Вход/Регистрация
Госць прыходзіць на золкім світанні
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

— Мы ідзем. Мы ідзем. Мы загінулі за гэту зямлю. Мы ідзем. І вінныя былі шкодныя начальнікі, злосныя ворагі, хцівыя сябры. Мы ідзем. І голад, і праца, і прыгнёт, і хлусня. Мы ідзем — мы ідзем.

Яны ішлі, і ніхто з іх не глядзеў на яго, Антося, бо твараў у іх не было. Але Антось ведаў, што яны ёсць, толькі не для яго.

— Братка, — сказаў начны госць, з'явіўшыся ў паветры, — братка, нашто ты мяне прадаў?

Антось так горка, так па-дзіцячаму заплакаў у сне, што сон адразу адляцеў прэч. Ледзь пачынала днець. Золкі, паршывы ранак сачыўся ў пакой. У дзверы нехта асцярожна скроб пальцам.

За дзвярыма стаяў служачы ўправы. Рука на сэрцы, усмешка да вушэй.

— Прабачце, пане Антось, я думаў, што вам гэта будзе прыемна, і прыхапіў газетку… нават дзве. Дазвольце падзякаваць вам.

Антось моўчкі ўзяў газеты. З абедзвюх глянуў на яго сам ён, Антось, з шырокай, белазубай, нявіннай, вясёлай і яснай усмешкай.

Першая газета была саліднай. Строгія чорныя літары:

"Патрыятычны ўчынак аднаго з лепшых мастакоў Еўропы".

Другая называлася "У штыкі". Там партрэт Антося быў змешчаны поруч з карыкатурай на Сталіна, які ляжаў у халаце на томе канстытуцыі, паставіўшы поруч начнік.

Ніжэй інфармацыі было змешчана "Інтэрв'ю", з якога вынікала, што Антось лічыць лепшымі мастакамі на свеце Гойю і сябе, што ён захапляецца цірольскімі пейзажамі фюрэра і хоча праз газету выказаць яму сваё захапленне, што беларусаў ён лічыць германскай расай, якая калісьці абславянілася, што яму падабаецца тып нямецкай жанчыны і ён зусім не лічыць яе нагу занадта вялікай, што ён жанаты (Уладзя! Дзеці! Што вы будзеце думаць пра мяне, што з вамі будзе?), што ён выявіў жаданне ісці на фронт, але яму адмовілі: мастакі патрэбныя дзяржаве не менш, чым салдаты.

Ён не памятаў, колькі ён сядзеў над пакамечанымі газетамі. Зноў стук у дзверы. Зноў сусед.

— Пане Антось, хутчэй да нас. Пра вас будзе казаць радыё.

Антось пайшоў. Ён вырашыў піць прыніжэнне да дна. Сям'я служачага не ведала, куды яго пасадзіць. Прысунулі да прыёмніка фатэль, паклалі ў вазачку цягучага янтарнага варэння, сунулі ў руку шклянку з чаем. І ўсё заглядалі ў рот.

Антось трымаў шклянку ў паветры, не адчуваючы, што пальцам горача.

— Увага, увага, — гулліва сказаў прыемны мужчынскі голас, — ідучы насустрач пажаданням слухачоў, наш карэспандэнт наведаў сёння майстэрню пана Доўгага. Але перш чым даць месца ля мікрафона нашаму вялікаму мастаку і, як выявілася, герою і патрыёту — мы павінны расказаць вам пра падзеі той ночы…

— Вас запісалі, дарагі пане Доўгі? — з захапленнем спытала малодшая дачка.

Нас сустракае яшчэ даволі малады і вельмі сімпатычны гаспадар майстэрні. У яго хударлявы твар, шырокія чорныя бровы і прыгожы разрэз вачэй.

— Пане Доўгі, якія думкі былі ў вас у тую хвіліну, калі вы выконвалі ваш подзвіг?

— Гм, — адкашляўся голас, — уласна кажучы, ніякіх. Але я цвёрда ведаў, хто мой вораг. Я адмовіўся ехаць у эвакуацыю, маё месца было тут. Я нічога не сказаў жонцы. Я ведаў, што яна добры чалавек, але ў нас нельга было спадзявацца нават на ўласных дзяцей.

Доўгі выпусціў шклянку на падлогу. Ён сядзеў аглушаны. А фальшыўка ішла далей, і нехта казаў за яго брыдоту і подласць. І нельга было крычаць, што гэта хлусня. І з кожным словам Доўгі ставаў усё больш самотны на свеце.

— Я хацеў сам знішчыць гэтага чалавека, але падумаў, што згіне з ім разам і яго таямніца. Ён быў мой вораг, вораг маёй бацькаўшчыны, маёй ідэі, за якую я хацеў бы загінуць, вораг правадыра, на якога я малюся… Не хваліце мяне, я толькі выконваў абавязак.

Доўгі анямеў. Яго забівалі гэтай няспешнай, чыннай размовай, такой спакойнай, хоць вялася яна пра жыццё чалавечае, якое згасла два дні таму.

— Пане Доўгі, можа, вы падзеліцеся з намі вашымі планамі? Што вы зараз пішаце?

— Планаў у мяне шмат, — забубнеў як у бочку Антосеў двайнік, — мне як мастаку трэба адлюстроўваць новае жыццё, што прыйшло на маю зямлю. Хацелася б напісаць у маёй новай майстэрні каля Берліна, якую дае мне бацькоўскі клопат, партрэт самага вялікага чалавека нашых дзён. Але я не збіраюся кідаць сваёй зямлі. Ачуняўшы ад хваробы, я збіраюся жыць тут, разам з маім народам.

— Дзякуй вам, пан Доўгі, — заспяваў голас. — Да пабачэння.

— Да пабачэння.

Белы, як хустка, Антось рушыў да дзвярэй. Яго паспрабавалі спыніць, але ён глянуў на сямейку каламутнымі ад ярасці вачыма:

— Ну! Эх вы, скатафагі.

Як яму прыйшла на думку гэта брыдкая грэчаская лаянка, ён і сам не ведаў.

…Кроў тукала ў скроні. Думкі мяшаліся.

"Што рабіць? Што рабіць? Хто паверыць, хто яго прыме зараз? Хто не плюне ў яго бок? Ён, як Каін, на гэтай зямлі абылганы, брудны, біты каменнямі. Што будзе, калі даведаюцца? Аднялі яго імя, сумленне, гонар мастака. Усё аднялі. Хлусня, хлусня ў свеце. Уладзя, дзеці!

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: