Шрифт:
— Лаба діена (Добры дзень).
— Каіп гівянімас? (Як жыццё?) — моцна ашаломлены, запінаецеся вы.
— Ачу, герай. (Дзякуй, добра).
Нішто сабе сустрэча. У чатырохстах з гакам кіламетрах ад Вільні (гэта як птушцы ляцець, а калі па дарогах, то ў пяцістах) — чысцейшая, нібы ў тэатры, літоўская мова.
Як літоўцы тут апынуліся, я так і не мог дакапацца. Кажуць, што нібыта ў часы прыгоннай рэформы (ці да яе ці пасля) купілі тут зямлю і перасяліліся. Калі гэта так, то гэта годны прыклад таго, як можна сто дваццаць год пражыць сярод чужой моўнай стыхіі і зберагчы сябе, сваю мову, свае звычаі, свае песні.
Гэты маленькі астравок збярог таксама літоўскую грунтоўнасць, неймаверную працавітасць, сумленнасць у адносінах да справы. Паўсюль сляды старанна прыкладзеных рук і дабрабыт. Хаты дагледжаныя, гароды і палі чыстыя, між кашлатых "медуніц" (дробныя і вельмі салодкія яблыкі) аж гудзе паветра ад пчол над вуллямі.
З гэтай вёсачкі, закінутай далёка-далёка ў беларускія палі, выйшаў І.А.Манюшыс, які быў старшынёй Савета Міністраў Літвы. Вось якія зігзагі робіць часам рэальнае жыццё. Ну, калі ўлічыць, што недзе ў Мсціслаўскім навеце быў маёнтак К.Судзілоўскага, бацькі Мікалая Канстанцінавіча Судзілоўскага — "Руселя", які арганізаваў сацыялістычны рух у Румыніі і Балгарыі, а пасля быў лідэрам партыі незалежных і членам сената Гавайскіх астравоў — то гэта яшчэ не самы дзівосны выпадак на свеце.
…Малая Багацькаўка вёска старая, з адметным абліччам, з шэрагам стаўкоў, на берагах якіх адпачываюць качкі і шэрагамі ходзяць важныя гусі. Старыя сады. Старыя дрэвы. Ашалелы малады жарабец, які, закінуўшы галаву, ляціць на злом шыі ўздоўж ставоў, сп'янелы ад адчування сваёй прыгажосці і бязмежнасці маладой сваёй сілы.
У вёсцы ў чысценькай хаціне жыве яшчэ пляменніца пісьменніка, Клаўдзія Іванаўна Шнарская. Ад старых часоў нічога ў яе не засталося, толькі кнігі Максіма, падораныя ў апошнія гады геолагам, дзядзькам Гаўрылам. Мілая, з мяккім голасам жанчына.
А вёска што ж? Вёска, з папраўкай на новае, тая самая, што і ў "Камароўскай хроніцы". Пачытайце ці перачытайце яе. Гэта і зараз досыць аддалены куток, а ў часы юнацтва пісьменніка да Мсціслава было, як і цяпер, дваццаць пяць, але ад Мсціслава да бліжэйшай чыгуначнай станцыі было не васемнаццаць, а шэсцьдзесят кіламетраў. Дарога да Слаўнага. Вось у прастакутніку са старых дрэў стаіць старая царква. Вельмі, надзіва вялікая для такой вёскі. Шалёўка збольшага паабдзёртая, у старых, моцных, як косць, бярвеннях кутыя цвікі з квадратнымі капялюшыкамі.
Як там у Гарэцкага ў "Антоне"?
"І на двары, на цвінтары народу нямала, аж мітусіцца ўсё пад старымі ліпінамі, і ў званіцы бабулек стаіць і сядзіць даволі, і на званніцу хлапчукоў-галузаў панабівалася, і ў цэркву аж дабіцца не можна".
Няма нікога ні на цвінтары, ні пад званіцаю, ні на ёй. Царква замкнёная, вартоўня ля яе таксама.
…Едзем далей. Роўнае поле і раптам на ім, сапраўды, як воспа, правалы па некалькі метраў глыбіні, густа зарослыя бярозкамі, вольхамі, асінкамі, лазой, розным хмызняком. На дне часам збіраецца і застойваецца вада. Церабі гэтыя аборкі, раўняй не раўняй — толку мала.
Вырашыў я пазваніць Г.І.Гарэцкаму. Каму ўжо, як не яму, славутаму геолагу, лепей ведаць, што робіцца з зямлёй у яго родных мясцінах?
Гаўрыла Іванавіч, вядома ведае і гэта:
— Апісана гэта і вытлумачана яшчэ ў 20-я гады. Быў такі Георгі Фёдаравіч Мірчынк…
Пра Мірчынка крыху ведаю і я. Адзін з заснавальнікаў навуковай школы геалогіі чацвярцічнага перыяду. Акадэмік Акадэміі навук БССР. Аўтар славутай кнігі "Геалогія чацвярцічных адкладанняў". Але я ніколі не звязваў яго імя з Мсціславам. Ну, але ж цікава пачуць пра яго ад чалавека, які яго добра ведаў.
Ён родам з лужыцкіх сербаў, што пераехалі сюды. Бадай што адзін з самых вялікіх знаўцаў антрапагену Беларусі. Ён, між іншым, растлумачыў і паходжанне "аборак", і апісаў іх. Ён і ўвёў і замацаваў у геалагічнай літаратуры свету гэтае беларускае, не, нават мсціслаўскае слова: "аборкі". Цяпер хай сабе англічанін апісвае гэтую з'яву або, скажам, іспанец — усё адно ён карыстаецца словам "аборка".
— Ну вось. А ў слоўніках беларускіх гэтага слова няма. Нават у пяцітомным тлумачальным. У трох значэннях гэтае слова дадаецца, а ў "нашым" — не.
— Можа, не ведаюць. Можа, лічаць за мсціслаўскае, абласное, дыялектнае. Адкуль ім ведаць, што гэтае абласное мсціслаўскае слова стала класічным тэрмінам, што яго па ўсім зямным шары геолагі ўжываюць?
— Дык што гэта ўсё ж такое?
— А гэта прасадачныя сподачкі.
— Лёсавыя прасадкі?
— Ну так. Там, дзе ёсць лёсавыя пароды — там і яны ёсць. Вада праходзіць, і яны прасядаюць.
Ну так, зараз і я ўспомніў, што порыстасць лёсавых парод 45–55 працэнтаў, а значыць яны здатныя зберагаць ветрыкальныя адхоны (вось, мабыць, чаму час не размыў і не згладзіў яроў Замчышча ў Мсціславе) і даваць вертыкальныя прасадкі пры ўвільгатненні. Проста нешта накшталт падатку, які прырода наклала на людзей за ўрадлівасць глебы: "дала ж я вам плодную зямлю, такую багатую і смачную — трэба ж, каб хаця нешта было не зусім так. А то вы хочаце як мёд той, лыжкай, ды яшчэ вялікай".