Шрифт:
— А колькі табе гадоў, Марыя?
— О, многа! — махнула яна рукой і ўскочыла ад стала. — Ужо дваццаць адзін. Старая.
— Да, — сказаў ён. — Дзяўчынка. На шэсць гадоў маладзейшая за мяне.
— Праўда? Гэта вы такі стары?
— Такі стары.
Штосьці лёгкае і дураслівае гатова было ўвайсці ў іх адносіны, калі на пэўны час забываецца рэальнасць і даецца воля ўласцівым іхняму ўзросту звычайным чалавечым пачуццям. Але толькі было гатова, ды не ўвайшло. Агееў змусіў сябе вярнуцца з неба на зямлю — страшную зямлю вайны, на якой іх пільнавала нялёгкае і трэба было ўвесь час сцерагчыся горшага. Тут ужо не да гуляў з гэтай мілай, але ўвогуле, мабыць, даволі бесклапотнай дзяўчынай.
— А вы ўсё рамантуеце? — запытала яна, таропка прыбіраючы посуд.
— Ты, — паправіў ён.
— Ну, так. Ты.
— Рамантую.
— Там многа нанеслі. Багатым будзеце.
— Будзеш.
— Ну, будзеш.
— Багатым не буду, — сказаў ён. — Таму што бясплатна.
— А вы што — сапраўды…
— Ты, — паправіў ён.
— Ты сапраўды шавец?
— У сілу неабходнасці.
— Я так і думала. Камандзір, напэўна? — сказала яна і, прыслухоўваючыся да чагось на двары, што зусім не пачуў ён, заціхла ля расчыненых дзверцаў буфета.
— Што такое?
— Быццам… Ходзіць нехта…
Агееў скочыў ад стала, кіўнуў ёй, і яна, усё зразумеўшы без слоў, кінулася ў кладоўку. Сам ён адшчапіў кручок і нетаропка выйшаў на двор.
На двары, аднак, нідзе не было нікога, толькі шумеў у кляновым голлі напорны вецер; жардзіна, якой ён перагарадзіў уваход у двор, была на сваім месцы. Ён зірнуў цераз яе на вуліцу, але там было пуста, ля паркана насупраць спакойна хадзілі па траве дзве белыя курыцы. Агееў, кульгаючы, вярнуўся на двор і раптам згледзеў у гародзе пад яблыняй чалавека ў чорным паношаным пінжаку. Нагінаючы галаву ад нізкіх сукоў і прытрымліваючы рукой капялюш, той нетаропка выбраўся на двор, надкусіў яблык. Убачыўшы Агеева, салодка заўсміхаўся абвялым зморшчаным тварам.
— А я вось, ведаеце, спакусіўся яблычкам. Яно грэх, канечне, але яблык, ведаеце, грэх не вялікі. Упаўне даравальны, пан Бараноўскі, — лёгка загаварыў яго нядаўні знаёмы Кавешка.
Агееў моўчкі глядзеў на дзікаватага госця, не ведаючы, як размаўляць з ім: жартам, сур'ёзна, запрашаць у хату ці затрымаць тут. Непрыемнае адчуванне ўжо авалодала ім, ён зразумеў, што гэты прыход — не па яблыкі, вядома. І ён прысеў на лаўку пад клёнам, зрабіўшы выгляд, што забалела нага. Кавешка, жуючы яблык, спыніўся насупраць.
— Пагутарыць прыйшоў, — сказаў ён проста і кінуў агрызак. — Няхай пан запросіць у дом.
— Зараз, — сказаў Агееў, бавячы час, каб даць магчымасць Марыі схавацца. — Нага, ведаеце…
— А, панятна. Баліць? Канечне, будзе балець. Калі цяжкое раненне…
Яны ўвайшлі на кухню, Агееў пасунуў Кавешку крэсла, сам сеў па той бок насупраць.
— О, тут у вас цеплыня. І пахне! — храшчавым носам Кавешка прагна ўцягнуў у сябе паветра. — Пахне, бы ў харошай кухаркі. Цікава — самі гатуеце?
— Сам, — сказаў Агееў, у душы праклінаючы яго чуйны нюх. Яшчэ палезе шукаць кухарку.
— Гаспадыня не паявілася? — ціхенька запытаў Кавешка і насцярожыўся. Па гэтай яго насцярожанасці Агееў зразумеў, што гаспадыня — не марная яго цікаўнасць.
— Не, яшчэ не, — сказаў Агееў. — А што, вас гаспадыня цікавіць?
— Зусім не. Запытаў проста так. Зусім не цікавіць. Яна ж вам не радзіцельніца? — запытаўся ён і зноў звузіў вострыя вочкі.
— Ну, дапусцім, — сказаў Агееў, раптам прыпамятаўшы сваю першую гутарку з начальнікам паліцыі. Д'ябал іх ведае, як з імі трымацца, з гэтымі служкамі новай улады? Працуюць яны разам ці паасобку? І ў якой меры інфармацыя аднаго даступная другому?..
Кавешка трудна ўздыхнуў, задуменна пастукаў пальцамі па гладкай дошцы стала. Добра, што Марыя паспела прыбраць з яго посуд.
— Бачыце, пан Бараноўскі… — ён трохі памарудзіў, але хутка нешта прыпомніў і працягваў: — Будзем называць вас так. Нам вядома, канечне, што вы не Бараноўскі, але не будзем прыдзірацца. Галоўнае — вы беларусін, і я гэта адчуў адразу…
— Гэта якім чынам? — па-ранейшаму трымаючыся на пэўнай адлегласці ў адносінах, запытаўся Агееў.
— Э, што пытацца. Я, пане, земляка-беларусіна за вярсту чую. Нюхам чую. А вы, выбачайце, хоць і па-расейску гаворыце, але ў кожным вашым слове гучыць беларусін. Старажытная мова, ведаеце, з панскіх часоў, з часоў Вялікага княства. Яе не так проста вынішчыць. Калі расійцы за стагоддзі не вынішчылі…
— А як жа немцы?
— Прабачце — што немцы? Не зразумеў, — адразу наморшчыў абвялы тварык Кавешка.
— Як немцы паставяцца да гэтай мовы?
— Хе-хе, баценька, гэта надта праблематычна, — захіхікаў Кавешка. — Вельмі праблематычна, хе-хе. Але мы выжывем, — раптам цішэй, але са стоеным запалам загаманіў госць. — Мы выжывем. Галоўнае, вынішчыць зло нумар адзін. А пасля…
— Як бы нас саміх не вынішчылі, — не стрымаўся Агееў.
— Не, гэтага не можа быць. Гэтага не павінна быць, — пацягнуўся да яго цераз стол Кавешка. — Немцы культурная нацыя. Зноў жа — сіла хрысціянскай традыцыі. Я доўга жыў сярод іх, ведаю. Я вельмі спадзяюся…