Вход/Регистрация
Госць прыходзіць на золкім світанні
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

— Я ведаў яго, — годна сказаў Антось, — гэта быў надзвычай таленавіты чалавек.

— І такі малады. Шкада. Ён кінуў гранату "Ф-1", яна адна пры ім і была. Узялі яго параненага і сплываючага крывёй. Памёр у шпіталі, і не ад ран, а ад кровахаркання. Скрыў ад начальства, што ў яго сухоты… У многіх славян незразумелыя душы. За што яму было паміраць? За камісараў?

Спрачацца з ім было марнай справай, і таму Антось сказаў толькі:

— А можа, проста за радзіму.

— Магчыма, — згадзіўся гаспадар, — але ж вы таксама любіце сваю радзіму. А самі зрабілі зусім не так, як той. Вышэйшай дабрачыннасцю народа і асобы заўсёды было: падкарацца. Так у вас, так і ў нас. Усё гэта дастаткова брыдка, але ў нас лепей. У нас асоба мае перад сабою большы абшар. — Антось ад раптоўнай здагадкі абліўся халодным ліпкім потам. Ягоны госць таксама казаў нешта пра прыход да яго Васіля Лабацэвіча. Няўжо?!

Як з туману даплылі да яго словы аксамітнага ката:

— Вы вярнулі мне веру… вы добра зрабілі, што перадалі ўладам гэтага чалавека, які з'явіўся да вас. Заўзяты нягоднік. Сам ён беларус з Латгаліі, нават чыста размаўляць па-беларуску не можа, жыў да саракавога года пад эгідай Ульманіса, а такая, бачыце, цаца, крычыць пра Беларусь, пра крумкачоў, якія катуюць яе. Галоўны крумкач горада і вобласці, відаць, я. А які я крумкач? Я хутчэй на маржа падобны.

Памаўчаў і прыбавіў:

— I, галоўнае, у Бога верыць. Шчыры каталік. Я раней думаў, што яны, акрамя Бога, нічога не заўважаюць. А цяпер бачу, што іхні езуітызм штука вельмі шырокая. І камуністы сярод іх ёсць і нашы.

— Вашы хлопцы малайцы, — сказаў раптам Антось, — узялі яго спрытна.

Думкі яго мітусіліся. Гучна стукала ў скроні кроў, і ён сказаў гэта толькі, каб сказаць нешта, каб была адтэрміноўка, каб сабрацца з думкамі.

Аксамітны кот усміхнуўся сваім думкам.

— Дарэчы, яны на вас трохі злуюцца: вы сапсавалі ім астатак ночы. Скажу вам па сакрэту: у вашага суседа ёсць тры цудоўныя дачкі, і яны м-м… з некаторай прыхільнасцю прымаюць залёты чароўных маладых шалапутаў. Гэтыя вісусы якраз чакалі з машынаю, пакуль птушкі вылетуць з гняздзечка. Тут вы і сапсавалі ім усю музыку.

У Антося пабеглі па спіне мурашкі, сцюдзёны холад папоўз аднекуль з грудзей у ніз жывата і застаўся там, пакутлівы і страшны.

— Што зрабілі з гэтым чалавекам? — здранцвелымі вуснамі спытаў ён.

— Павесілі, — спакойна сказаў гаспадар і прыбавіў: — На жаль, ён маўчаў, як рыба. Вам трэба было згадзіцца пайсці з ім, каб пасля ўсіх вымесці пад мятлу. Але я вас не вінавачу. Калі сумленнаму і гарачаму чалавеку прапаноўваць такое — ён дае волю першаму імпульсу.

І раптам пажвавеў, захапіўшыся нейкай ідэяй.

— А мы зробім вось што. Мой Гельмут вялікі аматар кіно. Сам робіць здымкі. Я яшчэ папікнуў яго, што ён здымае найбольш узрушваючыя сцэны гэтага допыту. Цяпер бачу, што дарэмна. Пройдзем да яго, гэта тут, поруч.

І ласкавым старэчым рухам узяў Доўгага пад руку.

Пакуль афіцэр з асабістай аховы рыхтаваў усе прылады, пакуль расцягвалі на сцяне палатно, Доўгі сядзеў з закрытымі вачыма і, толькі калі засакатаў апарат і да экрана пацягнуўся дымны конус святла, адкрыў іх. Ён глядзеў на экран з прагнасцю, ён хацеў упэўніцца ў тым, што ўсё гэта страшны сон, што яго правацыравалі.

І ён зноў пабачыў твар свайго старога знаёмага і заўважыў, што ён зусім не непрыемны. Звычайны пухлы вясковы твар. Такіх многа на поўначы Беларусі. Магчыма, новае ўражанне з'явілася ў яго сэрцы таму, што твар начнога госця быў асветлены нейкай дзіўнай унутранай годнасцю. А пяшчотны голас шаптаў над вухам Антося:

— Вось яго прывялі… На пытанні аб прозвішчы адказаў. Абазваў нас гогам і магогам і яшчэ казалупамі… А вось яшчэ…

Кадры былі цьмяныя, невыразныя. Антось бачыў, як бязгучна рухаліся вусны чалавека і тых, што яго дапытвалі. Усміхаюцца, ашчэрваюцца… Якога д'ябла ён здаўся яму несімпатычным? Хіба мала ёсць людзей, у якіх морда авечая, а душа чалавечая?.. Зноў бязгучна размаўляюць, зноў бязгучна крычаць… Гэта страшна, як у недарэчным сне. Матухна, ратуй мяне, няўжо я зрабіў непапраўнае!!!

— Хлопцы пагарачыліся. Але што рабіць? Такая агідная фанабэрыстая пагарда. Сказалі яму, як ён трапіў да нас, — толькі плюнуў. І з гэтага моманту зусім перастаў адказваць.

А перад Антосем плылі і плылі кадры, адзін агідней за другі. На працягу дваццаці хвілін на яго вачах з соннага цельпукаватага чалавека зрабілі тое, чаму не было назвы на чалавечай мове. Сціснуўшы зубы, каб не залаяць, Антось учапіўся рукамі ў крэсла. Божа мой, што з ім рабілі, што з ім толькі рабілі! І гэта была праўда, ён зараз ведаў гэта. І хваля агіды да сябе, такое агіды, што страшней за смерць, заліла ўсю істоту Доўгага.

— Бачыце, нічога не дабіліся. Вырашылі спісаць. І чаго, дурань такі, лез на ражон? Што даказаў?

Антось пабачыў грузавік пад шыбеніцай, пасля — буйным планам — твар чалавека, знявечаны, але абмыты дзеля такой прыгоды ад крыві. І вакол людзі, прыстойныя, рэспектабельныя людзі. Шмат нядрэнных на твар. Няўжо яны не разумеюць, што тры тысячы год чалавек просіць аб адным: каб адчапіліся, каб далі яму магчымасць рабіць і есці хлеб, кахаць жанчын, расціць дзяцей. Не адчэпяцца. Хіба яны такія?!

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: