Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
Шрифт:
— Бачыце, адмовіўся ад ксяндза. Сказаў, што калі і ён з намі, дык яму таямніцу споведзі парушыць, як дзіцёнка зрабіць, — лёгка.
І раптам на твары чалавека на экране Антось пабачыў усмешку, такую ясную, такую чалавечую ўсмешку, такую абазнаную і глыбокую і пагардлівую, што свет закруціўся перад яго вачыма.
Грузавік паехаў, і цела, інстынктыўна чапляючыся за край пляцоўкі нагамі, наўскос слізганула ў паветра, закачалася.
Звон, нясцерпны звон, пачынаючы з тонкага "ці-ці-ці" і канчаючы ўсеабдымным, жахлівым, не маючым меж, запаланіў усю істоту Доўгага.
Антось страціў прытомнасць.
Апрытомнеў ён на канапе. Галава ягоная была мокрай, і нехта торкаў да губ шклянку з віном, і пяшчотны голас спяваў над вухам:
— Вось і самлеў. Якія ж тонкія ў вас, мастакоў, нервы.
І мяккая рука гладзіла Антося па валасах.
— Нічога, дарагі, нічога…
Адчуваючы, што ён зараз наробіць страшнае, Антось прыўзняўся, сеў, павольна стаў на дрыжачыя ногі. Самым лёгкім было стукнуць чымсьці гаспадара па галаве.
Але Доўгі сказаў:
— Мне вельмі дрэнна. Я — дадому.
— Добра, любанькі, добра. Пажывіце яшчэ дні з два ў вашай халупе, а пасля ў вас будзе ўсё-ўсё патрэбнае.
І аксамітны кот раптам афіцыяльна выпрастаўся.
— За доказ шчырай, патрыятычнай, высокаперакананай лаяльнасці імперыя і Вайсрутэнія дзякуюць вам. Я асабіста абяцаю, што буду патрабаваць ад фюрэра высокай узнагароды для вас.
І ён паціснуў, як мяккімі падушачкамі, руку Антося, што безжыццёва вісела наўсцяж цела.
V
…Болыш жахлівай ночы Антосю не даводзілася перажываць у жыцці. Толькі на хвіліну з'яўляліся вартыя жалю апраўданні перад сабою: "я не ведаў", "ён так падазрона выглядаў", "акцэнт", "афіцэры чакалі", а потым памяць падсоўвала гэта непрыемнае, але такое чалавечае аблічча, чыстае, знявечанае, асветленае ўсмешкай, якая з'яўлялася на тварах тых людзей, што многа пакутавалі, а зараз бачаць перад сабою вялікае Невядомае.
"Як я мог так легкаважна аддаць яго ў рукі ворагу? Якое права меў я судзіць яго? Якое людзі, наогул, маюць права судзіць тых, што не горшыя за іх".
Ён гойсаў па пакоі як шалёны. І было яму цяжка, нясцерпна. Вось тут ён сядзеў, тут ён разглядаў гэтыя праклятыя эскізы, тут выпіў шклянку вады. Як можна было так лёгка паверыць, так лёгка паверыць?! Выдаць гэтую кашчавую, такую слабую і пяшчотную, такую кволую чалавечую істоту ў рукі агню і жалезу. І які гэта быў чалавек! І зараз немагчыма, зусім немагчыма апраўдаць сябе. Пойдзеш да партызан — расстраляюць і будуць мець рацыю. Аксамітны кот дзякаваў яму, паціскаў руку, абяцаў высокую ўзнагароду. О-ох!
…Пад раніцу Антося зваліў цяжкі сон. Снілася яму, што ён ідзе па пустэчы, што зарасла сіўцом… I сівец гэты спявае пад ветрам "ці-ці-ці" якраз так, як тады, у доме аксамітнага ката, калі знікала прытомнасць. Пасля пачалі спяваць галасы, і спявалі па-райску, пранікнёна, без слоў. І былі хаты, і хаты гэтыя палалі, і спевы даляталі стуль. І палаў кожны хмыз, як неапалімая купіна.
— Што яны робяць? — спытаў Антось.
— Хіба ты не бачыш? — сказаў нехта без твару. — Яны паляць сябе. Гар. А ты не пойдзеш з імі?
Сэрца Антося споўнілася пякучым салодкім болем. Быць зараз разам з гэтымі, адчуваць, як агонь цалуе цела! Ён жадаў гэтага, як абдоймаў жанчыны.
І ён пабег туды, да іх. Ён бег адчайдушна, шалёна, але гар аддаляўся і аддаляўся, і ўжо недзе далёка-далёка спявалі пяшчотныя галасы.
"Што гэта я, — падумаў у сне Антось, — нашто мне гарэць?"
А слёзы так і цяклі ў яго з вачэй. Ён мог пагарджаць гэтымі людзьмі, мог многіх лічыць тупымі, але гарэць ён павінен быў разам з імі.
I тут поруч з ім спыніўся чалавек з белым, як смятана, тварам, тоўстымі вуснамі і мітуслівымі рухамі.
— Ты жывы? — здзівіўся Антось.
— Жывы, — чалавек падміргнуў, — толькі ты прымусіў мяне есці мышэй.
Чалавечак спаймаў мыш, і хутка толькі хвосцік варушыўся ў ягоным роце.
— Я жывы. А ты мёртвы. Хіба ты не бачыш? Усе мёртвыя жывыя, і ўсе жывыя — мёртвыя. І так будзе. Гэта я табе кажу — я.
І Доўгі з жахам пабачыў, што ён сапраўды мёртвы і паўз яго, па ворыве, да блякла-жоўтай стужкі зары ідуць людзі. Яны ішлі моўчкі, трымаючы на руках дзяцей і вартую жалю зброю: дзедаўскія стрэльбы, бязмены, косы. Яны маўчалі, але з зямлі пад імі плыў невыразны гул: