Шрифт:
Уявім сабе бясхмарнае жыццё каханай, жонкі, маці. Уся энергія, уся любоў, увесь боль пайшлі б туды. Мужчына ўсё ж менш залежыць ад гэтага, а для жанчын гэта многае, калі не ўсё. Колькі паэтэс чэзла і знікала вось так, у вершах аб каханні, міласці, ружовых дзетках.
Дадзена было ёй і вялікае каханне, і сябар-муж. Але найвялікшай любоўю асталася паэзія. I яшчэ вялікая Украіна, якая без гэтай паэзіі асірацела б у страшныя тыя дні. Дні ліхалецця, прыніжэнняў, заціскання роту. Дні хлусні і турмы, бізуна і плахі.
Калі я рыхтаваў да друку "Каласы пад сярпом тваім", рэдактар моцна пакрэмзаў у адным раздзеле прамову чарнасоценнага прафесара Руніна:
— Ну, браце, гэта ўжо занадта. Ты такія ўжо страшныя рэчы гаворыш. Гэта ўжо нават абразліва.
А я гэтых рэчаў не "гаварыў". Я толькі злёгку перафразаваў некаторыя месцы з кнігі Рыціха "Пакрыўджаны край". Што гаворыцца ў ёй пра беларусаў "з абліччам, не падобным да чалавечага, з нагамі ў выглядзе кола і незразумелай говоркай", якія "знікаюць канчаткова", — пра гэта і казаць няма чаго, тым больш што я пішу гэтыя радкі, даўно зніклы, а з фашызмам у пушчах ваявалі, відаць, таксама прывіды. Паслухаем, што ён кажа пра ўкраінцаў: "…З'яўленне… украінафільства, моцна цяпер падаграваемага аўстрыйскімі агентамі".
Гэта ён, відаць, пра Франко, Стафаніка і Кабылянскую.
"Гэтая справа, з грамадою Шаўчэнкі на чале, нейкай там операю Наталкі-Палтаўкі (адукаваны, новую кампазітарку падарыў Украіне!) і абмежаванай колькасцю фантазёраў, якія мяркуюць, што Маларосія, маларосы складаюць нешта асаблівае са сваёй нераспрацаванай гаворкаю і сваімі чумакамі…"
Вось так гаварыў высокаадукаваны дзяржаўны муж.
Гэта нам цяпер смешна. А людзям даводзілася жыць і дыхаць у такой прыбіральні і не спадзявацца на будучыню, бо "Расія можа жыць толькі з такім духам народа, як было пры царах Іаане ІІІ і Аляксеі Міхайлавічы".
Вось так…
Але досыць пра сумнае. Падамо і весялейшы прыклад. Пасля валуеўскага цыркуляра 1863 года і Эмскага ўказа Аляксандра II ад 1876 года ўжыванне ўкраінскай мовы зрабілася не толькі чымсьці падазроным, але нават злачынным. Забаронена было ў канцэртах спяваць нават нявінныя песні іначай, чым у перакладзе. На канцэрце Міколы Лысенкі ў першай палове 1864 года кіеўскае начальства, разглядаючы праграму, пастанавіла, каб тэксты песень пераклалі. Была ў тым канцэрце і такая песня:
Дощик, дощик капае дрібненько, Я ж думала, я ж думала, запорожець, ненько…Пераклад той песні зрабіла нейкая пані.
I вось выйшаў на сцэну вядомы выканаўца народнай песні Мікола Багданаў і заспяваў гэтую песню па-французску…
У зале выбухнуў несамавіты, навальнічны рогат.
I было з чаго.
Вось так… I хто б уступіўся за галодных і паняволеных, за радзіму, каб не Тарасаў цень, каб не Іван Франко, каб не гэтая слабенькая, кволая жанчына.
Яна ніколі не была абмежаваная. Яна ваявала не толькі супроць прыгнятальнікаў, але і супроць хутарскога беспардоннага "патрыятызму", які лёкайствуе перад моцнымі, ліжа ім рукі, кідаецца ад гучных лозунгаў да халуйства і спадзяецца на цемру народную як на адзіную надзею, што народ той будзе жыць. Супроць патрыятызму галушак і світак за патрыятызм адукаванай грамады, якая, вядома, і галушак не забыла, але дайшла да вышынь духу чалавечага, культуры чалавечай. Першых яшчэ можна было б трымаць у прыгоне, хоць бы трымаючы ў цемры. Другіх — ніколі.
Час прыніжэння таксама нараджае волатаў. I шчаслівы той люд, хто ў такія эпохі мае сілу нарадзіць. Нарадзіць абарону.
Я лічу, што і ў вонкавай яе "староннасці" не было вялікай бяды. Яна ведала мэту лепей за многіх, ведала шлях да яе і сродкі дасягнення гэтай мэты як ніхто. I, можа, нават лепей, што яна была пазбаўлена часам штодзённых сварак і спрэчак, грызні груповак, лаянкі народнікаў з Грушэўскім і Яфрэмавым, а тых яшчэ з кімсьці.
Ведала шлях і мэту. Спакойна і мужна рабіла сваю справу. I блаславеннем была тая "прымусовая бяздзейнасць", на якую яна так горка наракала.
Не яе справа была біцца. Яе справа была куць і сталіць зброю, якой, урэшце, перамогуць воіны яе народа, воіны ўсіх прыгнечаных зямлі, воіны, створаныя спецыяльна дзеля таго, каб перамагаць. Слова яе ўражала, нішчыла, біла — значыць, перамагала і яна.
Нездарма Нестар Гамбарашвілі, які кватараваў у іх, на пытанне, што прывезці паэтэсе з Грузіі, атрымаў адказ: "Востры кінжал, як эмблему для барацьбы з ненавісным ворагам". Нестар замовіў той кінжал у збраяра ў Горы і прывёз.
А між тым гэта жанчына з усімі адметнымі рысамі жаночай псіхалогіі, з адметнай, арыгінальна павернутай думкай і самой лагічнасцю. Досыць прыгадаць верш "Забыты цень…". Ва ўсіх песнях Дантэ пануе цень Беатрычэ, якую ён бачыў тры разы (і на трэці — у труне), якой ён збіраў у містычным лесе кветкі, мыў іх у водах пякельнага Стыкса, каб пасля ўскласці на раннюю магілу той, пра якую не забыў да смерці. I хто памятае Дантаву жонку, ад якой не асталося нават імя, але якая верным ценем ішла за правадыром "Італіі няшчаснай", дзяліла з ім горкі, жабрачы і цвёрды хлеб выгнання і закрыла яму вочы?
…бачу слёзы… Па тых слязах, як па расе жамчужнай, Прайшла ў краіну славы — Беатрычэ.Тут не толькі жаночы спосаб мыслення і жаночая душэўнасць, тут яшчэ і спагада адной жанчыны другой. Мы ведаем штуршок да напісання верша, прысвечанага Вользе Ліпскай, жонцы Лысенкі, якая не магла нават насіць імя мужа, бо ўлады не давалі яму дазволу на развод, жанчыны, праклятай родным бацькам за яе крок, жанчыны адданай і мужнай, якая ўсё сваё кароткае жыццё гераічна памагала кампазітару несці яго крыж, забыўшыся нават на свой не абы-які талент.