Шрифт:
А малодшы Прахаў, Адрыян (нарадзіўся у 1864 г.) скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Пецярбургскага універсітэта і, атрымаўшы камандзіроўку за мяжу, напісаў пад час паездкі магісцерскую дысертацыю "Пра рэстаўрацыю групы ўсходняга франтона Эгінскага храма ў Афінах". Выкладае гісторыю прыгожых мастацтваў у родным універсітэце, у 1879 годзе робіцца доктарам за працу "Дойлідства старажытнага Егіпта", пераходзіць у Кіеўскі універсітэт — у 1887 годзе.
Вакол яго вечна людзі, ён вечна гарыць неймавернымі пачынаннямі (і здзяйсняе іх), ён верыць у талент зусім маладых і бязведамных людзей і смела выцягвае іх на свет, даручаючы вялікую работу (юнаму Урубелю — Кіеўскую Кірылаўскую царкву, юнаму Несцераву, разам з вядомымі ўжо мастакамі, - роспіс Кіеўскага Уладзімірскага сабора, унутраным аздабленнем і ўпрыгожваннем якога Прахаў кіраваў).
Прахаў вечна віруе. Прахаў робіць немагчымае. Ён не толькі піша змястоўныя працы па старажытнарускаму мастацтву — ён адкрывае яго. Так ён адкрыў, замаляваў і даследваў старажытныя фрэскі многіх кіеўскіх цэркваў (Сафійскай, Кірылаўскай і іншых). Вялікі рускі мастак Несцераў пісаў аб ім: "Знаёмства з А. В. Прахавым было радаснае і склала ў маім жыцці цэлую эпоху… Усё жывое, натхнёнае, што было ў гэтым надзвычай таленавітым чалавеку, не пройдзе бясследна".
І на ўсё яго хапала, і там, дзе ён быў, заўсёды ствараўся мастацкі цэнтр Расіі.
Рэпін і Куінджы, Антакольскі і Шышкін, паэты Майкаў і Мінаеў, Васняцоў і Урубель — усе яны ў сферы ўплыву гэтага чалавека. А ўплывае ён і як рэдактар (ілюстраваны часопіс "Пчала"), і, перш за ўсё, як асоба вялікай прыцягальнай сілы, асоба, якая выклікае ў людзях неадольную сімпатыю і бязмежны давер. Побач з ім нельга самому не зрабіцца больш таленавітым, больш адданым сваёй справе. Ён з самага закаранелага флегматыка зробіць энтузіяста і байца.
Паболей бы нам i зараз такiх людзей, як гэты мсцiславец! На жаль, такiя з'яўляюцца не так часта, як хацелася б. А яны як дрожджы ў жыццi грамадства. I не загадам яны вядуць людзей да лепшага, а ўласным прыкладам. Тым, што людзi не хочуць адстаць ад iх i хочуць быць падобнымi да iх. Больш чыстымi, больш высакароднымi, лепшымi, чым яны ёсць.
Разнастайных людзей нараджаў Мсіслаў. У 1865 годзе ў мяшчанскай сям'і нарадзілася тут народаволка Анісся Давыдаўна Балоціна. Вучылася ў Маскве, у вучылішчы жывапісу, ваяння і дойлідства. Народніцкі гурток, у які яна ўваходзіла, друкаваў і распаўсюджваў нелегальную літаратуру. Быў данос і арышты. Быў прысуд (у 1887 годзе): восем год Сібіры. Праз два гады ўзброеныя ссыльныя ў Якуцку паўсталі. Узброенае супраціўленне скончылася тым, што шасцёра ссыльных было забіта, сем паранена. Пасля зноў быў суд і ваенна-судовая камісія, якая прыгаварыла трох чалавек да павешання, а параненую ў перастрэлцы жанчыну да жыццёвай катаргі і пазбаўлення ўсіх правоў. Спачатку была Вілюйская катаржная турма, пасля — турма на Кары для асабліва небяспечных палітычных злачынцаў. Пасля было вольнае пасяленне, пасля — жыццё пад наглядам паліцыі ў Шклове. У 1898 годзе А. Д. Балоцінай удалося выехаць за мяжу, дзе далейшыя яе сляды губляюцца.
