Шрифт:
Ціхі шолах галля ў садку прыпыніў яго роздум, і, азірнуўшыся, ён згледзеў у паўзмроку пад вішнямі невялічкі хлапечы сілуэт. Узрадаваўшыся, Агееў кінуўся насустрач і ледзьве не крыкнуў ад болю ў назе. Усё ж з ягонай нагой трэба было асцерагацца.
— Прыйшоў? Ну, ідзі сюды, — ціха паклікаў ён, павяртаючы ў хлеў.
— Я на хвіліну, — сказаў Кіслякоў. — Што здарылася?
— Пойдзем, усё раскажу.
Ён прапусціў Кіслякова наперад і, яшчэ паазіраўшыся, прычыніў дзверы хлява. Лапаючы па верхніх жэрдках перагародкі, яны ў цемры дабраліся да нізенькіх дзвярэй яго застаронка.
— Стой, сядай во сюды. А я тут… Перадалі, значыць, рабяты?
— Перадалі. А я на станцыі быў. Учора ж пакгаўз згарэў. Ну, трэба было ўдакладніць. Дык што здарылася?
Адчувалася па голасе, што Кіслякоў насцярожыўся, чакаючы яго тлумачэння, ды Агееў усё не наважваўся прыступіць да галоўнага, паведаміў:
— Нейкі дзядзька мех абутку прывёз. У рамонт. Сказаў, што ад Волкава.
— Ага, была такая размова, — не адразу сказаў Кіслякоў. — Ужо што-небудзь гатова?
— Тры пары. Больш не паспеў. Усё ж трэба асцерагацца.
— Гэта канечне. За вайсковую маёмасць у іх расстрэл. Хаця ў іх за ўсё расстрэл. Учора на мосце павесілі трох мужыкоў за марадзёрства. З разбітай машыны колы знялі. Хоць бы з нямецкай, а то з савецкай. Наогул патрэбны яны былі, тыя колы…
— Ну, немцы на ўсё глядзяць, як на сваё. Як на ваенную здабычу. Па праву заваёўнікаў, — сказаў Агееў. — Слухай, а хто такі Кавешка, не ведаеш?
— Працуе нейкі тып у раённай управе. З паперкамі бегае.
— Не толькі з паперкамі… Ён што — тутэйшы?
— Ды не. Быццам да вайны яго тут не было. А чаму вы пра яго пытаецеся?
— Прыходзіў, — сказаў Агееў і змоўк. Мабыць, трэба было сказаць пра галоўнае, ды ён усё марудзіў, набіраўся рашучасці. Але Кіслякоў, мабыць, ужо адчуў нешта і сцішыўся ў цемры.
— Панімаеш, чаму я прыбягаў да цябе? Тут штось зацяваецца, — сказаў Агееў. — Начальнік паліцыі прымусіў мяне даць падпіску…
Кіслякоў скалануўся, Агееў адчуў гэта нават у цемры.
— Якую падпіску?
— Падпіску на супрацоўніцтва. І гэты Кавешка ўжо прыходзіў з заданнем — затрымаць кагось з Беразянкі, хто прыйдзе пытацца пра Бараноўскую. А Бараноўская мая тыдзень назад як паехала, дык дагэтуль няма. Не ведаю, што і думаць.
Здаецца, ён сказаў надта многа і змоўк, чакаючы, што скажа госць. Але Кіслякоў толькі соп побач, напэўна, думаў, і Агееў падказаў:
— Мне думаецца, трэба далажыць Волкаву.
— Канечне, далажыць, — скупа пагадзіўся Кіслякоў.
— І рашыць, як мне быць.
— Гэта канечне.
— Наогул, я ўжо магу патроху хадзіць і мог бы перабрацца ў іншае месца. Можа, куды ў лес. Таму што… Таму што тут…
— Я перадам, — холадна перапыніў яго Кіслякоў і падняўся. — Давайце, што адрамантавана, я забяру.
— Тры пары ботаў.
— Давайце.
Агееў памацаў пад тапчаном і выцяг звязаныя парамі боты. Кіслякоў закінуў іх за плячо.
— Дык мне што — чакаць? — запытаўся на развітанне Агееў.
— Ну. Я звяжуся, перадам.
У цемры навобмацак ён праводзіў Кіслякова праз хлеў, і той, кінуўшы на развітанне «пака», пайшоў тым жа шляхам — сцежкай ля гарода да рова, пакуль не схаваўся ў вечаровых прыцемках. Агееў пастаяў яшчэ на двары, услухаўся ў ветраную ціш вечара. Усё ж дождж так і не сабраўся за дзень, але на ноч прыкметна пахаладнела, ён скалануўся ад ветранай сцюжы і патупаў у свой застаронак.
Жаданая размова з Кісляковым яго не супакоіла і нічога не праясніла, зноў трэба было чакаць, і колькі — хто скажа? За гэты час магло здарыцца рознае, і вельмі магчыма — кепскае. А самае кепскае было ў тым, як Кіслякоў насцярожыўся пры яго паведамленні, нібы перамяніўся ў размове і далей трымаў сябе суха, быццам з недаверам нават. Зрэшты, яно і панятна. Напэўна, Агееў і сам бы ў такім становішчы не надта даверыўся чалавеку, які даў паліцыі падпіску аб супрацоўніцтве. Але ж ён не збіраўся супрацоўнічаць і шчыра пра ўсё расказаў. Праўда, можна было падумаць, што ён прызнаўся па заданні паліцыі, каб сваёй фальшывай шчырасцю выклікаць абсалютны да сябе давер. Таму не надта проста паверыць такому чалавеку. Напэўна, падазрэнне тут натуральнае і правамернае, думаў ён, апраўдваючы то сябе, то Кіслякова. Але на душы ад таго не рабілася лепш.
Той ноччу ён спаў дужа кепска — часта прачынаўся пад кажушком, прыслухоўваўся да неспакойнага пошуму ветру за дзіравымі сценамі. Яму ўсё здаваліся асцярожныя, зладзейскія крокі і незразумелыя шолахі ў шуме ветру, і ён думаў: прыйшлі ад Волкава або вярнулася гаспадыня. Але яго ніхто не трывожыў, і, паляжаўшы, ён засынаў зноў. Устаўшы на світанні, перш за ўсё тузануў кухонныя дзверы ў хату — тыя лёгка адчыніліся, значыць, гаспадыня не паявілася. Трохі падрыгваючы ад ранішняй сцюды, ён захінуў ватоўку і, узяўшы дзіравае вядро, пайшоў на гарод накапаць сабе бульбы.