Вход/Регистрация
Кар'ер
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

— На іх культуру?

— Так, і на іх культуру.

— Культуру забіваць. Жанчын і дзяцей. І клапоцяцца, каб ежу з сабой узялі. На трое сутак! — раптам гнеўна прарвалася ў Агеева, і ён зараз жа пашкадаваў: знайшоў перад кім выкладацца. Але сказанага не вернеш. Ён думаў, што Кавешка раззлуецца і пачне пагражаць, а той раптам зазначыў з папрокам:

— Дык гэта ж яўрэяў. Трэба разумець.

— А яўрэі не людзі?

— Непаўнацэнная раса, — з націскам сказаў Кавешка. — Яно, можа, і не па-хрысціянску, але… Калі разабрацца, яны нам чужынцы. Яны сапсавалі нашу гісторыю. Яны стагоддзямі расслаблялі дух беларусінаў. Не будзем шкадаваць іх…

— Не будзем шкадаваць мы, не пашкадуюць і нас.

— І не трэба. Не трэба, пан Бараноўскі, нікога шкадаваць! Шкадаванне — патрэбна слабым. Гэта хаця і хрысціянскае пачуццё, але, несумненна, з ліку атавістычных. Не трэба шкадавання! Зараз нам трэба сіла і згуртаванасць. Вядома, пад германскімі сцягамі. Фюрар, ён правадыр арыйцаў, а беларусіны напалову арыйцы. Крывічы, напрыклад. Праўда, некаторая частка надта папсута інародцамі, асабліва татарамі і жыдамі. Але мы людзі сціплыя, радыя і таму, што засталося. Ёсць, ёсць здаровае ядро, з якога разаўецца раса. Трэба толькі спадзявацца на сілу.

— На германскую сілу? — іранічна ўдакладніў Агееў.

Кавешка іроніі не прыняў і, здаецца, нібы ўзрадаваўся падказцы.

— Вось іменна — на германскую. Іншае сілы на зямной кулі цяпер, на жаль, не існуе.

— А раптам знойдзецца, — з упартым пачуццём пратэсту сказаў Агееў і зірнуў у бляклыя вочы госця. У глыбіні іх тлеў, аднак, даволі злосны агеньчык, і Агееў сказаў сабе ў думках: хопіць, так можна дастукацца. Напэўна, штосьці зразумеў і госць — можа, сцяміў, што надта далёка зайшоў у сваёй размове з малазнаёмым чалавекам.

— Ну што ж, прыемна, ведаеце, пагутарыць з разумным і… перакананым чалавекам. Цвёрдасць перакананняў, яна заўжды нешта значыць. Нават і памылковых. Цяпер гэта не часта бывае. Вось і гэта… Ваша гаспадыня, значыць… Бараноўская. Яна ж жанчына цвёрдага погляду?

— Не ведаю, — знарок абыякава сказаў Агееў. — Не цікавіўся.

— Не цікавіліся? І дарма. Вось вы пагутарыце як-небудзь.

— Як жа пагутарыш, калі яе няма? Ужо другі тыдзень.

— Гэта кепска. Нам яна таксама патрэбна. Нам яна нават неабходна. Але куды яна прапала? Вам не казала? — запытаў Кавешка і зноў знерухомеў, поўны ўвагі.

— Не, не казала.

— Да, вось дык праблема, — госць зноў задуменна пастукаў па стале худымі косткамі пальцаў. — Ведаеце што? Яна павінна азвацца. Не можа таго быць, каб не азвалася. Так што вы неадкладна паведаміце.

— Гэта куды? — запытаў Агееў. — Ва ўправу ці ў паліцыю?

Кавешка хітра прыжмурыўся.

— Не ведаеце? Які вы, аднак, непанятлівы, на самай справе. Пры чым тут управа?

— Дык вы ж ва ўправе робіце?

— Гэта, баценька, няважна, дзе я раблю. А паведаміць трэба ў эсдэ. У памяшканні былой міліцыі.

— А Драздзенка? — не мог чагосьці зразумець Агееў

— Не турбуйцеся, пане. Драздзенку мы растлумачым.

— Во як! — здзівіўся Агееў, падумаўшы: чорта лысага вы ад мяне дачакаецеся. І вы з вашай эсдэ, і Драздзенка таксама.

Ён моўчкі праводзіў госця з падворка і той, відаць, апанураны ад нейкай няўдачы (можа, адсутнасцю Бараноўскай), суха кіўнуў на развітанне і борздзенька патупаў па вуліцы. Агееў яшчэ пастаяў нядоўга, адчуваючы, як дзесь унутры ў ім узнімаецца злосная хваля — ад яго бяссілля, міжвольнай пакорлівасці, вымушанай падначаленасці. І каму? Яны ўжо звязалі яго і з СД — паліцыі ім аказалася мала. І вось змушаюць — упарта і настойліва — на пэўную здраду цяпер ужо ў адносінах да Бараноўскай. Хаця з Бараноўскай ён не мог ім ні памагчы, ні нашкодзіць, ён сам нічога пра яе не ведаў. Але як бы не пранюхалі пра Марыю! Праўда, падобна было на тое, што Марыя іх пакуль не цікавіла, можа, не зацікавіць і далей? Знікла, ну, і бог з ёй, мабыць, у іх ёсць справы больш пільныя. Хіба што выпадкам, пільнуючы Бараноўскую, могуць наткнуцца на Марыю, тады пэўна ўжо ім не паздаровіцца абедзвюм.

Агееў прайшоў па сцежцы ў гарод, агледзеў сад, быццам там мог хавацца другі Кавешка, і нетаропка вярнуўся на кухню. Марыі, вядома, тут прастыў ужо і след, напэўна, забілася на гарышча, і ён, накінуўшы на прабой кручок, таксама палез туды. Устрывожаная, Марыя сядзела на кукішках у цёмным кутку за куфрам.

— Пайшоў, не бойся…

Яна з палёгкаю выбралася на больш вольнае месца, страсянула ад пылу падол сарафаніка. Сляды страху і трывогі ўсё тлелі ў яе насцярожаным позірку, увага была скіравана на слых. Але, здаецца, навокал было ціха.

— Што ён — пра мяне пытаўся?

— Пра Бараноўскую, — ціха сказаў Агееў. — Чамусьці ім Бараноўская спатрэбілася.

— Вярбуюць, напэўна, — проста сказала Марыя, і ён насцярожыўся.

— Вярбуюць? А навошта ім яе вербаваць?

— А яны цяпер усіх вярбуюць. Амаль пагалоўна. Каб пасля выбіраць. Хто патрэбны.

Абое яны спыніліся абапал дахавага акна, пазіраючы ў яго цьмянае, з павуціннем шкло і слухаючы несціханы шум ветру над дахам. Марыя з гідлівай грымасай на няўсмешлівым цяпер твары няўцямна круціла вялікі гузік свайго жакета.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 53
  • 54
  • 55
  • 56
  • 57
  • 58
  • 59
  • 60
  • 61
  • 62
  • 63
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: