Шрифт:
Леся Украінка і тут зрабіла подзвіг. Гэта скажа і сёння кожны, хто слухаў украінскага кабзара. Не сцэнічнага, не на падмостках, а ў звыклай, роднай яму стыхіі. Я меў такое шчасце двойчы. Праўдзівей, чуў двух кабзароў, можа, таксама ледзь не апошніх.
Аднаго чуў шмат разоў — і адразу пасля вызвалення Кіева, і ў першае пасляваеннае дзесяцігоддзе. Не ведаю, ці сядзіць ён яшчэ і зараз у Пячорскай лаўры, пад старым каравым арэхам, сляпы, у памятым пінжаку, але ў бяленькай сарочцы з яркаю жычкай.
А другога — і гэта было яшчэ лепей, бо натуральная і спрадвечная была бяленькая хата пад саламянай страхою — я чуў пазней, у вёсцы па дарозе на Тарашчу.
I заўсёды, і ў адным і ў другім выпадку, не пакідала адчуванне, што прысутнічаеш пры сапраўдным, мо апошнім дзіве. I заўсёды здзіўлялі і словы, і вобразы, і гэтая манера спеву: вольны рэчытатыў, дзе фразы і словы то расцягваюцца, калі гэта трэба, то сціскаюцца. Да мурашак па спіне ўражала гэтая музычная дэкламацыя з яе раздробленым рытмам, які драбіцца ў адпаведнасці з нераўнамернымі радкамі, пазбаўленымі нават самай нязначнай, нават найменшай рытмічнай схемы, раскутымі, шырокімі, як Дняпро ў навальнічную паводку. Заплачкі, галошанне, беларускае і паўночна-ўкраінскае, — вось што гэта нагадвала. Так мне здавалася тады, так здаецца і цяпер. I пры гэтым велічным, спакойным і трагічным галашэнні, якое бандурыст выконвае, ясна ж, у міноры, нібы за валасы цябе ўздымаюць, нібы ў сэрца ўганяюць ледзяны і пякучы жах і захапленне пальцы, якія бегаюць па струнах, акампаніруючы ў мажорным гукарадзе. I гэта не дысгармонія, не дысананс, не какафонія, а, наадварот, парастак гармоніі вышэйшай.
Але подзвіг быў не толькі ў творчасці і абароне слова і песні. Ці не найвышэйшы подзвіг быў у абароне годнасці чалавека і краіны.
Калі ўвосень 1896 года цара і царыцу віталі ў Парыжы афіцыйныя колы, то некаторыя музыканты, артысты, пісьменнікі складалі ў іх гонар кантаты, здравіцы і песні. Абуралася ўся левая расійская інтэлігенцыя, але ніхто не асмеліўся сказаць слова, акрамя гэтай нядужай дваццаціпяцігадовай жанчыны.
Яна напісала і даслала ў газету "La Reform" гнеўны артыкул "Голас адной расійскай зняволенай".
"Ганьба крывадушнай ліры, ліслівыя струны якой напаўнялі акордамі залы Версаля… Ганьба вольным паэтам, якія перад чужынцам звіняць звеннямі сваіх добраахвотна накладзеных кайданоў. Няволя яшчэ больш мярзотная, калі яна добраахвотная. Ганьба вам, аўтары, калі вы блюзнерскімі вуснамі вымаўляеце імя Мальера, які калісь сваім з'едлівым глумам падточваў жахлівага волата, якога стварыў для Францыі… кароль-Сонца. Прывід гэтага караля, такі бледны напярэдадні, пачырванеў ад радасцяў, пачуўшы вашыя песні ў горадзе Парыжы, гэтым царазабойчым горадзе, дзе кожны камень крычыць: "Прэч тыранію!"
Гэтыя прадажныя тварыны рабілі выгляд, што ў асобе высокага госця яны вітаюць вялікую Расію.
"Ці вы ведаеце, славутыя калегі, што такое ўбоства, убоства краіны, якую вы называеце такой вялікаю?.. Так, Расія велічэзная, расіяніна можна заслаць аж за край свету, не выкідаючы за дзяржаўныя межы. Так, Расія велічэзная: голад, цемра, ліхадзейства, крывадушнасць, бясконцая тыранія, і ўсе тыя няшчасці велічэзныя, каласальныя, грандыёзныя. Цары нашы перавысілі цароў егіпецкіх сваім імкненнем да масіўнага. Іхнія піраміды высокія і дужа моцныя. Ваша Бастылія была нічым у параўнанні з імі. Прыходзьце ж, вялікія паэты, вялікія артысты, паглядзіце на веліч нашых бастыльскіх цытадэляў, сыдзіце з эсград, здыміце вашы катурны і агледзьце нашу прыўкрасную турму… вялікую Расію".
Нават па адным гэтым артыкуле мы бачым, што гэтая жанчына была "свядомы свайго стану работнік…". I тысячу разоў меў рацыю Франко, калі пісаў, што яе паэзія"…гэта агністае абскарджанне таго дзікага гнёту самавольства, пад якім стогне Украіна".
Нават там, дзе Франко свядома завастраў, ён меў рацыю:
"Ад часу Шаўчэнкавага "Поховайте та вставайте, кайдани порвіте" Украіна не чула такога моцнага, гарачага ды паэтычнага слова, як у гэтай слабасілай, хворай дзяўчыны… Мімаволі думаеш, што гэтая слабасілая дзяўчына — траха ці не адзіны мужчына на ўсю навачасную, саборную Украіну".
Ужо ў нейкія дзевятнаццаць гадоў ствараюцца геніяльныя вершы, што ўваходзяць у скарбніцу ўкраінскай і светавой паэзіі. Я маю на ўвазе "Contra spem spero"(без надзеі спадзяваюся). Гэта ўжо не толькі свой стыль і адрыў ад стогнаў і жальбы ў імя мужнасці, энергіі, праклёну. Гэта большае.
Бо ў асобе Лесі Украінкі ва ўкраінскую літаратуру ўвайшло тое, чаго не хапала ў той час і ўкраінцам і нам: спалучаныя з высакароднай ідэяй інтэлігентнасць, вытанчанасць і, пры ўсёй нацыянальнай стыхіі, Сусветнасць у самым вышнім сэнсе гэтага слова. У нас гэта зрабіў Багдановіч, у іх — яна.
I ўсё гэта было як раптоўны выбух вулкана, як пякучая лава, на якой пасля так раскошна буяюць кветкі, серабрацца алівы, наліваецца вінаград.
Некаторыя крытыкі бедавалі, што праз хваробу, праз прыкутасць на доўгія месяцы да ложка паэтэса часта была вымушана кідаць паплечнікаў, жыць у аранжарэйнай атмасферы санаторыяў, на чужыне. Мы ведаем, што і яна балюча перажывала гэта.
А я думаю — і няхай мне даруе яе вялікі цень, і вялікая ўкраінская паэзія, і сама вялікая Украіна, — я думаю, што ў гэтай бядзе было і зерне станоўчага.