Шрифт:
Што ж датычыцца Міхала, дзеда ягонага, то ён усынавіў каралевіча польскага Сігізмунда, будучага караля Сігізмунда Аўгуста, і такім чынам кончылася Мсціслаўскае княства і ў 1528 годзе горад стаў каралеўскай воласцю, пад уладай старостаў, а ў 1569 годзе, пасля адміністрацыйнай рэформы зрабіўся галоўным горадам Мсціслаўскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага. Спачатку складалася яно з аднаго павету, Мсціслаўскага, а ў першай палове 17 стагоддзя былі створаны ў нашым ваяводстве паветы: Крычаўскі, Магілёўскі, Чавускі, Чэрыкаўскі.
У 1569 годзе кароль Уладзіслаў IV даў галоўнаму гораду ваяводства магдэбургскае права. Быў створаны магістрат. Першым войтам горада стаў Язэп Корсак. Гораду была дадзена пячаць і першы сапраўдны герб: меч і шчыт пад ім.
Мсціслаў 16–17 стагоддзяў — вялікі горад, які вядзе гандаль з Захадам і Усходам. Менавіта тады ён налічвае 30 тысяч жыхароў і тэрыторыя ягоная дасягае прыроднага, так званага Цялячага рова, што абкружаў горад з поўдня і, працягнуўшыся на дзесяць вёрст, выходзіў на заходняй гарадской ускраіне да Віхры. Менавіта тады, у канцы шаснаццатага і ў семнаццатым стагоддзі, пачалі, як грыбы, вырастаць камяніцы, касцёлы і кляштары.
Умацаванні гэтага "Вялікага горада" былі, як на той час, вельмі моцныя.
Вежа-данжон пасярэдзіне Замчышча.
Па перыметры замчышча — вал вышынёй у два з паловай метры, увянчаны сцяной-вастраколам з бярвенняў. Вышыня яе і колькасць вежаў на ёй мы не ведаем (раскапаная толькі нязначная частка Замчышча). Ды й не яна і не вал былі галоўнай перашкодай ворагу. Галоўнай перашкодай былі яры, над якім ўзвышаліся вал і сцяна.
Шырынёю ў 60 — 100 метраў (закідаць іх практычна немагчыма нават для сучаснай тэхнікі) і глыбінёй у 25 метраў, яны ўражаюць і зараз. І зараз жудасна, стоячы на вале, глядзець уніз. Амаль стромыя адходны пад нагамі. А калі за імі сачылі, падсыпалі, раўнялі і, магчыма, забівалі ў схіл нахіленыя ў бок ворага вастраколы, гэта была, мабыць, амаль адвесная прорва, узлезці на якую чалавеку, абцяжаранаму кальчугай, было неймаверна цяжка.
Тым больш, што на месцы цяперашняга ўз'езду на Замчышча таксама быў яр і над ім пад'ёмны мост. І гэта прыродны роў запаўняўся яшчэ вадою з магутных тады крыніц Здароўца.
Адчынілася брама замчышча. Адгучаў пад нагамі пад'ёмны мост над прорвай.
Вакол — горад са шматлікімі цэрквамі, касцёламі, крамамі. Ад брамы Замчышча да яру, які абкружае горад, і валоў на ім — радыяльна разыходзяцца чатыры вуліцы да чатырох гарадскіх брам: Троіцкай, Апанасаўскай, Спаскай і Пацоўскай.
І вакол манастыры-крэпасці, якія прыкрываюць падступы да горада. Скажам, той жа Пустынскі, той жа Ануфрыеўскі.
Горад вартуе, горад не спіць.
…Пра будаўніцтва і тагачасную архітэктуру мсціслаўскую я раскажу ў свой час, а пакуль што трэба пагаварыць пра асноўныя вехі гісторыі Мсціслава тых часоў. На жаль, гэта будзе пераважна гісторыя войнаў, пажараў, аблог, загібелі многіх і многіх людзей. Было мноства дробных сутычак, былі і больш буйныя сечы.
Трынаццаць год (1654–1667 г.г.) цягнулася вайна між Масковіяй і Рэччу Паспалітай.
У маі 1654 года рушыла ад Бранска на Мсціслаў маскоўскае войска на чале з князем А. М. Трубяцкім. На світанку 22 (па некаторых звестках 12) ліпеня Мсціслаў быў абложаны. Абложнікі, разграміўшы яго, пад гарачую руку, учынілі, так званую "трубяцкую разню".
Пра гэта і гаворыць фрэска XVII стагоддзя на гэтую тэму ў Мсціслаўскім Кармяліцкім касцёле. На ўсіх археалагічных раскопках Замчышча, ніжэй сучасных гародаў ідзе таўшчэзны, магутны пласт разбурэння, друзу і вугалю, рэчаў 17 стагоддзя, чыгунных і каменных ядраў, зруйнаваных дамоў з багатымі кафлянымі печкамі і г.д.
Пра кафлі я ўпамянуў не так сабе. Іх вывезлі. А паколькі Мсціслаў славіўся на ўвесь свет перш за ўсё майстрамі "цаніннай справы", тымі, што ведалі сакрэты вырабаў кафеляў, і дойлідамі, то перш за ўсё вывезлі менавіта іх. Я раскажу пра гэта больш падрабязна, гаворачы пра Сцяпана Палубеса, пра іншых майстроў і справы іхняга жыцця.
Зусім непадалёк ад Мсціслава, у цяперашняй Смаленскай вобласці, у вёсцы Андрусава, быў урэшце ў 1667 годзе ўкладзены мір. Мсціслаў застаўся за Рэччу Паспалітай.
Горад так i не аправiўся да канца ад разгрому. Рос, праўда, ён, расло i яго насельнiцтва, але замак i многiя храмы ляжалi ў руiнах i ранейшага багацця i бляску ён так нiколi i не дасягнуў. Тым больш, што вайна не абмiнала яго i пасля.
Паўночная вайна са шведамі прагрукатала навалай таксама праз Мсціслаўскае ваяводства. І Левенгауп ішоў праз Мсціслаўшчыну, і Пётр I. Напярэдадні бітвы са шведамі 30 жніўня 1708 года ля сяла Добрае (16 кіламетраў ад Мсціслава) горад наведаў Пётр I.
Тут нарадзіліся Мсціславец, Гарэцкі, Прахаў, Насовіч, людзі, якія сапраўды праславілі горад і зямлю мсціслаўскую.
Вынікам работы гэтых людзей былі разумныя і добрыя кнігі, вынікам "наведвання" другога была бітва пад Добрым (заспелі ворага ноччу, нечакана), у якой шведы, пасупраціўляўшыся дзве гадзіны, пакінулі на полі бою тры тысячы забітых, сцягі, мноства параненых.
Пасля скончылася і Паўночная вайна. Горад жыў сабе і жыў, але пакуль што яшчэ не стаў глухой правінцыяй.
Будавалі і гандлявалі, хаця і зменшылася колькасць рамеснікаў і майстроў.