Шрифт:
Ён хацеў ужо быў вярнуцца на гарышча, як рашыў для пэўнасці зазірнуць з падворка на вуліцу, адтуль звычайна насоўвалася небяспека. І, зірнуўшы з-за вугла, мімаволі адхіснуўся — з веснічак другога ці трэцяга адсюль дома выходзіла група мужчын — тры чалавекі, іх, відаць, праводзіў гаспадар, барадаты чалавек у картузе; пярэдні, адвярнуўшыся, нешта строга выгаворваў яму, і ў гэтым пярэднім Агееў лёгка пазнаў начальніка паліцыі Драздзенку. Затаіўшыся за вуглом, ён пачакаў, услухоўваючыся і стараючыся вызначыць, куды павернуць паліцаі — па вуліцы ў мястэчка ці… Але, канечне, тры паліцэйскія хуткім крокам паўз агароджу скіравалі да сядзібы Бараноўскай, і Агееў, вылаяўшыся ў думках, выйшаў на сярэдзіну падворка.
— Здарова, сапожнік! — бадзёра і нібы нават па-свойску павітаўся Драздзенка, павяртаючы ў двор. — Ну, аброс, як дзед. Брытвы няма, ці што?
— Ды так, ведаеце… Лень галіцца, — прабурчэў Агееў.
Начальнік паліцыі быў усё ў тым жа танкісцкім фрэнчы, падперазаным шырокім камандзірскім рамянём з латуннай, без зоркі, спражкай, у шызай нямецкай пілотцы. У руках у яго замест заўсёднага дубчыка была прыгожая, аздобленая разьбой палачка, якой ён лёганька памахваў у паветры.
— Бараноўская прыбыла?
Спыніўшыся насупраць Агеева, ён настырчыў у яго выпрабавальны позірк, і Агееў заклапочана выдыхнуў.
— Не, не прыбыла. Не ведаю, што і думаць.
— Ах, сцерва! — з горыччу вылаяўся начальнік паліцыі. — Дрэнь гульню з намі зацеяла. Але дагуляецца пападдзя! Ужо я ёй прыпомню!.. Як нага? — раптам без усялякага пераходу запытаўся ён і зноў застыў, поўны ўвагі.
— Гоіцца, — не адразу сказаў Агееў. — Але марудна. Лякарства, ведаеце, ніякага. Нават перавязаць няма чым.
— Не прыбядняйся! Вунь без палкі бегаеш, у арміі даўно б на перадавую выпхнулі. Ану, зойдзем у хату, — раптам прапанаваў Драздзенка і рвануў дзверы на кухню. — Вы пастойце! — азірнуўся ён на двух паліцаяў з белымі павязкамі на рукавах, і тыя знялі з плячэй вінтоўкі.
Імкнучыся трымаць сябе як мага спакайней, Агееў прайшоў за ім на кухню, трохі з празмернай гасціннасцю саўгануў крэсла каля стала — каб хутчэй пасадзіць і адцягнуць яго позірк ад дзвярэй у кладоўку. Аднак, перш чым сесці, Драздзенка бегла азірнуў пліту, посуд на стале, паглядзеў у акно.
— Курыш, не?
— Не, не куру.
— А я куру. Раней курыў «Беламор», а цяпер вось гэтую дрэнь, — сказаў ён, сядаючы на крэсла і дастаючы партсігар і нямецкімі цыгарэткамі. — «Беламору» няма.
— Гэта дрэнна, — чужым голасам фальшыва паспачуваў Агееў. Драздзенка грэбліва хмыкнуў.
— Калі б толькі гэта і было дрэнна! А то ўсё дрэнь! Беспарадкі, грабяжы! А на чыгунцы што робіцца!
— А што робіцца? — прастадушна пацікавіўся Агееў.
— Рухомы састаў ірвуць! Немцы ўжо трох начальнікаў станцыі расстралялі — не памагае. Думаеш, на тым яны абмяжуюцца? Яны нічым не абмяжуюцца, пакуль будуць дыверсіі. І ні перад чым не спыняцца. Сёння расстралялі сто, заўтра расстраляюць дзвесце. Пакуль не спыняцца безабразія. А не спыняюцца. Тым, мабыць, сваіх не шкада. Нікога не шкада…
«Во як! — падумаў Агееў. — Аказваецца, вінаваты тыя. Не немцы, якія расстрэльваюць, а тыя, што недзе далёка адсюль».
— А куды глядзіць паліцыя?
— Драздзенка рэзка крутнуўся — усім сваім мажным целам на слабенькім хісткім крэсле.
— Паліцыя разрываецца! Але паліцыі мала. Мы не можам усё ўпільнаваць. Нам патрэбны памочнікі, людзі з мястэчка, са станцыі, з вёсак. Але тыя запалоханы бальшавікамі і не хочуць дапамагаць. І каму ад таго горш? Насельніцтву перш за ўсё. Ну, насыплюць пяску ў буксы, развінцяць рэйкавы стык — хіба гэта ўшчэрб для Германіі? Ды ў іх гэтых вагонаў з усёй Эўропы. А вось той вёсцы, дзе крушэнне, капец! Спаляць і пастраляюць. Учці — нявінных людзей. І ніхто іх не абароніць. У мяне на ўсё сілы не хопіць.
Агееў маўчаў. Такі паварот у размове быў для яго нечаканым. Ён лічыў паліцыю карным органам акупантаў, а яна, як кажа гэты начальнік, гатова абараняць нявінных людзей, берагчы іх ад дыверсій і непазбежных затым рэпрэсій.
Скрыпнуўшы крэслам, Драздзенка ўскочыў, з цыгарэтай у зубах жвава падбег да акна, паглядзеў на двор, відаць, шукаючы позіркам сваіх паліцаяў. Але паліцаі стаялі каля дзвярэй, і начальнік вярнуўся да стала, грузна абапёрся на яго рукамі.
— Слухай, уступай у паліцыю, хопіць табе сачкаваць. У такі час трэба не толькі пра сябе думаць. Падумай пра людзей. Трэба наводзіць парадак, а то немцы ўсіх панішчаць. Вунь як яўрэяў. Але яўрэі — чорт з імі, а сваіх шкада. Хто за іх заступіцца? Чырвоная Армія кінула — жывіце, як хочаце. Адзіная свая сіла — паліцыя. Але паліцыі патрэбны парадак. Пры ўмове парадку паліцыя яшчэ што-колечы можа. Для сваіх, вядома. Дык як? Згодны?
Агееў на момант збянтэжыўся. Ён не быў гатовы да такой размовы і толькі прамармытаў разгублена:
— Нага, ведаеце… Баліць яшчэ.
— Нагу далечыш у нас. У нас і доктар ёсць. Лякарствы таксама. Пакажаш сябе — папрашу немцаў, зробяць намеснікам. Мне намеснік патрэбны, талковы мужык. А то вунь гэтыя, — кіўнуў ён на акно, — як калуны. Тупыя і лянівыя. А ты ўсё ж сярэдні камандзір.
— Ды ўжо які там камандзір, — сціпла заўважыў Агееў. — Цяпер акружэнец.
Драздзенка моўчкі з хвіліну ўзіраўся ў ягоны твар, нібы хацеў штосьці ўбачыць на ім.