Вход/Регистрация
Госць прыходзіць на золкім світанні
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

"Хто ж цябе асудзіў на смерць, маленькі чалавек? Шкада вялікіх, але яны награшылі сваё, гэтыя здаровыя дзядзькі… У многіх з іх пасля першага пацалунка не было нічога вартага ў жыцці. У цябе не было і гэтага… Дзяцей шкада, сабак таксама шкада… Вы ўсё разумееце, а выказаць не можаце… Сорам людзям.

Столькі зрабілі, а ў душах Залатая арда гуляе па стэпе… Жыццё, жыццё".

Цяжкі сон зваліў яго ў душны змрок, хоць ён выспаўся. Яшчэ не пачынала днець.

І зноў лягла перад вачыма раўніна. І была яна бясконцай, як чалавечая туга, і спявалі галасы на выжарах, і густы попел укрываў слоем зямлю.

Са здзіўленнем пабачыў Антось, што яго ногі і ногі яго спадарожніка не пакідаюць у попеле слядоў. Галасы спявалі-спявалі, але Антось не мог ісці да іх, бо ў яго была іншая мэта: спадарожнік вёў яго на суд.

І многія цягнулі да яго рукі, але ён ішоў на суд, яму трэба было спяшаць. Спадарожнік і ён апынуліся ў нейкім вялікім пакоі, насустрач ім устаў з-за стала нехта малады, ружовы і ясны.

— Вось гэты чалавек выдаў мяне, — і Антось зразумеў, што спадарожнік яго — той самы госць, што з'явіўся на золкім світанні.

— Тады арыштуй яго, — сказаў трэці.

— Ён зрабіў гэта незнарок.

— А хто гэта ведае?

— Гэта наша спрэчка. Мая і яго. Ён апраўдаўся перада мною.

— А ты залез у яго сумленне? Можа, ён спужаўся і хацеў абяліць сябе. Ты ведаеш, чаму ён зрабіў гэта?

— Я ведаю. Я сведак.

— Ты мёртвы.

— Але ж я… — абурыўся Антось.

— Вы самі разумееце, што справа патрабуе дадатковага расследавання, — халодна і нечакана ясна сказаў чалавек.

У цемры ляглі на плячо Антося рукі і голас начнога госця сказаў:

— Братка, цяпер я з табою.

Замілаванне, гарачая пяшчота заліла сэрца Антося. Ён хацеў пацалаваць гэтыя цёплыя рукі і… прачнуўся.

У каробцы дома ліліся, недзе пад ім, чалавечыя галасы. Доўгі схапіўся за аўтамат, хутка падпоўз да самай вялікай шчыліны, выдзер з яе анучу, забітую снегам.

Пабачыў проста пад сабою дзіўна кароткія з вышыні постаці некалькіх салдат і афіцэра. Паміж іх стаяў нехта ў цывільным.

— Тут? — спытаў афіцэр.

— Прынамсі, тут яго ўчора бачылі нашы хлопцы, — сказаў цывільны.

Антось вылаяўся ў думках. Трэба яму было ўчора вылазіць са сховішча ў сутарэнні суседняга дома за лямцам. Халодна, бачыце, было. Вось зараз табе цёпла будзе.

Але такія думкі прыйшлі да яго толькі на хвіліну. Ён прыпомніў сон, словы начнога госця, і нейкі незразумелы ўзлёт хмелем закружыў яго галаву.

Усё было зроблена на гэтай зямлі. Заставалася даражэй прадаць сваю нікому не патрэбную шкуру. Каб той, трэці ў спрэчцы, маўчаў.

Ён пабачыў, як салдат недарэчна вялікімі — у параўнанні з кароценькім тулавам — крокамі пабег кудысьці. І тады Доўгі выставіў шкло з расколіны і, дзе толькі было магчыма, выцягнуў анучы і лямец са шчылін. Халодны снежаньскі вецер задудзеў у дзюркі. Адразу стала халодна шчакам.

Антось умацаваў на сошках кулямёт і, адклаўшы кавалак дошкі, прасунуў рулю ў расколіну над падлогай.

Няхай ён спаймаўся, як лісіца ў пастку, затое пазіцыя была добрая. Толькі вузкім праходам між муроў маглі падысці да яго цытадэлі тыя, за якімі пабег салдат. І гэты праход ляжаў перад ім як на сподку. Вось і яны з'явіліся. Паўрота салдат.

"На мяне аднаго, — радасна падумаў Антось, — значыцца, страшны я".

Ён пачакаў, пакуль яны ўціснуліся ў пастку, якую ён прыгатаваў ім, і, прыладзіўшы плячо да ручкі, націснуў гашэтку.

Кулямёт выплюнуў палову жалезнай стужкі. У вузкім калідоры курчыліся і стагналі раненыя, нерухома ляжалі забітыя. Калі град куль пачаў біць па сценах яго сховішча, Антось з пяшчотай пагладзіў кажух сваёй зброі.

"Яны змайстравалі добрую безадмоўную штуку, — не тое што чортаў "максім", які даводзілася вывучаць у грамадзянскую. І вады не патрабуе, і сальнік не цячэ, і непаладак не бывае. І стужка жалезная, а не брызентавая: перакосаў не будзе".

…Бой цягнуўся амаль чатыры гадзіны. Сухая трасканіна аўтаматаў, гучныя ад рэха стрэлы пісталетаў. Антось змяніў ужо адзін ствол, у спешцы забыўся, што за яго трэба брацца шапкай. Рукі былі папечаныя, але болю ў запале бойкі ён не адчуваў. Двойчы яны здолелі прарвацца проста ў каробку пад ім, і двойчы ляцела ўніз граната, глуха ахаючы, разбіваючыся на стогалосае рэха.

У горадзе, чуючы перастрэлку, гаманілі людзі:

— Чаго гэта стрэлы?

— Партызана ловяць. Кажуць, таго самага…

— Адзін?

— Адзін.

— Кажуць, мінамёт павезлі.

— Не, жывым узяць хочуць.

— Маці божая, дапамажы яму.

Антось не ведаў гэтага. Не ведаў нават, што яго хочуць узяць жывым. Ён наогул не думаў. Думкі яго былі простымі: трэба было як мага больш балюча ўкусіць. Нават калі яны пусцілі дзве міны і ўламкі цэглы забарабанілі па мурах — ён не спужаўся. Жыццё было страшнейшым.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: