Шрифт:
А калі яе схопяць?
Не, рашыў ён, калі пасылаць Марыю, дык трэба ёй усё растлумачыць, ён не мог гуляць з ёю ў хованкі. Усё ж гэта гульня са смерцю, дзе стаўка — жыццё. Той, хто робіць гэтую стаўку, павінен выразна сабе ўяўляць, чым рызыкуе, інакш гэта будзе ашуканствам, подласцю з ягонага боку. Так ён не мог.
Усё ж ён чакаў увесь гэты ляніва-світальны ранак, прыслухоўваючыся да глухіх гукаў знадворку — выпадковых галасоў з суседніх двароў, кудахтання курыцы за плотам. З кухоннага акна было відаць, як па вуліцы ў мястэчка пратупала немаладая цётка ў вялікай, напятай на плечы хустцы, яна несла ў абедзьвюх руках чымсьці накладзеныя кашолкі, і ён здагадаўся: відаць, на кірмаш? Здаецца, сёння была нядзеля, каля царквы збіраўся кірмаш, штось прадавалі там, штосьці куплялі. Зрэшты, Агееў там ні разу не быў, чуў толькі, расказвала Марыя.
— А што, калі вось гэтак — у кашолцы?
Ён пашукаў позіркам па кутках кухні, па сценах, зірнуў пад стол. Не, прыдатнай пасудзіны тут не было, бульбу звычайна капалі ў старое бляшанае вядро з дзвюма дзіркамі ў дне… І ён раптам прыпомніў, што на гарышчы за комінам сярод іншага ламачча валялася нейкая кашолка. Тая, мабыць, згадзілася б… Ён таропка ўзлез на гарышча, перш чым пралезці ў лаз, зірнуў пад акно на пасцель, позіркам сустрэўся з Марыяй. Тая не спала, ляжала на баку, захінуўшыся ў стракатую коўдру, і ў яе вачах свяцілася штосьці далёкае адсюль і ад ягоных клопатаў. Але трывогі ў іх нібыта не было, дзяўчына неяк хуценька супакоілася, адышлася ад сваіх нядаўніх яўных і надуманых страхаў. Неспакой цяпер цалкам перайшоў да яго, і Агееву было нялёгка ўтаіць яго ад Марыі.
— Ну што? Няма? — заклапочана спытала ў яго дзяўчына.
— Няма.
— А ты што?.. Ідзі сюды. Прыйдуць — пастукаюць.
— Баюся, не прыйдуць.
Ён адразу згледзеў тую кашолку, што адзінока ляжала на смецці сярод непатрэбнага рыззя і ламачча. Гэта была старая, прадаўгаватая пляцёнка з рысавай саломы, пляскатая, з прадраным дном. Але дно можна было чымсьці закласці, а ручкі былі добрыя — дзве тугія почапкі, мабыць для зручнасці абматаныя чырвоным матузом. Сумка была самы раз — звычайная гаспадарчая рэч, у якой можна было насіць што хочаш: рэчы і прадукты, з кірмаша і на кірмаш. Нядоўга памацаўшы яе, Агееў рашуча страсянуў з яе смецце.
— Во для мыла.
— Правільна! Вось я і аднясу, — рашыла Марыя і падхапілася з-пад коўдры. — Калі, зараз аднесці?
Агееў разгубіўся. Яна проста здіўляла яго гэтай легкадумнай гатоўнасцю, хоць і разам вырашала галоўнае ў ягоным клопаце — нічога ёй не трэба было тлумачыць ці тым болей прасіць. Можа, так будзе і лепей, падумаў ён. Аднак усё марудзіў, бавіў час, адсоўваючы той самы апошні момант, калі перадумаць ужо будзе позна. Доўга цягнуць, аднак, было нельга, трэба было карыстацца ранкам, калі на кірмаш і назад ішлі людзі.
— Марыя, тут такая справа, — нерашуча пачаў ён, апусціўшы кашолку. — Мабыць, ты здагадваешся, што гэта такое?
Яна, падобна, здзівілася — не гэтак ягоным словам, як голасу, якім яны былі сказаны — з пакутным пераадоленнем сябе, няпэўным намёкам на штосьці.
— А што? — наіўна запытала яна.
— Гэта не мыла. Гэта — узрыўчатка.
— Узрыўчатка?..
Па яе мілым, такім дарагім цяпер яму твары мільгануў цень кароценькага недаўмення ці нават спалоху, але Марыя хутка авалодала сабой і прасветлена, лёгка ўсміхнулася.
— Ну што ж, я паняла. Каму перадаць?
— Марыя, ты ж разумееш, калі пападзешся…
— Усё разумею, не маленькая, — сказала яна і, стаўшы на пальчыкі, пацягнулася да яго, пацалавала тры разы — у абедзьве шчакі і ў лоб. Пасля ўраз адхінулася, узялася за чырвоныя почапкі кошолкі, якую ён усё яшчэ трымаў у сваіх руках. — Дык каму перадаць?
Гэтая кароткая і пакутная размова кінула яго ў жар. Пасля ён марудна змакрэў ад сцюдзёнага поту. Каб толькі ён ведаў, куды пасылаў яе і што будзе за тым… Пасля сотні разоў ён прыпамінаў гэтае расставанне і паспешлівую размову з ёй, яе пацалункі і пагляды, шукаў, што зрабіў не так, што не растлумачыў, забыўся сказаць галоўнае. Ён ужо адчуў, як штосьці ў ягоных намерах пайшло наўкось, нібы пад адхон, незразумелай фатальнай хадой, але змяніць нічога не мог. Падганялі няўмольны час, хваляванне, і ён аддаўся на волю выпадку, на лёс і… на Марыю.
— Ведаеш, дзе качагарка?
— Ну, за пакгаўзам, здаецца?
— Во там працуе такі Малаковіч. Паклічаш яго.
— Добра. Гэта я мігам. За якую гадзіну, мабыць, упраўлюся. Ты пачакай.
Трошкі дрыготкімі рукамі ён наладзіў кашолку, вокладкай ад старой кніжкі з куфра затуліў дзіравае дно. Пасля пераклаў туды тол. Атрымалася амаль даверху, і Марыя акуратна прыкрыла яго нейкай знойдзенай на гарышчы клятчастай анучкай. Агееў падняў кашолку, паважыў у руцэ — было цяжкавата, але несці можна. Яны злезлі на кухню, трэба было расставацца. Усё ўнутры ў Агеева дробна трэслася, нібы ў гарачцы, душа яго заходзілася ў нямым плачы, і ён ледзьве стрымліваў сябе. Марыя ж, наадварот, знешне была спакойная, трошкі заклапочаная, але жвавая і поўная так нечакана знойдзенай рашучасці.
— Ты як — па вуліцы? — глухім, перацятым голасам запытаўся ён.
— Не, цераз роў. А там у поле і — на станцыю.
— А паліцаяў не стрэнеш?
— Яны больш у мястэчку. Зноў жа, кірмаш сёння.
— Ну, глядзі. Перадасі і адразу сюды. Я чакаю.
— Дзякуй, мілы!
— Чуеш, я цябе чакаю!
Яна зноў пацалавала яго — у куточкі вуснаў — і падхапіла кашолку. Агееў адразу ўбачыў: цяжкаватая ўсё ж была ёй тая кашолка, але ўжо нічога мяняць не стаў, амаль разгублены выпусціў яе з кухні на двор. Хуткім дробненькім крокам яна пайшла ўздоўж хлява, ля прыбудовак, каля дрывотні азірнулася, махнула яму незанятай рукой і кораценька ўсміхнулася — развітальна-самотнай усмешкай, якую ён запомніў да скону сваіх дзён.