Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
Шрифт:
— Ніхто мне нічога не перадаваў, — раззлаваўся Антось. — Ніякога чалавека я не ведаю. Што за лухта!
— Ціха, ціха, пане Антось. Гэты чалавек — ваш знаёмы, з партызанскага атрада. Яго завуць Васіль Лабацэвіч. Ён таксама мастак.
У адказ Антось апусціў папяровую штору і запаліў нямецкі парафінавы каганец.
— Хадзем за мною, — сказаў ён спакойна. — Я ведаю Лабацэвіча. Сядайце тут.
Калі магчыма падзяліць людзей на групы, то начны госць Доўгага ўвайшоў бы ў групу "мітуслівых". Ён мітусіўся, нават седзячы на месцы. Не паспеў ён сесці, як адразу ўскочыў і падбег да эскізаў:
— Авой, якія сабакі! Гэта тут, у руінах? Так? А гэта! Ай-я-яй, якія брылы вісяць. Як цікава! Гэта дзе? Гэта на месцы оперы? Так-так. А Хрыстос, бацюхны мае, які! Гэта іх расстрэльваюць? I ён з імі? А гэта дзе?.. Так-так.
Яго бялявае, як смятана, аблічча аж маслілася ад задавальнення. Тоўстыя вусны прыцмоквалі. Антосю даводзілася бачыць на даваеннай сцэне артыстаў, якія дрэнна ведалі беларускую мову, а ігралі кандовых сялян у "Паўлінцы" і ў "Салаўі". Гэты быў падобны на іх і таму зусім не сімпатычны тып. Ён, як яны, падкрэслена "дзэкаў", але "у" кароткае яму не давалася, і замест яго вымаўляў нешта падобнае на польскае "l". Нягледзячы на някепскі запас слоў і падкрэсленую літаратурнасць вымаўлення — чужы, неўласцівы беларускаму чалавеку акцэнт адчуваўся ў яго мове, адчуваўся глыбока-глыбока. I ён падкрэслена жагнаўся пяццю пальцамі, што было зусім ненатуральна ў сорак першым годзе, калі не жагнаўся амаль ніхто, акрамя бабуль, а імя Божае вымаўлялі ўжо хіба толькі ў складанай мацернай лаянцы.
Нарэшце ён супакоіўся, сеў. Хітра бліснулі яго шырокія вочы.
— А я чуў, што вы кінулі працаваць. Аж вы унь колькі нарабілі. Давядзецца і гэта ўзяць з сабою.
— Куды? — непаразумела спытаў Доўгі.
— У партызанскі атрад… разам з вамі. Мяне прыслалі па вас. Я думаю, вы даўно хацелі гэтага? Ёсць спецыяльная пастанова нашай партыйнай ячэйкі, каб вывезці славутага мастака і даць яму магчымасць пісаць.
Антось неяк падсвядома адзначыў у памяці архаічнае, састарэлае слова "ячэйка", але яго цікавіла зусім другое. Ён не адказаў на запытанне, ён спытаў сам:
— А куды ж падзеўся Лабацэвіч?
Чалавек пачухаў патыліцу:
— I д'ябла яго ведае. Тыдзень таму даслалі яго ў горад. Няўжо ён не прыйшоў? Х-ах, як непрыемна!
— А ён да гэтага ў атрадзе быў?
— Ну як жа ж. Вядома. Такі добры хлопец.
— Гэта які Лабацэвіч, — рэзка спытаў Антось, — гэта той, тоўсты?
— Угу.
— I з чорнымі вачыма?
— А чаму вас гэта так цікавіць? — насцярожана бліснуў на Антося вачыма чалавек. — Вы лепей павінны ведаць. Я… мала ведаю тое падраздзяленне, адкуль ён быў. Я… амаль не ведаю яго ў твар.
— Добра, — халодна сказаў Антось.
У гэтую хвіліну ён ужо ведаў, што яго хочуць зрабіць ахвярай нахабнай і бессаромнай правакацыі. I не таму, што ў слове гэтага чалавека выразна адчуваўся чужы, нямецкі — так, нямецкі, ён цяпер быў упэўнены ў гэтым, — акцэнт, і не таму, што ён прыйшоў з нейкім дурным паролем, і не таму, што чалавек гэты быў маласімпатычны і верз лухту, і нават не таму, што ён так натуральна жагнаўся.
Ён быў упэўнены ў гэтым таму, што Лабацэвіча ён, Антось, сам выправіў разам з сям'ёю ў тыл, таму, што Лабацэвіч паспяхова дабраўся да Масквы, таму, што Лабацэвіч хварэў на сухоты і на вайну яго ўзяць не маглі. А гэты ёлуп, не разабраўшыся добра, не ведаючы нават аблічча Васіля, імем маладога друга, правацыраваць яго, Антося? Не, любы, партызан знойдзем без дапамогі гестапа.
Васіль, Васіль, малады дружа, такі лабасты, такі кучаравы — цудоўны лірык, лепшы пейзажыст рэспублікі, у якую брудную кашу яны хочуць затаўчы тваё імя?
На хвіліну Антось раззлаваўся, як заўсёды злуецца разумны чалавек, калі яго лічаць за дурня і імкнуцца, зусім па-дзіцячы, падлавіць на пусты кручок.
"Не маглі прыслаць лепшага правакатара, — злосна падумаў ён. — Каб мову ведаў добра, каб разбіраўся ў душы людзей гэтай зямлі, каб ведаў нашы звычаі. Такому дурню толькі дурань і можа паверыць. I вярзе адну лухту".
Але ўжо ў наступную хвіліну ён зразумеў недарэчнасць сваёй злосці і замест яе з'явіўся роздум: што рабіць зараз, як выкруціцца з непрыемнага становішча. Згадзіцца — у вокамгненне апынешся разам з карцінамі ў адным вельмі непрыемным асабняку, а адтуль прамы шлях па гасцінцы, за драты.
I гэта не раней, як знявечаць у вышэйпамянёным будынку. Або нават проста будзеш боўтацца ў кажамякі на шастку перад гістарычным будынкам ратушы. Прагнаць з кватэры — усё адно канец. Гэта правакацыя, ім трэба ўтапіць яго, а для гэтага прычына падыходзіць. Гэты мярзотнік, што засяроджана глядзіць на "Модлы руін", проста адсюль накіруецца ў той самы будынак, і праз гадзіну Антося пацягнуць да Ісуса за тое, што ён, Антось, не данёс на "партызана", які прыходзіў да яго і якога нібыта прасачылі да самых дзвярэй. Трэба ўцякаць. Але часу на гэта і на тое, каб схаваць карціны, яму не дадуць. Як выгадаць час, хоць адны суткі?
Твар Антося, грубаваты і кашчавы, з вельмі густымі і чорнымі бровамі, быў непарушальна-абыякавы, і толькі па дрыжачым левым павеку можна было здагадацца, якая цяжкая дума мучае яго.
— Ці нельга будзе даць дзень адтэрміноўкі? — спытаў ён. — Я павінен зрабіць тое-сёе.
— Нельга, — з незразумелай, настойлівай ласкавасцю сказаў чалавек, — у нас няма часу.
— Та-ак, — працягнуў Антось. Ён ведаў: адтэрміноўкі не будзе.
А чалавек раптам спытаў:
— Вы не ведаеце часам, ці не застаўся ў горадзе яшчэ нехта з мастакоў, каму патрэбна дапамагчы? Іх так цяжка адшукаць.