі. Перад намі паўстае шматфарбнае палатно аддаленага ў часе народнага быцця, паказанага аб'ектыўна, ва ўсіх яго супярэчнасцях (на хвалі сялянскага гневу, вядома ж, было і шумавінне — праявы жорсткасці, прадажніцтва).
Пра апошнюю трагедыю Караткевіча будуць пісаць не раз. І пра панарамнасць падзей, якія адбываюцца ў сялянскім двары і на полі бою, у карчме і на гарадской плошчы, у магнацкім палацы і закінутай пячоры. І пра сацыяльную дакладнасць у паказе галоўных асоб (асабліва — жорсткага, разбэшчанага, але разам з тым разумнага, небаязлівага Гераніма Радзівіла). І пра каларытнасць мовы, пра тое, што ў словах некаторых персанажаў "угадваецца" сам аўтар. Я ж хачу звярнуць увагу толькі на адну істотную акалічнасць — на аптымістычнае гучанне трагедыі. Яна завяршаецца паражэннем паўстання. Паражэнне гэта непазбежнае, бо тады не было сіл, якія змаглі б супрацьстаяць феадалам. Падзеі заканчваюцца перамогай радзівілаўскіх войскаў. Але гэта Пірава перамога. І не толькі таму, што велічная і няшчасная Агна Вецер цалуе ворагаў пацалункам смерці, заражае іх праказай. Але, галоўным чынам, таму, што маральна перамаглі паўстанцы. Бо на іх баку народ, народная памяць. Бо пра іх вяшчае ў канцы народны голас: "Чорта лысага яны ўзялі і возьмуць нас!" Калі Вашчыла, Карпач, браты Ветры, іх маці здольны ахвяраваць сабой у імя іншых, здольны рагатаць, нават ідучы на смерць, то такія людзі неўміручыя!
У драмах Уладзіміра Караткевіча выявіліся тыя ж лепшыя, характэрныя рысы, што ўласцівы і яго празаічным ды вершаваным творам на гістарычныя тэмы. Найперш гэта — незвычайнае майстэрства ва ўзнаўленні гераічных і трагічных падзей нашага мінулага, у перадачы сутнасці, духу далёкіх ад нас эпох, іх мастацкай "рэканструкцыі". Героі п'ес звычайна перажываюць вострую ўнутраную барацьбу, прымаюць у крытычныя мінуты адказныя рашэнні, перамагаючы саміх сябе, выбіраюць адзіна правільны і сумленны шлях. Таму драматычныя творы Караткевіча ўспрымаюцца як мудры падручнік жыцця.
З надрукаванага пасля смерці Уладзіміра Караткевіча прынцыпова важнай уяўляецца мне яго юнацкая аповесць "У снягах драмае вясна". Напісана яна была ў 1957 годзе, а апублікавана — толькі ў
1988-м. Рукапіс аповесці меў усе шанцы так і застацца рукапісам — калі б не шчаслівы выпадак.
Пра існаванне свайго празаічнага першынца (раней яго былі толькі школьныя практыкаванні) сам Караткевіч, здаецца, нідзе і ніколі не згадваў. Ні ў друку, ні вусна. Бо агульную фразу ў яго аўтабіяграфіі-ўспамінах "Дарога, якую прайшоў" (сказана там пра пяцідзесятыя гады: "Напісаў я за дзевяць год — горы"), браць у разлік не даводзіцца.
Чаму не згадваў? Можа, таму, што той першынец забыўся?
Але ж першынцы не забываюцца.
Можа, таму, што ён загубіўся?
Але ж блізкую сэрцу загубу звычайна ўпарта шукаюць.
Можа, таму, што першынец здаваўся не вартым увагі?
Але ж сёння нам бачна, што ў аповесць укладзены значны змест. Гэта мужная і шчырая споведзь юнака, што сумленна ўваходзіць у сапраўднае жыццё. І напісаны твор вопытнай, спрактыкаванай рукой.
Тады чаму ж?
Мне здаецца, што прычына тоіцца ў неадпаведнасці таго часу, калі пісалася аповесць, і тых часоў, што наступілі пазней.
У канцы аповесці пазначана: "Май 1957 г., Орша". Гэта сведчыць пра тое, што яна пісалася на хвалі абнаўлення, якое пачалося ў 1953 годзе і асабліва пасля XX з'езда нашай партыі. Пісалася, калі пачалася "вясна", што "драмала" ў ранейшых "снягах" (прыгадаем, што асноўныя падзеі аповесці адбываюцца крыху раней — у 1952 годзе). Як і сам пісьменнік, яго юны герой, Уладзіслаў Берасневіч, усім шчырым сэрцам і адкрытай душой вітаў гэтую "вясну", гэтае доўгачаканае абнаўленне. Нібы сёння, у часы другога, куды больш магутнага абнаўлення напісаны хаця б такія радкі: "Чатыры гады мінула, адбыліся вялізныя змены ў дзяржаве, і з кожнай зменай Берасневіч адчуваў, што гэта яго думка, што робіцца яго справа, і сама дзяржава робіцца ўсё больш і больш роднай яму, без ранейшых непаразуменняў. І Маркічаў (дэмагогаў і кар'ерыстаў. — А. М.) ставала ўсё менш, бо новае патрабавала, каб кіраўнік проста працаваў і займаўся гаспадаркай, не мянціў языком на зборах (сходах. — А. М.). Стала спакайней на сэрцы".
Аднак мы ведаем, што тая, першая "вясна" была і непрацяглай, і нясмелай. Пасля яе, гаворачы словамі аповесці, зноў пачалі выпадаць снягі, зноў наступілі "марозныя ночы". Новая, сённяшняя вясна яшчэ доўга "драмала" ў снягах застою. Уладзімір Караткевіч усё гэта балюча, абвострана перажываў. Ён поўніўся прадчуваннем сапраўднай вясны. I, безумоўна, разумеў, што ў часы, калі мы нібы пачалі саромецца свайго захаплення тым, першым цяплом, яго аповесць, выкліканая да жыцця спрыяльнымі промнямі
1956 года, наўрад ці магла быць належным чынам зразумета, ацэнена. Наўрад ці магла быць апублікавана. Прынамсі, без купюр.
І Уладзімір Караткевіч не згадваў пра свайго першынца, не шукаў яго. Выкрасліў яго з памяці або імкнуўся выкрасліць. Як не згадваў і пра цудоўнае апавяданне "Маленькая балерына", напісанае ў
1961 годзе, а затым перададзенае Васілю Сёмуху на захаванне. Сёння яно здзіўляе нас глыбінёй пранікнення ў сутнасць таго, што называем культам асобы, аб'ектыўнасцю ў паказе Сталіна, жорсткага і разам з тым сентыментальнага, адзінокага.
Рукапіс аповесці "У снягах драмае вясна" быў выпадкова знойдзены яшчэ пры жыцці Уладзіміра Караткевіча. А было гэта так. Наталля Сямёнаўна Кучкоўская паехала ў Оршу, каб адшукаць там рукапіс яго ранняй п'есы "Млын на Сініх Вірах". Зайшла ў дом, дзе жыў пісьменнік, калі працаваў настаўнікам, зазірнула ў куфар — а там ляжыць, загорнуты ў абрус, рукапіс іншага, невядомага твора… Аднак сам аўтар не паспеў яго пабачыць: быў ужо ў вельмі цяжкім стане.