Вход/Регистрация
Кар'ер
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Але ж і там патрэбны… давер. З падазрэннем як жа ў атрад?

— Гэта правільна, — памаўчаўшы, сказаў Агееў, устаў і зноў сеў на тапчан.

Вось пра гэта ён не падумаў. Яму здавалася: толькі б вырвацца адсюль у лес, у партызанскі атрад, дзе вакол будуць свае, і ён вызваліцца ад гнятлівай няпэўнасці, ад зняважлівай падазронасці з боку сваіх жа. Але ж і там з падазрэнне немагчыма — такі ён там проста непатрэбны.

Дык што ж яму рабіць?

Што рабіць, не параіў і Малаковіч, які, мабыць, сам ведаў не больш за яго. Агееў разумеў тое і звяртаўся да яго толькі таму, што лейтэнант быў мясцовы, ведаў большую колькасць людзей і, думалася, — сувязь у яго павінна быць болей надзейная. Аказваецца, са знікненнем Кіслякова ў яго таксама шмат што абарвалася.

Агееў праводзіў Малаковіча да канца гародаў, і яны стрымана развіталіся. Калі б ведалі абодва, што ім так нядоўга засталося быць на волі, што гэта ў іх апошняя магчымасць адкрыта і па шчырасці пагутарыць пра ўсё… Але — не ведалі. І лёгка рассталіся. Малаковіч, як здалося Агееву, — з палёгкай нават, і Агееў, пастаяўшы хвіліну, праводзіў яго невясёлам позіркам, пакуль той не схаваўся ў цемры. Застаўшыся адзін, ён пачаў думаць, чаму так заведзена ў людзей, што вось паявілася маленькае непаразуменне — і ўжо гатовы ўсумніцца, гатовы паверыць некалькім невыразным фактам і не верыць доўгім гадам сяброўства, знаёмства, сумеснай работы, нарэшце, выпрабаванням пагібеллю, якія яны нядаўна стрывалі. Але няўжо Малаковіч таксама ўсумніўся ў ягонай шчырасці, няўжо падумаў хоць на хвіліну, што ён двурушнічае і можа ім здрадзіць? Здрадзіць дзеля каго? Дзеля вось гэтых шакалаў, сабак, якія самі некалі здрадзілі самаму святому ў жыцці — радзіме і народу — дзеля ўратавання ўласнай шкуры? І ён пойдзе да іх служыць? Трэба было зусім не ведаць яго, старшага лейтэнанта Агеева, ці мець самому курыныя мазгі ў галаве, каб падумаць такое. Але ж, напэўна, падумалі. Мабыць, думаць так было болей звыкла? Ці прасцей? Ці, магчыма, болей практычна, дальнабачна? Але калі дальнабачней, як жа тады яго чалавечы лёс? Ці ў такіх абставінах адзін лёс нічога не варты? Дык колькі ж тады лёсаў могуць што-небудзь значыць? Сто? Тысяча? Дзесяць тысяч?

Не, мабыць, калі нічога не варты адзін, дык мала чаго варта і дзесяць тасяч. Такі ўжо элементарны закон арыфметыкі. Арыфметыкі, але не вайны. У вайны свае, далёка не людскія законы, і яны будуць правіць людзьмі, пакуль будуць войны.

Ну што ж, што будзе, тое будзе. Галоўнае — не мітусіцца, не вукручвацца, думаў Агееў, застацца чалавекам, якім ён быў дваццаць шэсць пражытых гадоў. Тыя чатыры гады, што ён праслужыў у арміі, ён імкнуўся быць спраўным камандзірам і, мабыць, такім быў. Па крайняй меры, у яго асабовай справе, якая некалі была ў страявой часці палка, значылася восем падзяк і ніводнага спагнання, хаця сутычкі з начальствам не былі для яго рэдкасцю, здараліся і заслужаныя ім наганяі. Але, апроч службовых адносін з начальствам, былі яшчэ рознага роду адносіны з роўнымі сабе, сярэднімі камандзірамі, сябрамі, былі, нарэшце, адносіны з падначаленымі сяржантамі і чырвонаармейцамі. І для Агеева, можа, даражэй за думку начальства была дзе-небудзь бегла прамоўленая фраза: «А ён быццам някепскі мужык, гэты наш начбой!» Да іншых водгукаў пра сябе ён не прывык за жыццё, і тое, што цяпер закручвалася вакол яго ў гэтым мястэчку, проста кідала яго ў роспач.

Растрывожаны і апанураны, ён пайшоў на кухню і толькі ў цемры зашчапіў дзверы, як трапіў у абдымкі цёплых дзявочых рук. Марыя падвяла яго да стала і зашаптала, падсоўваючы крэсла:

— Ну, зараз я цябе накармлю… Зараз, зараз…

Перш чым ён што-небудзь паспеў зразумець, яна сунула яму ў рукі вялізную скібіну хлеба, ад якой апетытна запахла кменам, у другую — вялікую кварту з малаком.

— Еш! Ну? Смачна?

Сапраўды, гэта было надта смачна, здавалася, ніколі не еў ён такога смачнага хлеба і такога малака, ён знемагаў у асалодзе, моўчкі праглынуў усё, запіў рэштаю малака.

— Ну, пад'еў? Хочаш яшчэ?

Агееў больш не хацеў — ён ужо зразумеў, што яна выбягала кудысь, можа, да сястры ці суседзяў, і яму зрабілася страшна. Марыя была тут адзінаю яго ўцехай і, напэўна, адзінай апорай, на якую можна было спадзявацца. Небяспека страціць яе азвалася ў ім спалохам, якога ён не ведаў нават перад пагрозай уласнай пагібелі.

— Дзякуй! — сказаў ён, цалуючы ў цемры мяккія яе далонькі. — Але я цябе папрашу: не хадзі болей нікуды! Не трэба! Як-небудзь. Пойдзем разам…

— Куды? — з наіўнай паспешнасцю запытала яна, быццам гатовая зараз жа бегчы разам з ім.

— Куды? Пойдзем куды-небудзь. Настане час — і пойдзем.

— Настане час! Я веру, што настане часю павінен настаць. І скончыцца гэтая ноч. І ніхто не будзе нам пагражаць. Ой, як я хачу дажыць да таго часу… Мілы, Алежка мой!..

Яна апусцілася долу каля яго калень, абедзьвюма рукамі абняла іх, і яны лашчыліся так, ледзьве стрымліваючыся, каб не плакаць. І ён моўчкі выціраў яе мокрыя шчокі, напружана думаючы, як уратаваць яе і сябе ад бязлітаснай калясніцы знішчэння. Можа быць, менавіта ў той вечар ён адчуў тое, што раней неяк не даходзіла да яго свядомасці — што ён кахае яе, — насуперак сваім намерам, насуперак вайне і нават здароваму сэнсу. Напэўна, яму трэба было сказаць ёй пра тое, але хіба і без слоў не было зразумела ўсё…

Надвор'е рэзка павярнула на восень, зачасцілі нудныя слотныя дажджы, а калі яны пераставалі, асабліва ўранні, напаўзалі туманы, у якіх патаналі дамы, гароды, платы і дрэвы. Аднаго разу, устаўшы на світанні, Агееў не пазнаў двара — усё, што было перад варотамі, знікла ў стылай шэра-малочнай навалачы. Сядзіба сціхла, неяк дзіўна, затоена, вуліца нібы вымерла, змоўкла і ўсё мястэчка.

Той ноччу Агееў з Марыяй заснулі толькі перад світаннем, усю ноч праседзеўшы ў застаронку ад незразумелай трывогі, якая падняла на ногі местачковыя ўлады і паліцыю. Пачалося ўсё са здзічэлага крыку дзесь на ўскраіне, у раёне могілак, пасля раздаліся стрэлы ў ваколіцы, і па іх Зялёнай вуліцы прабегла некалькі чалавек — усё туды ж, у бок могілак. Тупаценне іх ног глуха аддалося ў начы, але галасоў не было чуваць, быццам гэта прабег строй салдат ці паліцыі. Пасля на суседняй, болей наезджанай вуліцы застукалі фурманкі, там жа пачуліся галасы, нават крыкі, а недзе ля цэнтра і царквы прагырчэлі цяжкія машыны, і святло ад іх фар жоўтымі плямамі мільганула ў тумане над дахамі местачковых хат. Сцяўшы дыханне, Агееў слухаў, спрабуючы зразумець, што адбываецца ў мястэчку, але зразумець было не так лёгка. Марыя, прыпаўшы да яго і абхапіўшы ягоныя плечы рукамі, дробна дрыжала, нібы ў гарачцы, ён хутаў яе ў кажушок і думаў, як бы не давялося ратаваць яе ў гэтую трывожную ноч. Ніжнюю адарваную дошку ў сцяне застаронка ён паказаў ёй даўно, дзяўчына магла пралезці ў гарод, але што далей? Куды ратавацца з гарода, яны так і не вырашылі.

Яны не вырашылі шмат чаго ды так і занулі пад ранак у пяшчотных абдымках, калі гэтая малазразумелая трывога неяк сама па сабе ўляглася і ўсё навокал паступова заціхла.

У волглым застойным тумане ўсё на падворку было настылае, золкае і няўтульнае. На змакрэлым голлі віселі празрыстыя кроплі, сцякалі па мокрых камлях дрэў; туман ціха ахутваў рыжае лісце клёна і, чапляючыся ў суках, ціха клубіўся там, марудна спаўзаючы на чорны, набрынялы вільгаццю дах хаты. Агееў схамянуўся ад сцюжы і перш за ўсё падышоў да дзвярэй на кухню — клямка звечара некранутай ляжала на прабоі, значыць, Бараноўскай усё не было. Ён перастаў ужо лічыць дні і тыдні, што мінулі пасля яе ад'езду; мабыць, сапраўды ягоная гаспадыня прапала назаўжды і без знаку. Яны з Марыяй ужо з'елі паўагарода бульбы, падабралі, што можна было падабраць з ежы ў кладоўцы, але з маёмасці нічога не чапалі, абыходзіліся пакуль кажушком ды стракатаю ватнай коўдрай, што была на гарышчы. Кожны раз, прачынаючыся ў застаронку, Агееў чакаў, што хто-небудзь з'явіцца ў двары і скажа: «Ад Волкава». Але ішлі дні, а ніхто не прыходзіў, мех з адрамантаваным абуткам па-ранейшаму ляжаў пад сенам. Не паявіўся і Кіслякоў. Агееў адчуваў сябе абсалютна закінутым і забытым, і адзінаю ягонай уцехай была Марыя.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 62
  • 63
  • 64
  • 65
  • 66
  • 67
  • 68
  • 69
  • 70
  • 71
  • 72
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: