Шрифт:
I вось праз два гады ўсё гэта адгукнулася. Спачатку туберкулёзам левай рукі, пасля — нагі, на пачатку 900-х гадоў — лёгкіх і ўрэшце нырак і страўніка. А там прыйшла і заўчасная смерць. Пасля жыцця, праведзенага ў нялюдскіх — не на аднаго чалавека — пакутах. Таму і ў школе не была, а вучылася толькі ў прыватных настаўнікаў. Хоць тут магчымае і другое тлумачэнне: маці, напрыклад, казала, што ўсё гэта было не столькі праз хваробу, колькі таму, што яна, маці, баялася, каб казённая школа не разбурыла дзіцяці мову, характар, погляды.
Як бы там ні было, але дзіця гэта было навучана нямецкай, французскай, грэчаскай, лацінскай мовам, а пасля сама вывучыла польскую, італьянскую, англійскую, балгарскую і іспанскую. А што ж?! Сям'я была культурная, таленавітая, цікаўная да ведаў. Брат Міхась — а было яму тады год дзесяць — аднойчы нават перамог у спрэчцы вядомага гісторыка Ілавайскага, аўтара гімназічных падручнікаў па гісторыі. Давёў яму, што адно пытанне з гісторыі Чырвонай Русі княскіх часоў той недастаткова ведае і таму разумее не так.
— Дока растет, — сказаў ашаломлены гісторык.
— Не то что дока, а очень люблю читать книги по истории Украины, — спакойна і сціпла адказаў Міша.
Дзіўна, што ў такіх умовах вырас усё ж чалавек, патрэбай якога было не толькі выслоўлівацца, але і дзейнічаць.
Жыццё — прыклад мужнасці. Ды яшчэ ў гэткіх абставінах, у ліпучых кайданах з гіпсу.
Як Франко, разбіты паралюшам. Як Гейнэ ў матрацнай магіле. Але гэтыя былі мужчыны.
Хаця… вядомы ў свой час прафесар Сапежка казаў: "У мяне пры такой аперацыі пацыенты-мужчыны "вядзьмедзем" равуць, а тут слабенькая кабета сціснула зубы і маўчыць".
У гэтых кайданах, у якія яе перыядычна закоўвалі, яна няўтомна працуе і робіцца дасканалай паэтэсай, драматургам, празаікам, цікавым і (што куды цяжэй, і мы пераконваемся ў гэтым на кожным кроку) бездакорна праўдзівым і справядлівым крытыкам і публіцыстам, значным гісторыкам, этнографам, фалькларыстам, музыказнаўцам.
Музыцы яна вучыцца ў жонкі Міколы Лысенкі, вялікага кампазітара. I вучыцца так, што каб не хвароба рукі, то — яна сама казала пра гэта, — магчыма, пераключылася б галоўным чынам на музыку. I, можа, там яе здольнасці выявіліся б не меншыя, чым у паэзіі. Грала яна, між іншым, і свае творы, і імправізацыі, на жаль, не запісаныя.
У 18 гадоў яна склала дзеля сястры курс "Старажытнай гісторыі ўсходніх народаў": першабытныя людзі, свет, вядомы ім, індусы, мідзяне і персы, егіпцяне, асірыйцы і вавіланяне, фінікійцы, ізраэліты — вось яго раздзелы. Вось адкуль яшчэ вядзецца яе цікавасць да ўсходу, вось адкуль пайшлі "ўсходнія" сюжэты многіх п'ес і вершаў.
Яна перакладала сацыялістычныя брашуры, сама пісала іх па-ўкраінску або рабіла прадмовы да чужых.
Яна дзейнічала. Заслужыла добрую памяць калодзежанскіх сялян, якія ўспаміналі яе дабром аж праз шэсцьдзесят год, паверце мне. А вока на добрых людзей у простага люду вострае. Сялянка Варвара Дзмітрук, напрыклад, сярод усіх шматлікіх у тыя гады наведнікаў панскага дому ўспомніла праз 50 год "мужа, жонку і іхніх дзяцей з Львова". А гэта быў Франко з сям'ёй.
Яна змагалася на эпідэміі тыфусу. Арганізатарскай дзейнасцю і грашыма бязмерна многа памагла сялянам у неўраджайны, смяротна галодны 1891 год.
Будучы пасля смерці бацькі (а крыніцаю сродкаў была служба) чалавекам вельмі небагатым, каб не сказаць недастатным, яна, нібы ад імя невядомага дабрадзея, усё ж на свае грошы арганізавала фальклорную экспедыцыю 1908 года на Палтаўшчыну. 3 новымі тады фанографамі. Кіраўніком экспедыцыі быў выдатны музыказнаўца, фалькларыст і кампазітар Філарэт Калеса. Перад ім была пастаўлена адна задача: толькі думы і гістарычныя песні. I ў гэтым была свядомая мэта. Кожная іншая песня магла пачакаць — думы выміралі ўжо тады. А так яшчэ жылі славутыя Міхайла Краўчанка і Гнат Ганчарэнка. Нельга было адхіляцца. Было мала часу і грошай. Трэба было хоць бы на гектографе выдаць сабранае ці ў таннай літаграфіі, хоць бы рэпертуар аднаго Краўчанкі, хоць бы ў самай абмежаванай колькасці экземпляраў.
Сабрана было… два тамы. Да выдання другога Леся не дажыла. Але гэта таксама помнік ёй, вялікай выратавальніцы скарбаў.
А колькі пакут трэба было перанесці ў працэсе гэтага подзвігу, колькі звычайных для "вялікай гісторыі" зневажанняў годнасці чалавечай, колькі паганых "жандарскіх ласкавасцяў"!
Ганчарэнку, напрыклад, спяваць забараняла паліцыя, і ён, пераехаўшы жыць у Севастопаль, да сына-рабочага, ніколі не насіў з сабою бандуры. Калі ён прыехаў да паэтэсы ў Ялту, на запісы, паліцыя на прыстані ўсё ж прычапілася да яго, як да жабрака з недазволеным спосабам прашэння (галадаць дазволена, працягваць руку — дазволены спосаб, а спяваць думы свайго народа — спосаб недазволены); толькі запэўненні паэтэсінай наймічкі, што ён не жабрак, што едзе ў госці да вядомых людзей, уратавала бандурыста ад бяды. А той нават не быў падобны на жабрака: прыстойная вопратка, годныя паводзіны, велічная постаць, тонкія артыстычныя пальцы; і не толькі не прымаў грошай, але і найменшай паслугі не прымаў дарма; быў артыстам, што паважаў сваю прафесію.
Словам — бог мой! — і там было не лепей, чым з беларускімі лірнікамі і дударамі. Царскія служкі знішчылі найбольш адметную, паэтычную, найбольш гістарычную з'яву быцця народнага.
Каму гэта трэба было?
Маці мая расказвае, што, калі яна настаўнічала, лірнікі часта праходзілі праз сяло, гралі па хатах, і яны, настаўніцы, таксама клікалі іх да сябе і дарылі, як усе, і слухалі: "Ой, спаў крумкач на магіле", і "Дароту", і "Цара Маркабруна", і "Трубу златакаваную", і "Язэпа Прыўкраснага", і "Равуць воды крывавыя", і журботную нашу "Сіротку". А я апошні раз чуў — і, магчыма, апошняга ў свеце — лірніка на кірмашы ў Оршы ці ў сорак сёмым, ці ў сорак восьмым годзе. I плакаў, як усе вакол; плакаў, можа, не столькі ад спеваў, колькі ад адчування, што прысутнічаю пры сконе чагосьці гонарнага і велічнага. Таго, што ў самыя клятыя і чорныя часы не давала згаснуць святому адчуванню, што мы гордыя і вялікія людзі, калі мы стварылі такое.