Вход/Регистрация
Госць прыходзіць на золкім світанні
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Знаёма падскочыў угару ствол пісталета. Чалавек схапіўся далонню за рот, пахістаўся на нагах, стаў на калені.

"Хацеў мяне паставіць, — злосна падумаў Антось, — стой зараз сам".

Стрэліў другі раз, трэці. Пасля асцярожна падпоўз да лесвіцы і, намацаўшы нагамі прыступак, саслізнуў па шчэбні, хапаючыся рукамі за ўцалелыя прыступкі, каб прытармазіць рух.

Павіснуў на руках. Саскочыў. 3-за рога будынка паспеў заўважыць, што ланцуг зялёных фігурак размыкаецца налева, імкнучыся, відаць, адцясніць яго на роўны пляц былой кірмашнай плошчы.

"Эге, — падумаў ён грубавата, — таксама, відаць, не нагою смаркаецеся".

Ён перабег за кут дома, стрэліў яшчэ тры разы (нехта ўпаў, але Антось не ведаў, забіў ён яго ці проста прымусіў легчы). Пасля намеціў у пяцідзесяці кроках ад сябе вялізны мур, які адзін толькі і застаўся ад былога будынка, і пабег да яго. За спіною адразу захлопалі стрэлы, але Антось ведаў, што ворагі занадта блізка і таму ім цяжка трапіць у яго, калі ён пятляе. У яго быў яшчэ адзін козыр: яны не ведалі так каменных джунгляў Старога Места, як ён. Таму на палове дарогі ён ускочыў у купу бітай цэглы і, калі трэснуў стрэл, сагнуўся ў спіне і як нырнуў за нагрувашчаныя каменні.

Калі аблава, пастрэльваючы зрэдку ў напрамку купы, дабралася да яе — за купаю выявілася сточная канава, якая вяла да вялізнага мура. Абзадачаныя гэтым, але не вельмі раззлаваныя (уцякач бег якраз на другі ланцуг, які чакаў яго на Зялёнай вуліцы), яны рушылі следам.

У тую ж хвіліну з боку мура шчоўкнуў стрэл. Пасля другі. Трэці.

Наступныя стрэлы заглушыў тупат людзей, якія беглі на стрэлы, паліваючы мур агнём.

— Брудэр. Брудэр. Брудэр, — стагнаў нехта пад нагамі.

Але ў гэты момант людзі забыліся на законы камрадства. Гэта было несумненна з боку аднаго бандыта — так затрымліваць усіх, прымушаць усіх плаціць смерці такі страшны падатак.

Запахла мясам.

А Антось, ведаючы, што яго якраз выратуюць толькі ногі, бег, пад аховаю мура, якраз туды, дзе чакаў другі ланцуг. У горле рэзала, пот заліваў вочы.

Метраў за дваццаць да прыроднага спуску на Зялёную вуліцу ён нырнуў у нейкую нару, прапоўз пад каменнымі брыламі некалькі крокаў і з цяжкасцю адсунуў убок чыгунную крышку люка.

Гэта быў сцёк, па якім калісь спускалі розную дрэнь у ваду рэчкі, забранай у трубу.

Хутка Доўгі цягнуўся па калена ў вадзе ў напрамку свайго сховішча. Вылез ён праз другі люк, метраў праз пяцьсот, сеў на ўзгорку за ўламкам сцяны і з насалодаю сачыў, як збліжаліся ланцугі салдат, як узнікла мітусніна і пачалі гучна біць аўтаматы па ўсіх магчымых напрамках яго ўцёку.

Х

3 ліста генеральнага камісара Беларусі жонцы гэбітскамісара Люцыі Вестфаль

"Дарагая мая! Вы ведаеце ўжо аб страшным удары, які спасцігнуў вас і мяне. Я плачу з вамі, мілая мая, харошая мая жанчына, добры мой друг. Я ведаю: толькі любоў да нямецкай радзімы, да нас, асірацелых з уходам Карла, падтрымае нас у жыцці. Плачу і я з вамі. Трэці дзень у мяне мокрыя вочы… Магчыма, вам будзе цікава ведаць, як гэта здарылася? Карл ехаў ад мяне (вы ведаеце, што апошні час адзіным суцяшэннем маім і яго былі размовы пра мастацтва — яно вечнае, яно адно жывое сярод усёй мярзоты, што чыніцца вакол). Гэта было 3 снежня, у адзінаццаць гадзін вечара. Чысты, нявінны, белы быў снег. Хто мог думаць, што такой ноччу скарыстаецца чалавек, у душы якога не было нічога чалавечага, падступны, подлы бандзюк, — хто мог думаць, што ён скарыстаецца такой ноччу для выканання сваіх подлых намераў? Што яму зрабіў Карл з яго крыштальнай душой? Дарагая мая, мужайцеся! Калі Карл выходзіў з машыны перад пад'ездам — той нягоднік стрэлам, з адлегласці ў пяцьдзесят крокаў, паклаў яго на месцы. Дрот вакол асабняка быў у адным месцы загадзя перарэзаны — злачынец знік.

Мы ведаем яго імя, твар, выгляд. І падумаць толькі, што я яго бачыў раней зусім поруч з сабою і не забіў! Падумаць толькі, што ён, ледзь пазбегшы аблавы за чатыры дні да гэтага, возьмецца за сваё.

Любая мая, верны мой друг, мы схібілі, нічога не зробіш, але я клянуся перад святой памяццю Карла, перад вашымі гожымі вачыма, што зараз слепнуць ад слёз, перад маёй павагай да вас і перад маім абавязкам салдата, што ён не доўга будзе жыць на зямлі. Я падыму паліцыю, разведвальную службу — усё, усё. Верце мне, яго возьмуць, вы пабачыце яго і я зраблю з ім усё, чаго вы захочаце.

Цалую вашы пальчыкі. Будзьце мужнымі дзеля дзяцей і… дзеля мяне".

XI

Антось засынаў і прачынаўся ад холаду ў гэту снежаньскую ноч. Сон быў кароткі, няпэўны, страшны. Ён думаў нават, што цяплей было б у нейкай сцечнай трубе, чым тут, дзе дзьмуў са шчылін вецер, навяваючы сухі, як пясок, халодны снег. Не дапамагаў лямец, у дзве рэдзі падкладзены пад спіну, кажух і стары палітон, якімі ён накрываўся. Сховы яго былі ў самым густым лабірынце каменных каробак. Ён адшукаў гэта месца яшчэ пад час бадзянняў па горадзе: вялікі пяціпавярховы гмах, абкружаны гіжэйшымі будынкамі. Усе яны свяціліся наскрозь, усе былі завалены брыламі камення, уламкамі бетонных пліт, пакарабачанай бляхай, блытанінай арматуры.

І ніхто не мог заўважыць, што адзін пакой на чацвёртым паверсе застаўся амаль цэлым, што ўсходы праходзяць зусім ля яго (прайсці па карнізе якіх пяць крокаў і ўлезці ў акенца былой спіжарні), што адсюль лепяцца ўверх уламкі вінтавых усходаў на гару, якая засталася цэлай (пажартаваў агонь) і адкуль быў добры агляд.

Ніхто не мог заўважыць таму, што акенца выходзіла не на суседнія будынкі, а ў вузкі, падобны на калодзеж, унутраны двор будынка.

Тут і ўладзіў Доўгі свой барлог: прыцягнуў мізэрныя прыпасы, кажух, палітон, лямец, але галоўнае — тры гранаты, адбіты кулямёт з бляшанкамі, аўтамат і пісталет. Шчыліны ў сценках так-сяк заторкнуў анучамі.

Тут і адседжваўся ён ужо шосты дзень пасля забойства гэбітскамісара. Выходзіць было небяспечна — немцы пачалі вельмі сцерагчыся. Трэба было пачакаць і пасля, калі падумаюць, што ён пакінуў горад, выйсці на сваю апошнюю справу: дабрацца неяк да аксамітнага ката і скруціць яму вусы. Можа, хоць тады пакіне яго пякучы боль сумлення, такога хворага і пакутнага, можа, хоць тады супакоіцца ў магіле чалавек з непрыемным азызлым тварам, якога ён аддаў на пакуты і смерць.

Проста перад вачыма, праз часткова зашклёную ім дзірку ў сцяне, Антось бачыў, як на пятым паверсе пагойдваецца на ўламку арматуры дзіцячы ложачак. Думкі былі ліхаманкавымі, хворымі:

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: