Вход/Регистрация
Кар'ер
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

Мог ён і страціць Залатую Зорку, як знаёмы Агеева малодшы лейтэнант Мількоў, удалы разведчык, чалавек незвычайнай адвагі. З якой толькі калатнечы не выбіраўся ён на фронце, плоцячы за тое хіба што лёгкімі раненнямі, адно з якіх, па сутнасці, і загубіла яго маладое жыццё. Трапіўшы з прастрэленай рукой у армейскі ГЛР, размешчаны ў недалёкім тыле, Мількоў, напэўна, рашыў, што тут ужо можна расслабіцца — немцы і начальства далёка. Набраўшыся польскага бімберу, ён учыніў п'яную бойку з прымяненнем зброі, не паслухаў старшых афіцэраў, быў арыштаваны камендантам гарнізона, аддадзены пад суд ваеннага трыбунала, пазбаўлены звання Героя і адпраўлены радавым у штрафную роту без ніводнай з заслужаных ім дзевяці ўзнагарод.

Трохі менш сумны лёс праўдалюбца старшыны Ступакова, артылерыста-супрацьтанкіста, які, застаўшыся адзін ля гарматы, падбіў з яе восем танкаў. Праўда, спярша артылерыстаў было два, ён і ягоны зямляк, які загінуў у разгар паядынку, Ступакоў быў паранены, усе падбітыя танкі залічылі яму і прадставілі яго да звання Героя Савецкага Саюза. Аднак прэтэндэнт на Героя, любячы праўду больш, чым узнагароды, пачаў усюды пісаць, што да гэтага звання трэба прадставіць і ягонага забітага сябра, бо той падбіў пяць з васьмі танкаў і таму заслужыў яго з яшчэ большым правам. Скончылася, аднак, тым, што начальства адклікала прадстаўленне, і Героя не атрымаў ніхто. Праўда, праз месяц Ступакова ўзнагародзілі ордэнам Айчыннай вайны другой ступені.

І вось цяпер яшчэ адзін неардынарны ваенны лёс, які пакінуў без адказу шэраг пытанняў, не праясніў многіх загадкавых абставін.

А дзе разгадка яго шматгадовай загадкі? Разгадаецца яна калі-небудзь ці і яму наканавана, як Сямёну Сямёнаву, пакінуць яе жывым? Або цалкам узяць у магілу?

Зусім трохі заставалася яму працы — на дзень, не болей, і ён з чыстым сумленнем мог палічыць, што перавярнуў увесь кар'ер і не знайшоў нічога. Яе тут няма, значыць, яна магла выжыць. І з ёй магло выжыць новае, невядомае яму жыццё, якое цяпер зрабілася для яго важней за ўсё на свеце. Чамусьці на гэтым нязнаным жыцці сышоўся няскладны ягоны лёс — пралёг у будучыню. Гэта была тоненькая саломінка ў полі, маленькая іскрынка на ветры, але яна давала надзею. Агееў ужо выразна адчуваў, што яго існаванне без яе траціла ўсякі сэнс. З ёй жа — неспазнанай і загадкавай — усё рабілася інакшым, жыццё набывала сэнс, змест, а галоўнае — яно прадаўжалася. Няхай у іншых формах, у іншым аб'ёме і часе, але яно суцяшала. Іншага суцяшэння для Агеева ўжо не заставалася на гэтай зямлі, і ён вельмі шкадаваў, што надта позна зразумеў гэта.

Тое, што павінна было стацца паміж маладымі людзьмі, сталася на трэцюю ноч іх начлегу ў застаронку, і яны апынуліся нарэшце пад адным кажушком на тапчане. Дождж на падворку ўжо не ішоў, але над сядзібай па-ранейшаму гуляў сцюдзёны восеньскі вецер, які, павярнуўшы з поўначы, наскрозь прадзімаў застаронак. І ўсё ж тут было зацішней, чым на вялізным гарышчы, а галоўнае — тут здавалася болей бяспечна. Побач быў непрыкметны ход на гарод, дзе пад каменем ляжаў пісталет. Той ноччу яны доўга не маглі заснуць і ціхенька гутарылі пра ўсё. Марыя хутка пазбылася сваіх беспадстаўных страхаў і смяшліва хіхікала пад кажушком у адказ на стрыманыя жарты Агеева, якімі той адгукаўся з сена. Абое яны быццам забыліся, дзе знаходзіліся, забыліся, што ў свеце грымела вайна і небяспека пагражала кожнаму. Ім было добра разам, і ў пачуццях Агеева тлела-расла рашучасць, якую нарэшце немагчыма стрымаць. Скінуўшы з сябе ахапак сена, ён падышоў да тапчана і прыўзняў палу кажушка. Марыя, наперакор яго спадзяванню і свайму палахліваму «не», пасунулася да сцяны.

Тая ноч для абаіх мінула без сну, у мешаніне пачуццяў, неадольнай пяшчоце, якая нечакана авалодала імі, і толькі пад ранак яны ўсё ж забыліся ў кароткім сне. На світанні Марыя прачнулася першая, саскочыла з тапчана. Следам прахапіўся Агееў і, нібы з пахмелля, мала што разумеючы, скіраваў на яе недаўменны позірк.

— Куды ты?

Спярша яна ўся заўсміхалася, а пасля, насцярожаная і зваблівая ў сваёй цнатлівай збянтэжанасці, асцярожна ступіла да яго і з недзяўчачай, хутчэй мяцярынскай пяшчотай пацалавала яго каля вуснаў. Прыгадаўшы ўсё, што здарылася паміж імі ў гэтую непагодную ноч, ён паморшчыўся, падумаўшы, што, мабыць, Марыя пачне папракаць яго, можа, нават заплача. Ён не трываў папрокаў, тым болей жаночых слёз, але яна толькі гаротна ўздыхнула і сказала шэптам, поўным захаплення і ўдзячнасці:

— Алег! Алежка… Дзякуй табе…

— За што ж дзякуй, дзівачка?..

Ён абняў яе за вузкія плечы, далікатна прыцягнуў да сябе.

— За ўсё, усё дзякуй.

Аднак ужо развіднелася, і яны спяшаліся пакінуць застаронак, удзень бяспечней было хавацца ў вялікім доме з яго кухняй, кладоўкай, гарышчам. Звычайна, пакуль Марыя гатавала што-небудзь паесці, ён хадзў па падворку, пільнаваў яе ад вуліцы, каб пры выпадку, калі хто зойдзе, затрымаць яго і даць ёй магчымасць схавацца. Дранікаў яна ўжо не пякла, скончыўся тлушч у слоіку, і Марыя варыла бульбу, якую яны елі, макаючы ў соль на талерцы. Хутаючыся ў ватоўку, Агееў стаяў ля клёнаў і пазіраў угару на дах дома, чакаў, калі з коміна пойдзе дым — значыць, Марыя запаліла ў пліце, трэба было прычакаць, калі зварыцца бульба. Усё, што здарылася ноччу, цяпер прыпаміналася з прыкрасцю ў яго неспакойных пачуццях, і на цвярозую галаву ён пачаў дакараць сябе за тое, што ў адносінах з ёю дайшоў да таго. Канечне, з гэтай дзяўчынай цяжка было ўстрымацца ад граха, але ўсё ж ён павінен быў праявіць волю і ўтрымаць сябе ад апошняга кроку. Але во не знайшоў у сабе гэтай волі, паплыў па хвалях пачуццяў ды яшчэ ў такі самы непрыдатны для таго час. На свеце грымела вайна, ягоныя таварышы гінулі на фронце, а ён чым заняўся? Ды і яна вінавата — прыйшла, падпусціла… Што цяпер будзе? Нічога, вядома, добрага — гэта ён ведаў напэўна, будзе абаім кепска. Але гэта ён думаў зараз, разважаючы халоднай галавой, а на сэрцы ў яго наперакор усяму журчэла ціхая пяшчота да гэтай мілай дзяўчыны, якая так безаглядна і даверліва аддалася яму. І ён гатовы быў яе апекаваць, дапамагаць ёй у той пастцы, куды яе загнала вайна, нават гатовы быў пацярпець за яе — ён не адчуваў у тым гнятлівасці — хутчэй рашучасць і нявыказанаю ціхую радасць.

Праўда, радасць яго хутка міналася.

У такія вось ціхія хвіліны, калі ён заставаўся сам-насам, у ім узнікаў і ахопліваў яго ўсё большы неспакой з тае прычыны, што ішоў час, а яго пражыванню тут не відаць канца. Нага яго спакваля ўваходзіла ў норму, рана гаілася, і ён, трохі кульгаючы, ужо без кія мог хадзіць па падворку, выходзіць на вуліцу. Яму здавалася, што ён ужо здолеў бы паціху пусціцца на ўсход, да сваіх. Але во бяда, фронт усё не спыняўся, нашы адступалі, і, мяркуючы па ўсім, баі шлі дзесь за Смаленскам, можа, пад Масквой нават. Зрэшты, дакладна ён нічога не ведаў, усе сувязі яго парваліся, з лесу ніхто не прыходзіў. Ужо быў адрамантаваны ўвесь абутак, поўны мех якога ён запіхаў пад сена ў застаронку, каб аддаць таму, хто па яго прыйдзе. Але па абутак ніхто не прыходзіў, недзе прапаў Кіслякоў, і Агеевым усё болей авалодвала трывога ад сваёй адасобленасці, такой доўгай адзіноты. Ён пачаў ужо шкадаваць, што расказаў Кіслякову аб сваіх адносінах з паліцыяй, пра што той, вядома ж, перадаў Волкаву, і вось у выніку крыўдны недавер да яго. Вельмі падобна было на тое. Але гэта было б жахліва, гэта знішчыла б яго маральна, зусім не даўшы магчымасці што-колечы растлумачыць, у чымсь апраўдацца. Для сканчэння гэтай недарэчнасці не хапала хіба, каб яны пакаралі яго. Якая ў такіх умовах магла быць кара, ён ужо здагадваўся.

Зашчапіўшы дзверы на кухні, яны моўчкі паелі бульбы, якая, аднак, толькі ненадоўга спатоліла голад, і Марыя штось прыкмеціла ў ягоным позірку ці, можа, адчула ў яго настроі. Яна з'ела ўсяго тры бульбіны, рэшту ў талерцы падсунула яму, і ён даеў усё.

— Не наеўся? Не? — запыталася Марыя.

Ён адвёў свой позірк — прыкідвацца далей, што сыты, вылазячы з-за стала, у яго ўжо не ставала сілы.

— Бульбай хіба наясіся?

Марыя ненадоўга задумалася.

— Алежка, можа, я выбегу? Ну, на пятнаццаць хвілін? Тут во к суседзям.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 58
  • 59
  • 60
  • 61
  • 62
  • 63
  • 64
  • 65
  • 66
  • 67
  • 68
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: