Шрифт:
А "Слоўнік" не проста слоўнік, а слоўнік тлумачальны, са шматлікімі прыкладамі, узятымі з жывой мовы або з песняў, казак, прыказак, словам, з усяго фальклору, які Насовіч ведаў, як мала хто на той час.
Ну вось. Мы назвалі, вядома, не ўсе імёны. Але нават па гэтых, названых, можна меркаваць, што невялікі Мсціслаў зрабіў вялікі ўклад у гісторыю культуры славян. А што датычыцца беларускай культуры, то для яе ў сярэдневякоўі і ў ХІХ стагоддзі Мсціслаў зрабіў так многа, што стаіць сярод першых беларускіх асветніцкіх цэнтраў.
Мне, як цяперашняму мінчаніну, вядома, крыху няёмка, але я мушу прызнацца, што ў тыя часы Мсціслаў зрабіў большы ўплыў на культуру Беларусі, чым Мінск. Гэта не патрабуе доказаў, але, як спатрэбіцца, гэта можна лёгка давесці.
Здзіўляцца гэтаму не трэба. Нам невядомыя законы таго, чаму і як, на якой глебе і дзякуючы якім абставінам раптам зараджаецца недзе культурны ачаг і ў нейкай мясцовасці часам, як грыбная сям'я на паверхню, лезуць паэты і вучоныя, мастакі і дойліды, дзяржаўныя дзеячы, героі, пісьменнікі. І не абавязкова гэта здараецца ў вялікім цэнтры. Гэта можа быць Вільня і Мінск, але гэта, у розныя часы, могуць быць Слуцк, Навагрудак, Узда, нейкія там Ушачы ці Радашковічы. Дадуць адразу дзесятак паэтаў і пісьменнікаў, вандроўнікаў і вучоных, будаўнікоў і кампазітараў — і заціхнуць на пэўны накрэслены час, перадаўшы эстафету ў нейкую зусім іншую мясціну.
Мсціслаўскі вулкан талентаў не заглохнуў, аднак, і ў нашым стагоддзі. Прыкладам таму можа быць класік беларускай літаратуры Максім Іванавіч Гарэцкі (1893–1939). Нарадзіўся ён у вёсцы Малая Багацькаўка Мсціслаўскага павету. Гаварыць аб ім шмат, мабыць, не трэба. Акрамя таго, што ён — гонар нашай літаратуры, ён яшчэ і вядомы педагог, таленавіты літаратуразнаўца і лексікограф. Такія яго кнігі, як "Рунь", "На імперыялістычнай вайне", "Дзве душы", "Камароўская хроніка", раман "Віленскія камунары" і многае іншае трывала і назаўсёды ўвайшлі ў залатую бібліятэку літаратуры беларускай.
А ён жа яшчэ збіраў фальклор, напісаў і выдаў у 1920 годзе ледзь не першую (і шмат у чым узорную, прынамсі па сумленнасці падыходу да матэрыялаў) "Гісторыю беларускай літаратуры". І склаў "Хрэстаматыю беларускай літаратуры ХІ век — 1905 г.".
Зробленае ім дагэтуль, па-мойму, не атрымала ўсебаковай належнай ацэнкі. Але час многае паставіў ужо і шмат яшчэ чаго паставіць на сваё месца.
Для мсціслаўцаў жа Максім Гарэцкі павінен быць дарагі яшчэ і за тое, што ў творах ягоных гамоніць, радуецца, працуе, плача і смяецца, гаворыць іх адметнай і трапнай гаворкай уся Мсціслаўшчына.
Дагэтуль мы сустракаемся з героямі пісьменніка на яе дарогах, слухаем іхнюю мову, смяёмся з іх жартаў, здзіўляемся багаццю іхняга мыслення. І нават дробязі мсціслаўскага побыту, нават сучасныя пейзажы ўстаюць перад намі на старонках ягоных кніг. І мы беспамылкова іх пазнаем. Як, напрыклад, зірнуўшы на драўляную царкву ў імя Іллі Прарока, што стаіць у вёсцы Слаўнае, мы адразу гаворым сабе і ёй: "Грэх, галубка, ды ты ж апісаная ў "Камароўскай хроніцы" і ў "Антоне", ты сышла нейкім дзівам з іхніх старонак і вось, жывая, стаіш перад намі".
Дарэчы, царкву ў в. Слаўнае трэба паберагчы не толькі як "літаратурную славутасць". Гэта досыць рэдкі ўжо на Беларусі ўзор "сталага класіцызму" першай паловы ХІХ стагоддзя. Словам, гэтаму драўлянаму трохзрубнаму храму з пяціграннай апсідай і васьмерыком са шлемападобным купалам — паўтара стагоддзя.
Раз ўжо мы загаварылі пра Максіма Гарэцкага, то не павінны забыць і на ягонага роднага брата, Гаўрылу Іванавіча (вы заўважылі, што таленты на Мсціслаўшчыне ідуць "кустамі": браты Кутаргі, браты Прахавы, браты Гарэцкія), аднаго з самых выдатных геолагаў Саюза, акадэміка, заснавальніка нашай палеапатамалогіі, навукі аб рэках даўно мінулых часоў: Пра-Волгі, Пра-Дняпра, Пра-Нёмана і многіх іншых. Г. І. Гарэцкі займаецца інжынернай геалогіяй. Рабіў, між іншым, вышукванні пад такія каналы, як Беламорска-Балтыйскі, Волга-Данскі і многія іншыя, а таксама пад такія ГЭС, як Цымлянскую, Кіеўскую, Горкаўскую, Ніжнекамскую. Ну і яшчэ (талент не можа быць вузкі) ён збіраў фальклор і складаў, разам з братам, слоўнік. Таленавіты, страшэнна працаздольны, жывы, нястомны, цікаўны да кожнай новай справы, маладзейшы за маладога ў свае гады — вось што такое гэты чалавек. Я, мабыць, заблытаюся, пералічваючы ягоныя абавязкі і нагрузкі, якія ляжаць на ягоных плячах.
…І пісьменнік Левановіч Павел Антонавіч. Нарадзіўся ў 1914 годзе ў в. Мазалава Мсціслаўскага раёна. Памёр ад ран у 1943 годзе. Паэт і празаік, які быў закаханы ў свой родны Мсціслаўскі край і памяці якога горад аддзякаваў, назваўшы адну са сваіх вуліц ягоным імем.
На Мсціслаўшчыне (в. Воўкава) нарадзіўся і прасіў, каб там яго аддалі зямлі, і член-карэспандэнт АН БССР, беларускі фалькларыст і літаратуразнаўца Іван Васільевіч Гутараў (1906–1967), які даследаваў беларускую і рускую вусную народную творчасць і эстэтыку.
Гэтага было б, здавалася, і досыць, тым болей што цяжка пералічыць усіх выдатных людзей, якія нарадзіліся тут, вучыліся тут, праходзілі праз мсціслаўскую зямлю, ваявалі на ёй.
Ваявалі на ёй. Ну так, гэтых абмінуць нельга. Хаця б некаторых. Хаця б пару імёнаў.
У Мсціславе нарадзіўся Уладзімір Сяргеевіч Галушкевіч (1898–1964), удзельнік грамадзянскай вайны. У Айчынную вайну на Цэнтральным і Заходнім франтах быў начальнікам аператыўнага аддзела, намеснікам начальніка штаба фронту. Генерал-лейтэнантам.