Вход/Регистрация
Кар'ер
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

Агееў зразумеў адразу, што яна мае на ўвазе, і сказаў строга:

— І не думай! Сядзі, нікуды не вытыркайся!

Ён быў галодны, але думаў цяпер не пра хлеб — ён думаў, як яму звязацца з Малаковічам. З Малаковічам бы ён пагутарыў па шчырасці, ужо хто, а Малаковіч павінен яго зразумець і, можа, памагчы. Але лейтэнант быў далёка, здаецца, за два кіламетры, на станцыі; зноў жа, сустракацца з ім Агееву забаранілі ў самым пачатку. Агееў пачакаў, пакуль Марыя прыбярэ са стала, і абняў яе, з маўклівай пяшчотай пацалаваў у лоб і выйшаў на двор.

У той дзень зранку надвор'е быццам пачало лепшаць. Усюды яшчэ было мокра, каля вугла дома стаяла лужына мутнай вады, на вуліцы холадна блішчэла мокрая гразь, з кляновага голля падалі долу буйныя кроплі. Але неба яснела, у разрывах аблокаў ненадоўга паяўлялася сонца. Агееў захінуў ватоўку, прайшоў у сваю апусцелую майстэрню-альтанку. Рабіць тут не было чаго, ён прысеў на табурэтку за набрынялыя вільгаццю дошкі стала, пачаў чакаць. Ён думаў, што хто-небудзь паявіцца на вуліцы, можа, з тых, хто патрэбны яму, ці, можа, каму-небудзь спатрэбіцца ён. Ён сядзеў доўга, але на вуліцы ніхто не з'яўляўся. Толькі захутаная ў тоўстую хустку жанчына правяла пярэстую карову — мабыць, на пашу, аднекуль з гародаў выскачыў бяздомны сабака, спыніўся, з цікаўнасцю паўзіраўся ў яго і пабег сваёю дарогай.

Праз гадзіну на тым баку вуліцы паявіўся гадоў дзесяці хлопчык у вялікай, насунутай на вочы кепцы, з дубчыкам у руках. Роздумна сцябаючы дубчыкам па галовах малачаю, які буйна разросся пад плотам, ён паглядваў у бакі. Калі ён затрымаў свой позірк на Агееве, той, раптам узрадаваўшыся, махнуў рукой:

— Ідзі сюды!

Хлопчык нетаропка падышоў, саўгануўшы ўгору кепку, пільна ўставіўся ў яго светлымі вачыма.

— Цябе як завуць?

— Віця.

— Яблыкаў хочаш?

Віця згодна кіўнуў галавой і зноў саўгануў сваю кепку, якая ўсё з'язджала на вочы.

— Ану, ідзі сюды.

Агееў прывёў яго на гарод да смачнай малінаўкі, на якой яшчэ можна было дастаць знізу некалькі пераспелых яблыкаў. Ухапіўшыся за галінку, падцягнуў сук, які абдаў яго сцюдзёнымі кроплямі.

— Ты дзе жывеш? На гэтай вуліцы?

— Не, я — на Бялінскага. Во тут блізка.

— У школу хадзіў?

— Хадзіў. У трэці клас. Цяпер не хаджу.

— Будзеш хадзіць. Як немцаў прагоняць. Пойдзеш у чацьвёрты.

— Хутчэй бы, — сказаў Віця і зусім па-даросламу ўздыхнуў — працягла і трудна.

— У цябе татка ёсць?

— Ёсць. На вайне толькі. А можа, ужо і няма.

— З мамай жывеш?

— З мамай.

Агееў сарваў некалькі яблыкаў, Віця распіхаў іх па тугіх кішэнях, за пазуху і сказаў, калі Агееў пацягнуўся да новай галіны:

— Мне ўжо хопіць.

— Ну, хопіць, дык хопіць, — сказаў Агееў і вылез з-пад нізкіх галін. — Слухай, Віця, а ты на станцыі быў?

— Быў. Толькі даўно ўжо. Там у мяне цётка жыве.

— А дзе качагарка, ведаеш?

— Гэта што за семафорам?

— Ну, — пацвердзіў Агееў, хаця сам, канечне, не ведаў, дзе тая качагарка. — Ты не мог бы збегаць туды?

У светлых вачах Віці паявілася стрыманая цікаўнасць, і ён з гатоўнасцю кіўнуў галавой.

— Збегаю. А што зрабіць?

Яны выйшлі з гарода. Агееў абтупаў на сцежцы мокрыя ад расы боты, Віця босы стаяў на мокрай траве.

— Панімаеш, там працуе твой цёзка, дзядзя Віця. Знойдзеш яго і скажаш, што яго чакае кульгавы дзядзя. Паняў?

Віця моўчкі кіўнуў і паправіў кепку, гатовы бегчы, выконваць даручэнне.

— Але каб нікому болей ні слова! Перадасі дзядзю Віцю і адразу дадому. А заўтра прыйдзеш, я табе яшчэ яблыкаў дам.

Боўтаючы цяжкімі кішэнямі, Віця пабег на вуліцу, а Агееў зноў заняў свой пост у майстэрні-альтанцы. Можа, ён зрабіў і няправільна, можа, не трэба было давяраць тое хлопцу, тым болей выклікаць сюды Малаковіча. Але ў яго ўжо не хапала вытрымкі, гэтая няпэўнасць прыгнятала яго горш за якую небяспеку.

Ён праседзеў у альтанцы яшчэ з гадзіну і нікога не дачакаўся. Местачкоўцы, падобна на тое, у ім не мелі патрэбы і паводзлі сябе так, быццам увесь іх абутак быў у парадку. А можа, яны рамантавалі яго ў іншым месцы, дзе-небудзь бліжэй да цэнтра? Ці, можа, несамавіты выгляд яго майстэрні не даваў ёй даверу? Агееў нарэшце раззлаваўся, пайшоў дадому і, зашчапіўшы дзверы на кухні, палез на гарышча. Марыя чакала яго наверсе і, толькі ён ступіў з драбіны, абхапіла яго ззаду рукамі, ціхенька засмяяўшыся над вухам.

— Марыя!

— А я цябе бачыла, вось! Як ты ў альтанцы сядзеў — незадаволены такі, злосны. Во зірні.

Яна падвяла яго да скошанага даху за куфрам, дзе каля кроквы свяцілася невялікая, з паўдалоні, дзірка, з якой былі бачны альтанка і частка двара ад вуліцы.

— А што гэта такое? — запытаўся ён, убачыўшы расчынены куфар з грудай кніжак у цёмных пераплётах, падшыўкі старых пажоўклых часопісаў, нейкіх папер, купкі іншых выданняў у мяккіх вокладках з неразрэзанымі старонкамі.

— Кнігі, разумееш!

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 59
  • 60
  • 61
  • 62
  • 63
  • 64
  • 65
  • 66
  • 67
  • 68
  • 69
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: