Вход/Регистрация
Кар'ер
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

Калі яна схавалася за вуглом хлеўчука, ён марудна, губляючы рэшту адабраных бяссоннем сіл, пратупаў да вуліцы, агледзеўся. Нікога быццам паблізу нідзе не было. Тады, трохі счакаўшы, вярнуўся на кухню і цяжка ўсеўся на скрыпучае крэсла каля стала. Ягоны позірк слізгануў па карціне на сцяне насупраць, якую любіла Марыя, спыніўся на вымытым ёю і прыбраным посудзе акрай стала, што, здавалася, яшчэ хаваў цеплыню трапяткіх яе рук, і яму зрабілася невыносна горка. Ён сядзеў так доўга, невідушчым позіркам тупа ўставіўшыся ў чыста падмеценую Марыяй падлогу, слухаў. Час адмерваў свае хвіліны — апошнія яго хвіліны спакою ў гэтым доме, у якіх было чаканне і — надзея. Аднак чаканне яго стала непамерна расцягвацца, нібы пухнуць у часе, запаўняючы сабою свядомасць, паралізуючы волю, і, па меры яго разрастання, меншала, вузела надзея. Мабыць, мінула ўжо абяцаная Марыяй гадзіна, затым скончылася і другая. Аднекуль з-пад стала вылез ягоны Гультай, выйшаў на сярэдзіну кухні, пацягнуўся і сеў, выпрабавальна пазіраючы на Агеева. Што ён хацеў сказаць, гэты стары і мудры кот? І што ён разумеў з таго, што рабілася на душы ў Агеева? Яшчэ праз гадзіну Агееў пачаў ужо думаць, што зрабіў недаравальную памылку, што не трэба было пасылаць Марыю, што ён проста не меў права на тое — ні боскага, ні чалавечага, што трэба было пачакаць або ісці самому. Калі ўжо рызыкаваць, дык рызыкаваць сабой і нікім іншым — гэта была самая сумленная рызыка. А так… Але даўно сказана, што чалавек заўсёды багаты на свой задні розум, калі справа зроблена і дапушчаную памылку ўжо не паправіць, і застаецца адно — прымаць на сябе заўжды суровы і не заўжды справядлівы ўдар лёсу. Часам, калі чаканне Агеева перапынялася асабліва вострым прыступам нецярпення, ён ускокваў з крэсла і пачынаў хадзіць па кухні — ад парога да дзвярэй у кладоўку — пяць крокаў туды і пяць назад. Балела нага — у сцягне і калене, мабыць, трэба было паправіць павязку, але ён ужо не звяртаў увагі на боль і на рану — ён хадзіў да знямогі, не перастаючы ўслухоўвацца ў гнятлівую цішыню сядзібы. Часам яму здавалася: ідзе, быццам бы чутныя рабіліся крокі ў двары, але дзверы не адчыняліся, і ён разумеў, што памыліўся. І зноў пачынаў чакаць — напружана, нервова, насуперак прадчуванням, а затым і наперакор усякаму сэнсу. Ён не заўважыў, як мінуўся ранак і хмарны восеньскі дзень неўпрыкмет перайшоў у яшчэ болей пахмурны вечар, і чакаць чаго добрага ўжо было недарэчы. Але ён чакаў. Яшчэ ён мог бы, напэўна, уцячы з сядзібы, схавацца ў рове, наогул пакінуць мястэчка, але ж ён сказаў ёй, што будзе чакаць тут. І ён чакаў. Ён перадумаў рознае: і спадзяваўся, і развітваўся з ёю, і зноў аддаваўся надзеі, і сам ужо расставаўся з усім белым светам. Але — чакаў.

Дзіўная справа, калі яна была побач усе гэтыя дні, тыдні і нават апошнюю ноч, праведзеную разам, ён больш перажываў за свае шматпакутныя справы, сувязь, заданні. Цяпер жа, з тае хвіліны, як разлучыўся з ёю, ён ні пра што іншае, як пра яе, не мог і падумаць, падобна, ён толькі цяпер і зразумеў, якую бяду наклікаў на яе галаву, а ўсё астатняе, што тыднямі дапякала яму, адышлося на другі, задні план. Не тое каб стала другарадным, але адсунулася, здрабнела ў сваёй значнасці, затуленае яе мілым абліччам, яе развітальнай усмешкай — яе бядой.

Надвячоркам ён ужо выразна адчуў, што прайграў, што дапусціў фатальную памылку, і толькі той факт, што ўсё ж да скону дня да яго ніхто не з'явіўся, даваў яму нейкае апраўданне — не перад Марыяй — перад сэнсам барацьбы, у якую ён быў уцягнуты. Усё ж, мабыць, трэба было праявіць ініцыятыву, паклапаціцца даставіць тол куды было трэба, дзе чакалі яго. Тут сваю задачу ён зразумеў правільна і пастараўся яе выканаць.

Вось толькі якімі сродкамі?

Калі ў кухні нарэшце зусім запанавала вечаровае цемрыва, хваляванне яго дасягнула мяжы. Ён ужо з рашучасцю прыкідваў, куды падацца — на станцыю па яе слядах ці яшчэ раз паспрабаваць знайсці Кіслякова. Можа, трэба было ўзяць пісталет? Усё ж са зброяй было зручней, а галоўнае, болей звыкла. Але ён яшчэ не рашыў, куды ісці, як раптам ад вуліцы пачуліся крокі — тупаценне многіх мужчынскіх ног па камянях падворка, пад клёнам матлянуўся доўгі і вузкі, бы нямецкі цясак, прамень з ліхтара. Гэты прамень затым ударыў праз аконнае шкло на кухню, рэзка высвеціў стол і прыкрыты на ім посуд, чорны цень ад яго лёг на аблезлую шпалеру сцяны. Агееў інстынктыўна падаўся да кладоўкі, але спыніўся і стаў. Дзверы ўжо расчыняліся, дыхнуўшы на яго вулічнай сцюжай, і два пукі электрычных прамянёў зусім асляпілі яго з парога.

— Во ён! І не хаваецца, сука!..

Па голасе ён пазнаў адразу: то быў Драздзенка. Аднак, зусім аслеплены скіраваным у вочы святлом, Агееў нічога не бачыў там, і люты знянацкі ўдар у левае вуха змусіў яго адляцець убок. Ён наткнуўся на паваленае крэсла, але паспеў ухапіцца рукой за рог пліты і ўстаяў на нагах.

— Ах ты б…! Здраднік! Ану, перавярнуць усё дагары нагамі! Абшукаць кожную дзірку! Пахом, дзействуйце! — з лютасцю распараджаўся Драздзенка. — А гэтага — марш у падвал! Ужо я пагавару з ім!..

Усё слепячы яго промнямі з двух ліхтароў, яны таропка аблапалі яго ватоўку, кішані брыджаў, пад пахамі, пасля злосна піхнулі ў насцеж расчыненыя дзверы, і ён з амаль заплюшчанымі ад святла вачамі слепа патупаў знаёмым падворкам да вуліцы…

Раздзел шосты

Пасля пахавання Агееў у сумнай адзіноце сядзеў над сваім абрывам, аддаваўся малавясёлым думкам, як раптам згледзеў на дарозе ля могілак Шурку з Артурам. Апранутыя ў летнія безрукаўкі з моднымі лацінскімі надпісамі на грудзях, у кароткіх штанах, хлапчукі, яўна спяшаючыся, кіравалі да яго на пагорак, і Агееў зразумеў: на гэты раз у іх была справа. Яно так і сталася.

— Вас там просяць прыйсці, — яшчэ здалёку задыхана паведаміў Шурка.

— Хто просіць? — здзівіўся Агееў.

— Ну там, на памінкі.

— Ага. Дзядзька Еўсцігнееў сказаў, — пацвердзіў Артур.

«Во як!» — трохі здзіўлена падумаў Агееў. Гэты адстаўнік, які нядаўна яшчэ на цэлы дзень сапсаваў ягоны настрой, цяпер запрашаў яго на памінкі. Канечне, лішні раз сустракацца з ім у Агеева не было вялікага жадання, але ўсё ж памінкі былі па Сямёну, і ён падумаў, што трэба пайсці.

— А дзе гэта?

— Ды тут, недалёка. Мы пакажам, — прыжмурыўся пад нізкае сонца Шурка. — Ідзёмце…

Што ж, надта збірацца не было патрэбы, наогул Агееў быў унутрана гатовы да таго і, цяжка падняўшыся, пайшоў па адхоне за хлопцамі. Капаць сёння ўсё роўна ўжо не было настрою, і ён падумаў, што, можа, лепш будзе пасядзець з людзьмі за агульным сталом, памянуць чалавека. Аднагодкі ўсё ж.

Хлопчыкі хутка беглі ўзбочынай вуліцы, зрэдзьчасу азіраючыся на цяжкаватага такі ў хадзе Агеева, за мастком павярнулі ў зарослы дзядоўнікам завулак, пералезлі самі і пачакалі, пакуль пералезе ён цераз жэрдку невысокага плота, затым сцежкай па краі бульбы выйшлі на незнаёмую вулічку паблізу ад узроўка. Зады тутэйшых сядзіб, як і на яго Зялёнай, упіраліся ў аўражныя зараснікі, над якімі велічна ўзвышалася некалькі вязаў — гэтаксама, як некалі па-над сядзібаю Бараноўскай. Тут, у новым, нядаўна зрубленым дамку са стромкім вільчыкам і насцеж расчыненымі вокнамі, чуўся стрыманы гоман; у двары стаяла некалькі мужчын і жанчын, гэтыя або маўчалі з журбою на тварах, або скупа перамаўляліся каля паркана. З хаты якраз насустрач Агееву выйшаў разамлелы ад духаты Еўсцігнееў у сваім нязменным цёмна-сінім гарнітуры, пачаў абмахваць счырванелы твар жорсткім капелюшом з капрону.

— Духата, як у лазні, — проста паведаміў ён. — Ведаеце, пойдзем куды на паветра. Вецер каб…

— А вунь бугарок, — ступіўшы ад паркана, сказаў немалады мужчына ў кірзавых ботах. Еўсцігнееў падумаў, па-начальніцку агледзеўся.

— Правільна, Хаміч! Паклічце там каго… Вунь Скарахода з Панамарэнкам, — кіўнуў ён на двух мужчын, што ціха курылі на траве пад плотам. — Усё-такі ветэраны.

— І гэтага прыхапіць, ага? — з намёкам запытаў Хаміч, і Агееў пазнаў у ім чалавека, які на могілках нёс падушку з Сямёнавымі ўзнагародамі.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 70
  • 71
  • 72
  • 73
  • 74
  • 75
  • 76
  • 77
  • 78
  • 79
  • 80
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: