Шрифт:
Бульба ў Бараноўскай урадзіла някепская — буйная, па кулаку, і смачная, калі б да яе было трохі хлеба. Але хлеб у яго скончыўся, ён ужо некалькі дзён еў без хлеба. Накапаўшы паўвядра, падумаў, што, мабыць, пакуль што яму хопіць. Бульбу таксама трэба было ашчаджаць, яе ў Бараноўскай засталося ўсяго соткі тры на гародзе: з'есць усю, чым тады гаспадыня будзе харчавацца зімой? Калі толькі настане для яе тая зіма…
Пакінуўшы ў баразне рыдлёўку, з вядром у руках ён выбіраўся па быльнягу на сцежку, як краем вока заўважыў, што нібы варухнуліся дзверы на кухню — зачыніліся ў яго на вачах. Радасна падумаўшы, што гэта гаспадыня, Агееў хуткім крокам, кульгаючы, падышоў да дзвярэй і, паставіўшы вядро, увайшоў на кухню.
На лаўцы ля парога, захінуўшыся ў знаёмы вязаны жакет, сядзела Марыя. Яна не павярнулася на яго ўваход, паныла пазірала ў падлогу, і ён моўчкі спыніўся збоку, не ведаючы, што сказаць.
— Што-небудзь здарылася? — нарэшце запытаўся ён, не тоячы сваёй трывогі.
— Не, не. Я — да цёткі, — ціха сказала Марыя, хаваючы, аднак, вочы, і ён зразумеў: здарылася кепскае.
— Цёткі няма.
Дзяўчына ўзняла заплаканыя вочы.
— А дзе… яна?
— Панімаеш, няма. Дзесьці прапала, — прызнаўся Агееў. — Адзін жыву.
Марыя апусціла твар у далоні і бязгучна заплакала.
— Дык што здарылася? — азадачана пытаўся Агееў. — Што-небудзь кепскае?
Хутка, аднак, авалодаўшы сабой, Марыя кончыкамі пальцаў выцерла слёзы, перламутравым грабеньчыкам прычасала кароткія валасы, але прадаўжала маўчаць, і ён, чакаючы, ціха прысеў насупраць. Усё ж яму трэба было ведаць, што здарылася.
— Панімаеце… Панімаеце, я думала, што дома цётка Бараноўская, я трохі ведаю яе. Летась пазнаёміліся, — усё ўздыхаючы, памалу спакайнела Марыя.
— Так, так. Ну, а далей?
— А далей?.. Што далей? Жыць мне ў сястры няможна. Не магу я… Панімаеце? Я туды не вярнуся.
«Вось дык дзялы, — падумаў Агееў. — Яшчэ чаго не хапала! Туды не вернешся — дзе ж ты застанешся?»
— Тут, бачыш, пакуль я адзін. Што сталася з Бараноўскай, проста не ведаю. Пайшла на тры дні і знікла.
— Схавайце мяне ў яе хаце, — раптам папрасіла Марыя і вельмі аддана паглядзела на яго.
— Схаваць? — здаецца, ён пачаў пра нешта здагадвацца. — Што — немцы? Паліцыя?
— Паліцыя, — ціха сказала Марыя.
Тут трэба было падумаць. Канечне, яе трэба схаваць, калі па следзе ідзе паліцыя, але толькі — дзе? Калі схаваць у яго, дык ці не падставіць ён тым пад пагрозу ўсю іх канспірацыю? Паліцыя ж можа пайсці па яе слядах і выйсці на яго самога. Ды і ці на яго толькі?
— Так. Хто ведае, што ты пабегла сюды?
— Ніхто.
— А сястра?
— Вера не ведае. Праз яе ўсё і выйшла. Паліцай гэты, Драздзенка, пачаў заходзіць…
— Драздзенка? Начальнік паліцыі?
— Начальнік, ага. Да яе больш, да Веры. Разы чатыры начаваў… А затым і да мяне стаў чапляцца, — зябка хутаючыся ў свой жакет, сказала Марыя і сціхла.
— Так, так, — сказаў Агееў, зразумеўшы ўжо нямала, але, мабыць, яшчэ не ўсё. Але і ад таго, што зразумеў, радасць яго не пабольшала. — Ну, а ты што ж? — запытаўся ён і нахмурыўся.
Марыя праз слёзы ўсміхнулася.
— Во ўцякла.
Ён ускочыў з крэсла, прайшоў тры крокі ў парог і павярнуўся:
— Ну, што мне з табой рабіць?
— Я туды не вярнуся, — сказала яна ціха, але з такой рашучасцю, што і ён пэўна сцяміў: не вернецца. Але як жа ёй заставацца тут?
— А што ж сястра? — запытаўся ён, ужо з раздражненнем павышаючы голас.
— А сястра дура, вось што! У яе ж муж быў, харошы чалавек, настаўнік, але ведаеце… Нявідны такі. Дык яна ўсё перажывала: як жа, сама прыгажуня, а муж… І во, знайшла віднага. Паліцая прадажнага.
Марыя сціхнула на лаўцы, выцерлася насоўкай, гаротна ўздыхнула і зноў кораценька, бы крадком, зірнула на яго. Агееў унутрана вылаяўся.
Аднак трэба было штось прыдумаць. Праганяць яе ў такой сітуацыі ў яго не хапала рашучасці, і ён думаў: дзе б яе схаваць? Хоць бы ненадоўга, вядома. А там будзе відаць — ці яна пярэйдзе ў іншае месца, ці ён змыецца адсюль. Наогул куткоў-закуткаў на гэтай сядзібе было нямала: хата, кухня, два хлявы, застаронак, свіран і некалькі парожніх ці немаведама чым занятых прыбудоў, у якія Агееў яшчэ не заглядваў. Трэба што пашукаць.
— Ты пасядзі, — сказаў ён. — Я пагляджу.
Ён выйшаў на двор і агледзеўся. Напэўна, спярша трэба было паглядзець у той, што за хлявом, свіронак з замком на высокіх дзвярах. Але дзе ключ ад таго замка, Агееў, канечне, не ведаў. Падышоўшы, ён пакратаў цяжкі замок, які нечакана сам расчыніўся, павісшы на кароткай дужцы. Агееў расчыніў дзверы і зазірнуў у прыцемак, поўны затхлых мешаных пахаў. Аднак не паспеў ён падняцца туды, як спалохана адхіснуўся — з вуліцы ў двор ішлі людзі. Наперадзе, адкінуўшы прэч жардзіну, крочыў Драздзенка, за ім таропка трухалі тры паліцаі з вінтоўкамі на плячах.