Вход/Регистрация
Госць прыходзіць на золкім світанні
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

— Но, без глупстваў! — на чысцейшай беларускай мове сказаў ідал.

І ў той самы момант сабака пазяхнуў, адкрыўшы вялізную барвяна-ружовую зяпу і белыя, як снег, зубы.

У глыбіні зяпы сладастрасна дрыжэў, завіваючыся ў канцы, вузкі ружовы язык.

Антось зразумеў, што спробы ўцячы будуць дарэмнымі. Машына, набіраючы хуткасць, вылецела на адну з параўнаўча цэлых вуліц (асобныя будынкі стаялі на ёй, як зубы на выкрышанай сківіцы старога чалавека) і спынілася каля трохпавярховага асабняка, пафарбаванага прыемнай ружовай фарбай.

Калі б Антось мог прадбачыць, што праз год гэты асабнячок будуць паспешна перафарбоўваць у шэры з цёмнымі пісягамі колер, што яшчэ праз некаторы час гэты асабняк выплюне на брук шкло са сваіх вокан і кавалкі мяса са сваіх пакояў — ён бы разрагатаўся, але цяпер яму зусім не было смешна.

На ганку, дзе замерлі два вартавых з сабакамі, Антось пабачыў пад нагамі мазаічны надпіс: "Калі ласка", і жорсткая іронія гэтага прывітання прымусіла яго ўсміхнуцца.

Яго правялі проста ў зімовы сад. Магутныя пальмы з калматымі ліпкімі стваламі падпіралі шкляны дах вялізнага пакоя. Дзень выпагадзіўся, і вясёлае сонца скакала зайчыкамі па белых сценах, па дрэнных карцінах на іх, купалася праменнямі ў вялізнай чашы вадамёта. Антось сеў і стаў чакаць.

Чалавек з'явіўся з-за пальмаў такой нячутнай хадою — быццам мяккія падушачкі былі на яго пятках, — што Антось здрыгануўся.

— Дзень добры, шаноўны пане Доўгі.

І голас яго быў журлівы, мяккі.

— Вы прабачце, я яшчэ дрэнна размаўляю па-руску. Але нічога. Я сяк-так па-руску, вы так-сяк па-нямецку. Згаварымся, дамовімся неяк.

Антось зразумеў, што перад ім нейкая вялікая шышка — столькі ўпэўненай, хоць і мяккай уладнасці было ў манерах чалавека. Цывільны касцюм з велымі дарагой пяшчотнай шэрай тканіны мяккімі складкамі аблягаў круглявыя формы гаспадара.

Быў ён невысокі, даволі кругленькі, ладны, на мяккім твары як прыклееная сядзела самая лагодная, самая дабрадушная ўсмешка. І шэрыя вочкі масліліся пад вялікімі верхнімі павекамі. І ружовыя губкі былі складзены ў курыную дупку.

Нават кароткія валасы на галаве былі нейкія плюшавыя, мяккія.

"Аксамітны кот", — падумаў Доўгі.

Ён бы зусім не здзівіўся, калі б гэты чалавек, сустрэўшы сабаку, чуйдух пабег ад яго і залез на дрэва.

Гаспадар пяшчотна глядзеў на яго, схіліўшы трохі ўбок галаву.

Яны не паспелі праседзець так і хвіліны, калі за спіною Антося з'явіўся хударлявы сівы чалавек у форме палкоўніка.

— Прабачце, дарагі пане Доўгі, — узвёўся гаспадар, паважна беручы з рук палкоўніка доўгі жоўты канверт, — я не больш як на пяць хвілін.

Яны ўдвух адышлі ў нішу. Аксамітны кот сеў і адчыніў канверт. Да Антося даляталі ўрыўкі размовы. Гаварыў гаспадар, а палкоўнік стаяў перад ім навыцяжку.

— Ён што, здурэў, гэтая старая пясочніца… Дзікая ідэя.

— Але прабачце…

— Я, любы мой, не жадаю гэтага… І досыць.

— Але гэта не ў маіх сілах. Вы можаце пагаварыць толькі асабіста з фюрэрам.

— А што, любенькі мой. І зраблю. Пана Гімлера мучаюць газы (палкоўнік толькі зажмурыўся ад жаху), але гэта яшчэ не прычына, каб ён сарваў мне мой план. Ён забывае, што не аднаму яму дадзена права ўваходу без даклада.

— Так і адказаць?

— Так і адкажыце.

— Дазвольце ісці.

— Можаце… I, дарэчы, любы мой, ніколі не душыцеся гэтай брыдкасцю. У вашага шэфа дрэнныя, мужыцкія густы, але ён можа сабе гэта дазволіць. А вам трэба рабіць далей кар'еру. Я асабіста рэкамендую вам "Свежае сена": прыстойны, сапраўды мужскі пах. Гэта, ведаеце, неяк узвышае чалавека ў вачах начальства. Начальства кажа сабе: "Вось прыстойны чалавек, ад яго прыемна пахне, у роце яго ўсе зубы здаровыя — значыцца, і страўнік працуе добра, а людзі, у якіх добра працуе страўнік, не выпешчваюць у душы падступных і здрадніцкіх намераў…" Ну добра, любы, можаце ісці.

І зноў падсеў да Доўгага.

— Гады бягуць, пан Доўгі. Калісьці і я бравіраваў тым, што сядзеў у кабаках і піў дрэнны шварцбір. Але час бяжыць, і сталасць хоча яснасці і прыгажосці. Я не кажу пра майго старога добрага Шыкльгрубера — ён заўсёды быў трохі істэрычнай ад артыстызму натурай, але хто мог бы думаць, што хрыпатая туша Герынг (я яму заўсёды раю змяніць прозвішча) знойдзе ў сваёй душы іскру Божую і будзе калекцыяніраваць карціны і купіць нават тры вашых пейзажы. І нават стары тхор Генрых не толькі кіруе сакрэтнай службай… Яму не пасуе роля мецэната. У яго бегаюць вочы і няма падбародка.

— У чым справа? — насмеліўся спытаць Доўгі.

Аксамітны кот пачамкаў губамі.

— Мы павінны быць вельмі ўдзячнымі вам, пан Доўгі. Мне асабіста вы вярнулі веру ў ваш народ. Вушы яго не закрыты для Дабра, калі найлепшы яго мастак такі добранамерны. Ведаеце, бандыцкі элемент пачынае набіраць сілу… Нават у самым горадзе. Напрыклад, — вам я магу сказаць гэта, — тыдні паўтара таму мы перахапілі на Слабадзе аднаго з іх. Імя — Васіль Лабацэвіч. Мы ведалі, што ён пойдзе па нейкай справе ў горад, ведалі ад чалавека, з якім яны пераходзілі лінію фронту… Бандамі кіруюць адтуль. Гэты Лабацэвіч, на жаль, таксама мастак — вы, напэўна, яго ведалі. Добра, што хоць той, з кім ён ішоў, быў наш.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: