Шрифт:
Паэтэса, жанчына тая, знайшла ў сабе, аднак, тытанічную сілу. Бо сэрца і шчокі гарэлі ад сораму за люд так, што яна знайшла страшныя словы: славянін — раб.
…славянін 3 пакорай рукі склаў у кайданах папяровых Ды раз у раз паклоны нізка б'е Перад слупом, каронаю вянчаным… У крыві ўвесь, слязьмі твар заліло, Траістая нагайка цела крае, А ён сплятае, крадкама, сіло I брату пад нагамі раскладзе.Народ, як сляпое зроду дзіця, ніколі не бачыў сонца, за ворагаў ідзе ў агонь і ў ваду і павадыроў сваіх аддаў катам. I, аднак, хай мы рабы
Без сораму, без гонару — хай так! А хто ж складаў той строй ваякаў мужных, Якіх сабраў пад вольны сцяг Спартак?Тут і боль, тут і поўха народу-рабу, тут і вера ў яго.
Гэта якраз часы "Ламікаменя".
Вечны бой судзіцца гэтай жанчыне. Яна не толькі раніць, яна і атрымлівае раны. У 1897 годзе, якраз у год "Ламікаменя", яна пазнаёмілася ў Крыме з Сяргеем Мяржынскім, адным з арганізатараў "Кіеўскага саюза барацьбы за вызваленне рабочага класа", а таксама і адным з арганізатараў беларускіх сацыялістаў. Saxifraga нездарма расцвіла ў той год. Парасткі сяброўства і любові прабіліся праз камень.
Усе, хто ўспамінаў Мяржынскага, не маглі гаварыць пра яго без пачуцця найглыбейшай павагі і пяшчоты. Гавораць пра глухаваты далікатны голас, пра пяшчотны, матава-белы колер твару, чорныя валасы і вялікія бліскучыя сінія вочы пад густымі бровамі. Гавораць пра мяккасць і строгую сумленнасць характару, пра тонкае разуменне мастацтва, арганічную няздольнасць прычыняць людзям боль, яркасць гераічнай думкі, гарманічны, высокі эстэтызм і альтруістычную захопленасць.
Як і яна, прыўкрасны прадстаўнік пароды чалавечай. Як і яна, асуджаны хваробай на перадчасны скон. Вялікую несправядлівасць дапусціла з абодвума жыццё. Але добра, што дало ім хоць тры з паловай гады шчасця.
Маці памерла ад сухотаў. Сын успадчыў хваробу. Леся і ён, абое хворыя, вырашылі не жаніцца. Супроць іх былі і лёс і людзі. Яго сваякі і матка паэтэсы, што хваравіта раўнавала дачку і, калі тая была ў Мінску (Мяржынскі служыў у дзяржаўным кантролі Лібава-Роменскай чыгункі), ля ложка хворага друга, — лічыла гэта сямейным няшчасцем, якое трэба хаваць. А дачка ў гэты час крычыць у лісце да В. Кабылянскай: "Калі падумаю толькі, што я такога друга маю згубіць!.." А дачка крычыць пакутным вершам "Апантанай". Два месяцы цягнецца пакута, а потым сухотны менінгіт — і ўсё.
16 сакавіка 1901 года каменная паліца лёсу падае на гэтага чалавека. I хоць ён "прасіў памяці, а не пакут", яна хворая ад страшэннай журбы, нават хваравіта-ненармальная. Усе думкі былі засяроджаны на тым, што адбылося.
Нельга без глыбокага жалю чытаць яе лісты з тых часоў, нельга без пакуты чытаць лірыку, прысвечаную яму і ягонай смерці. Лірыку, што даходзіць да экзальтацыі амаль рэлігійнай. Бо жанчына ведала: дадзена, але на кароткі час. Дадзена, але яго чакае крыж і смерць. Калі рассыплецца руіна, што трымае плюшч, хай яна і яго пахавае пад сабою, бо нашто самотны плюшч? Калі здарыцца евангельскае дзіва і яна прыйдзе, як Магдаліна, рыдаць, што навек страціла яго, і раптам убачыць, што ён уваскрос і заззяў у славе, -
Што скажаш ты тады? Ці, можа, й ты Тады пашлеш мяне з вясёлай весткай Тваім сябрам таемным, клапатлівым, Што тройчы адракліся ад цябе? I пакуль я, не цямячы ад шчасця, Па людзях шчасця панясу навіны, Ты пойдзеш панаваць у новы край, I рай ты на зямлі збудуеш новы Дзеля сябе і тых, каго паклічаш. Ці будзе ж месца там для Магдаліны? Мне ўсё адно, абы ўчыніўся цуд!Відавочныя, нечалавечыя рыданні раздзіраюць горла і кожны радок.
То што ж, няхай не зрушу я нічога, Сарваўшыся ў бяздонне, ў забыццё, Абы не зраніла так смерць мая нікога, Як зраніла мяне маё жыццё.У кожным успаміне б'ецца:
Я тут, я тут заўжды, я ўсё з табою.У кожнай думцы дакор:
Не захацеў мяне ўзяць, тут пакінуў мяне на старожы.У кожным выгуку жаданне канца:
Знямела сэрца. Шчаслівейшай доля Была тым лыцарам, з сядзельца збітым, — Па праву даўняму, была ім воля Гукнуць: "Забі мяне!.." — і быць забітым.Тры гады спатрэбілася ёй, каб сяк-так ачуняць і аджыць да новага жыцця. Магчыма, цяжар гэтага навакольнага жыцця і ўваскрасіў яе. Занадта вялікая была б ад духоўнай яе смерці радасць усялякай погані, якая буйна і дробна помсціла ёй і ўсім яе годным сучаснікам за гордую незалежнасць, талент і вальналюбства. Помсціла цкаваннем, незаможнасцю і нават простай галечай, помсціла забаронай дзесяткаў лепшых вершаў, такіх, як "Дым", "Fiat nox!" ("Хай будзе ноч!"), "Анёл помсты", і нават паэм.
Адзін за адным з'яўляюцца драматургічныя творы пісьменніцы: "Блакітная ружа", "У пушчы", "Апантаная", "Вавілонскі палон", "Касандра", "На руінах", "Тры хвіліны", "Асенняя казка", "У доме работы…", "Руфін і Прысцыла", "Айша і Махамед", "На полі крыві", "Іагана, жонка Хусава", "Баярыня", "Адвакат Марціян", "Оргія і найлепшыя, на мой густ", "У катакомбах", "Каменны гаспадар", "Лясная песня" — магчыма, вяршыня ў жанры вершаванай драмы.