Яшчэ адно імя цесна звязана з Мсціславам, імя чалавека, значэнне якога для беларускай і агульнаславянскай культуры цяжка перабольшыць. Гэта Іван Іванавіч Насовіч, беларускі мовазнавец-лексікограф, этнограф і фалькларыст (1788–1877). Вось прыклад чалавека, які доўгі свой век пражыў нездарма, зрабіўшы многае, калі не ўсё, што было накавана яму лёсам. Скончыўшы ў 1812 годзе Магілёўскую духоўную семінарыю, ён трыццаць два гады аддаў педагагічнай дзейнасці, якая, вядома, мала пакідала яму часу для галоўнага свайго прызвання. Быў ён настаўнікам, інспектарам Аршанскага павятовага вучылішча, рэктарам Мсціслаўскага духоўнага вучылішча (1814–1822), рэктарам Маладзечанскага і Свянцянскага дваранскіх вучылішчаў. У 1844 годзе выйшаў у адстаўку. Пасяліўся ў Мсціславе. Яму 56 год. Многія людзі ў гэтым узросце падводзяць вынікі жыцця. Ён разумее: для яго сапраўднае жыццё толькі пачынаецца. І дзякуй богу, што лёс не паставіў хуткай мяжы ягонаму існаванню, даў яму яшчэ трыццаць тры гады жыцця. Іначай паглядзіце самі, чаго мы былі б пазбаўленыя.
Ён, вядома, не ведаў, колькi яму адпушчана. Ён закосвае рукавы: памiраць збiрайся, а жыта сей. I ў гэтым ён — прыклад для кожнага.
Ніколі не позна!
"Нехта ўжо канчае. Я толькі пачаў. І я буду ісці па гэтай дарозе наколькі хопіць сілы. У мяне ўрэшце развязаныя рукі, і мяне чакае мой народ, і я павінен зрабіць для яго ўсё, і я не маю права ўпасці, пакуль ён чакае маёй дапамогі і пакуль у мяне ёсць сілы служыць яму." Яму 64 гады, калі выходзіць ягоная праца "Беларускія прыказкі і прымаўкі", яму 79, калі выходзіць ягоны "Зборнік беларускіх прыказак", адзначаны залатым медалём Рускага геаграфічнага таварыства. Яму 80, калі выходзяць "Беларускія прыказкі і загадкі", і 85, калі выходзяць "Беларускія песні". І яшчэ засталіся ў рукапісах "Збор беларускіх слоў па алфавіце" і "Алфавітны паказальнік старых слоў", узятых з "Актаў, якія адносяцца да гісторыі Заходняй Расіі, выдадзеных у 1853 годзе" (за гэтую работу яму прысуджана Уварашская прэмія 1865 года).
Але галоўная ягоная праца выйшла ў 1870 годзе, калі яму было 82 гады. Гэта "Слоўнік беларускай гаворкі" — "Словарь белорусского наречия" (назва "Беларусь" на той час, як вядома, знаходзілася пад забаронай і ў насельніцтва гэтай зямлі ніякай такой мовы быць не магло. Існавала гаворка).
Вось гэты вялікі па фармату том ляжыць перада мной. У ім 752 старонкі і ён змяшчае больш за 30000 слоў. Аўтар пачаў яго ў 1847 годзе (цераз тры гады пасля адстаўкі), працаваў над ім 16 год і ў 1863 годзе прадставіў на Дзямідаўскую прэмію, якой і быў адзначаны.
Гэта быў першы поўны слоўнік беларускай мовы. Над працамі такога маштаба цяпер, часам, гадамі працуюць цэлыя інстытуты. І. І. Насовіч адолеў гэтую работу адзін, аддаўшы ёй шаснаццаць год жыцця. Годны здзіўлення подзвіг і яшчэ адзін прыклад таго, што можа зрабіць нават адзін чалавек, калі ён апанаваны сваёй ідэяй і мэтай, калі ён кладзе на працу сваю ўсе сілы без астатку.
Прычым працы Насовіча заўсёды працы лінгвістычныя, з лексічнымі і фанетыка-граматычнымі каментарыямі, тлумачэннямі асобных слоў, выразаў, ідыёмаў.