Вход/Регистрация
Кар'ер
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

Апусціўшыся ля куфра, Марыя выцягнула адтуль тоўсты том у прыгожай, з царскім гербам, вокладцы.

— Вось: «Россия, полное географическое описание нашего отечества под редакцией Семенова». Гэткая кніга і ў нас была, баця яе ў экспедыцыі браў. А во тры тамы Шэлер-Міхайлава з дваранскага быту, некалі я ім зачытвалася. Во «Бесы» Дастаеўскага. А часопісаў колькі!

Следам за Марыяй ён таксама пачаў перабіраць у куфры бязладна наваленыя туды тамы старых выданняў і сярод іх патрапаныя падшыўкі часопісаў «Будильник», «Осколки», «Стрекозы», цяжкі камплект «Нивы» за 1916 год. На першай старонцы камплекта быў змешчаны малюнак маладой прыгажуні ў святочным убранні з пацеркамі на грудзях і крылатымі херувімамі, што пырхалі навокал з часопісам у руках. Унізе значылася імя выдаўца А. Ф. Маркса — сорак сёмы год выдання. Агееў з цікавасцю пагартаў багата ілюстраваную падшыўку, і зноў на яго дыхнула вайной: карта ваенных дзеянняў з лініяй фронту ад Рыгі да Кішынёва і ў Закаўказзі каля Тэгерана, пасля ішлі здымкі нейкай «Северопомощи» з натоўпамі мужыкоў і салдатак, артбатарэя на пазіцыі. Пад прыгожа намаляваным загалоўкам «Вечная память» стракацелі рады афіцэрскіх здымкаў, і ён угледзеўся: палкоўнік Крабэ з ліха падкручанымі вусамі, палкоўнік Баркоўскі, падпалкоўнік Ленц у модным тады пенснэ, капітан Гусакоў з суровым паглядам з-пад навіслых броваў, самотна-задуменны штабс-капітан Кібаленка і яшчэ некалькі радоў невялікіх, з паштовую марку, здымкаў.

— Гэта што — забітыя? — схілілася да яго Марыя.

— Забітыя…

Хвіліну ён прыглядаўся да іх твараў і думаў: вось мінула столькі гадоў — і зноў тое ж самае. Зноў гінуць рускія камандзіры, палкоўнікі і капітаны, усё ад рук тых жа немцаў і амаль у тых жа самых месцах, што і чвэрць стагоддзя назад. Толькі ў адрозненне ад гэтых вусатых чыноў у пагонах і эпалетах іх фатаграфіі не друкуюцца ў газетах, на тое, мусіць, не хапіла б усіх газет у краіне. Што і казаць, жыццё чалавечае не падаражэла цаной і, мабыць, ужо не падаражэе ніколі. Вайна стала бязлітаснай, ахвяр будзе куды больш, чым раней. Хіба можна яе параўнаць з той маларухомай соннай вайной, якая некалькі гадоў ішла амаль на адным і тым месцы.

— Вось гэта прыгожы хлопчык! — з жалем сказала Марыя, паказваючы на фота. — На цябе падобны.

«Паручнік Ольгін», — прачытаў Агееў, пазіраючы на малады, бязвуся твар дабрадушнага хлопца ў пагонах, з крыжам на грудзях і прытоенай усмешкай на мяккіх хлапечых вуснах. Што ён думаў, пра што клапаціўся, гэты паручнік, перад сваёй пагібеллю дваццаць пяць год назад? Але пра гэта ўжо не скажа ніхто, як ніхто, мабыць, ужо не прыпамятае маладога паручніка.

А ці прыпамятае хто пра іх праз дваццаць пяць год?

Выпадковы гэты часопіс выклікаў у Агеева самотныя думкі, і, можа, упершыню за сваё жыццё ў мястэчку ён падумаў пра непазбежнасць сваёй пагібелі на гэтай вайне. Можа, і перажыве яе хто-небудзь, і дачакаецца перамогі, але наўрад ці гэта наканавана яму. Надта яна блізка ад яго ходзіць, гэтая яго пагібель, надта часта даводзіцца заглядаць у яе чорную пашчу, каб песціць надзею застацца жывым.

— А во паглядзі, смешны часопіс «Осколки», — зусім у іншым настроі, жвавым і бесклапотным, сказала Марыя. — Пазнаеш?

— Чэхаў?

— Чэхаў. Антон Паўлавіч, мой самы любімы пісьменнік. Во на фурманцы, як смешна. Сяброўскі шарж.

Пры цьмяным святле з слухавога акна яны доўга перабіралі ў куфры, глядзелі кніжкі, гарталі старыя часопісы, змест якіх у многіх адносінах проста яго здзіўляў. З розных старонак на іх пазіралі ўвешаныя ўзнагародамі генералы, гафмайстры двара і сенатары ў расшытых мундзірах, франтаватыя свецкія дамы, губернатары, вусатыя афіцэры і ніжнія чыны даўняй, мала яму знаёмай вайны. Ад старой паперы ішоў непрыемны, магільны пах, які вымушаў іх чхаць. З неба тым часам усё часцей пачало выглядваць сонца, праз слухавое акенца ў паўзмрок гарышча звесіўся пук промняў, паклаўшы ў доле светлы косы квадрат. Стала цяплей. Навокал драмала цішыня, і, зноў забыўшыся пра ўсё на свеце, яны прылеглі на коўдры. Марыя шаптала штось, горача і аддана, але Агееў не надта ўнікаў у блытаны сэнс яе слоў, ён зноў аддаўся пачуццям, пакуль не забыўся ў знямозе. Сон яго, аднак, быў не доўгі, і, калі ён прачнуўся, Марыя, падкурчыўшы ногі, ляжала на баку побач. Сонца з акна ўжо знікла, і тое ледзьве свяцілася, мабыць, на склоне дня. Агееў падумаў, што так можна празяваць прыход Малаковіча, і ціхенька, каб не пабудзіць Марыю, устаў. Аднак падхапілася і Марыя.

— Куды ты?

— Ціха, ціха. Спі. Я гэта… Тут павінен адзін чалавек прыйсці.

— Які чалавек?

— Ну, панімаеш, знаёмы.

— З мястэчка знаёмы?

— З мястэчка.

Быстрымі рухамі маленькіх рук яна паправіла на сабе падол сарафаніка, маленькім перламутравым грабеньчыкам трохі прычасала на патыліцы кароткія валасы. Здаецца, яна нічога не падазравала і ні пра што не здагадвалася.

— А мне… Тут быць?

— Ага. Ты сядзі тут. Як толькі я яго адпраўлю, дык і прыйду.

Ён пацалаваў яе мяккія пакорлівыя вусны і злез па драбіне ўніз. Гультай, які драмаў ля парога на кухні, неахвотна падняўся, пацягнуўся, патрабавальна прамяўкаў. Агееў падхапіў яго ўпоперак цела і ў кладоўцы падсадзіў на драбіну.

— Во сябрука табе. Каб не сумавала.

Агееў выйшаў на двор. У небе ўжо плылі грувасткія кучаравыя аблокі — пэўна, на лепшае надвор'е, і ён падумаў: як утаіць яго справы ад Марыі? Утаіць, канечне, было неабходна, ён не меў права самавольна давяраць ёй тое, што не было ягоным сакрэтам, але і ўтаіць што-небудзь пры такіх з ёю адносінах было няпроста. Хоць бы таго ж Малаковіча. Яна магла яго ўбачыць, падслухаць іх гутарку — што яна магла падумаць пра іх? Вядома, лепш за ўсё, каб яна была ў курсе іх спраў, але яшчэ без прычыны, амаль падсвядома, ён баяўся ўцягваць яе ў гэтыя іх няпростыя справы, якія штодня маглі кепска скончыцца. Навошта рызыкаваць яшчэ і ёю?

Тупаючы па двары, Агееў чакаў Малаковіча, пасля выйшаў на мокрую сцежку ў гародзе. Ён узіраўся ў бок рова, але Малаковіча не было. Пачало ўжо змяркацца, з садкоў і гародаў пацягнула золкай вільгаццю, зрабілася халадней, і ён падумаў, што, мабыць, трэба ісці ў застаронак. Малаковіч ведае, дзе гэта, ён павінен знайсці. Толькі Агееў падумаў так, стоячы каля расчыненых дзвярэй хлява, як за домам, дзесьці ў баку местачковага цэнтра, раздаліся стрэлы — два вінтовачныя і некалькі разрозненых аўтаматных чэрг. Агееў знерухомеў, прыслухаўся, але стрэлы на тым і спыніліся, крыкаў быццам не было чутна, і ён занепакоена падумаў: ці не па Малаковічу гэта? Усё ж пачынаўся каменданцкі час, немцы і паліцыя лютавалі па вуліцах і дарогах, спыняючы кожнага, хто там паяўляўся. Увесь местачкавы люд імкнуўся ў гэтую пару быць дома і не вытыркаць носа з сваіх двароў. Але Малаковіч мог прыйсці да яго толькі ўначы, калі ніхто яго не мог пазнаць у мястэчку.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 60
  • 61
  • 62
  • 63
  • 64
  • 65
  • 66
  • 67
  • 68
  • 69
  • 70
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: