Шрифт:
За пяцьсот год гісторыі Мсціслава, ад яго ўзнікнення, ніводнага імя. Ніводнага. Нібы жыццё і творчыя пакуты гэтых людзей на тое не заслугоўвалі.
Ёсць, аднак, і адно імя праваслаўнага Мсціслаўскага майстра, якое дайшло да нас. Дайшло па Маскоўскіх крыніцах другой паловы XVII стагоддзя. І дайшло толькі таму, што справа, што мастацтва, майстрам якога ён быў, было для тагачаснай Масквы справай новай і дагэтуль небывалай.
Імя гэтага майстра Сцяпан Палубес. У Маскве яго называлі яшчэ Сцяпан Іваноў, але мы не ведаем, ці гэта было яго імя па бацьку, ці прозвішча. З аднаго боку "лічыць", называць па бацьку, чалавека простага паходжання (і нават купца) у Маскве не было прынята, а на тагачаснай Беларусі не было прынята зусім. З другога боку ў дадзеным выпадку маглі зрабіць і выключэнне з правіла, надта ўжо незвычайным і рэдкім майстэрствам валодаў чалавек.
А ўмеў ён рабіць вясёлкавыя кафлі і шматкаляровыя рэльефы з маёлікі.
Мне могуць запярэчыць, што Маскоўская дзяржава ведала кафельнае рамяство і раней. Ну так, ведала, але менавіта і толькі як рамяство, а не майстэрства. Маскоўская кафля была ўкрытая празрыстай аднатоннай палівай, часцей за ўсё зялёнай, радзей бура-карычневай. Ішоў па кафлі арнамент, а таксама коннікі, птушкі, сцэны з казак, ваенныя сюжэты. Але гэты дробны аднатонны рэльеф не глядзеўся здалёк: так сабе, плямы і разводы, пісягі і незразумелыя завіткі.
Зблізку, на ляжанцы або грубцы, калі ласка, разглядай колькі хочаш. На грубкі гэтая кафля пераважна і ўжывалася.
Іншая справа кафля беларускіх (мсціслаўскіх, копыскіх і іншых) майстроў. Гэта кафля расфарбаваная непразрыстымі эмалямі і ў мностве колераў; зялёнае плеціва лістяў, завіткі і візэрункі сцяблін, пабегаў, вусікаў на сінім і блакітным полі, залацістыя плямы "павіных вачэй", белыя і карычневыя іскры. Прычым гэта не толькі плоскія пліткі. Гэта карнізы, каляровыя, пукатыя паяскі, калоны, вычварна абвітыя хмелем або вінаграднай лазой.
Будынкі ззялі на сонцы, як вясёлка. І ззяюць зараз.
Гэтае беларускае, мсціслаўскае майстэрства мела даўнія традыцыі. Ніжняя царква і Каложа ў Гродні мелі ўмураваныя ў цэглу муроў паліраваныя рознакаляровыя валуны і паліваныя маялікавыя пліткі, што разам складала кветкі, колы, крыжы. У той жа час храмы Паўночна-Усходніх княстваў не карысталіся гэтай тэхнікай. Там храмы былі белакаменныя з белакаменнымі ж рэльефамі. Але і гэтая традыцыя была перарваная больш чым на стагоддзе мангольскім пагромам, калі на мураваныя будынкі ўвогуле не хапала ні сіл, ні сродкаў, ні, шчыра кажучы, жадання (нашто старацца, калі заўтра ўсё адно прыйдуць і разбураць).
А будаўнічая традыцыя княстваў Паўночна-Заходніх не была спыненая. Яна развівалася і ўдасканальвалася і вось у XVII стагоддзі прыйшла з Беларусі ў Маскву. Якраз тады, калі там пачалі асабліва цаніць вонкавую ўбранасць, багацце, шыкоўнасць і пышнасць, казачную вясёлкавасць будынка. Так што беларускія майстры кафлі, размаляванай яскравымі эмалямі, якраз прыдаліся да кампаніі і нават пачалі верхаводзіць у ёй. У прыватнасці, Ігнат Максімаў з Копысі і, асабліва, як я ўжо казаў, мсціславец Сцяпан Палубес.
Мы не ведаем яго падрабязнай біяграфіі, не ведаем гадоў нараджэння і смерці, не ведаем, што ён рабіў у Мсціславе, з якога быў родам. Мы ведаем толькі ягоныя маскоўскія работы, якія праславілі яго.
Мы гаварылі ўжо, што пасля "разні" 1654 года князь Трубяцкі вывез у Маскву з Мсціслаўля гарадскіх майстроў, у ліку якіх быў і Сцяпан Палубес. Спачатку ён, відаць, працаваў на князя, пасля стаў царскім майстрам.
Упрыгожваў Уваскрасенскі сабор у Новым Іерусаліме, а з 1666 года зрабіўся майстрам Аружэйнай палаты Маскоўскага Крамля. Разам з іншымі беларускімі майстрамі (з Копыся, Оршы і іншых гарадоў) аздабляў Пакроўскі сабор у Ізмайлаве (1674 год), рабіў фрызы царквы Грыгорыя Неакесарыйскага (1669 год), удзельнічаў у афармленні Церамнога палаца, Аптэкарскага прыказа і царквы Спаса за залатой рашоткай у Крамлі, стварыў шматкаляровыя маялікавыя рэльефы апосталаў для царквы Успення ў Ганчарах (1691), на якіх пануе гармонія карычневага, чорнага, сіняга, зялёнага і залатога колераў.
Гэта стараннямі ягоных рук расцвілі на мурах маскоўскіх палацаў і цэркваў кветкі, грона, зёлкі, павіныя пер'і. Блішчастая, вясёлкавая гульня святла і колераў. Залацістага, блакітнага, сіняга і колеру марской вады.
І вышэйшае, па-мойму, што ён стварыў, лазурны церам на Круціцкім падвор'і. Небывалая, лёгкая, сіняя казка, зірнуўшы на якую, лягчэй робіцца жыць. Дзіва, пабудаванае з нябеснага блакіту і месячнага святла.
Так, адзіны і небывалы ў сваім родзе, непераўзыдзены быў мсціслаўскі майстра Сцяпан Палубес.
На жаль, у родным ягоным горадзе не засталося нічога створанага ягонымі рукамі (замест гэтага ў раскопе тоўсты след пажарышча). Мала таго, сакрэт высокага мастацтва ягонага загінуў у войнах. А калі зірнеш на тую кафлю, на таго "кабанчыка", якім абкладаюць і "упрыгожваюць" муры дамоў сучасныя дойліды (не толькі мсціслаўскія), — хочацца адно махнуць рукою.
XVIII і ХІХ стагоддзі ў Мсціславе ўвогуле перыяд будаўнічага ўпадку. Рэгулярны план 1778 года з прамавугольнай сістэмай вуліц парушае традыцыі гарадской забудовы. Пасля архітэктары, як заўсёды, парушаюць і той план. Давяршаюць справу частыя пажары (асабліва моцныя ў 1858 і 1863 гадах). Пасля пажараў забудоўваюцца дзве і як хто хоча. На месцы плошчы разбіваюць бульвар (цяперашні бульвар разбіты ў 1863 годзе).