Вход/Регистрация
Я з вогненнай вёскі...
вернуться

Калеснік Уладзімір

Шрифт:

«…Яны з Курына прыехалі к нам, — успамінае Ганна Сяргееўна Падута з вёскі Лаўстыкі. — Ну, мы дома сядзелі, гадалі, а потым партызаны нам саабшчылі, што паляць, што ў Курыне спалілі ўсіх людзей, жыўём. Ну, мы паўцякалі ў лес. Пастаялі ў лесе. А патом ужо… Дымы з печак, з труб ідуць усюды — у Акцябры, у нас. Ну, дык мы вярнуліся назад, бо страшна ж у лесе, што зловяць, і холадна. Толькі мы дадому — і немцы сюды, разведка іхняя. Ну, у нас мужчыны былі старыя, дык яны:

— Вынесці стол, тое-другое. Можа, пакаянне ўжо будзе.

Ну, нашы бабы… Дзе ж тут, як бабы. Вынеслі стол, а яны кажуць:

— Маткі, вунь яшчэ войска ідзе. А гэта разведка была.

Прыехалі потым — як цьма, і распалажыліся ў нас. А частка паехалі ў Акцябр. I ў Кавалях распалажыліся. Якраз нас захвацілі ў сяле тут з жэншчынай адной (яна ўжо ўмерла). Нам адзін возчык падказаў, што з намі будзе тут. Мы стаім на вуліцы ля стала, дык некаторыя нічога не гавораць, а ён падышоў да кажа:

— Дайце, цётачкі, малака. Мы гаворым:

— Пажалуста. Дык ён кажа:

— Ох, цётачкі мілыя, усё роўна вас, — кажа, — усіх жыўём спаляць. У сарай загоняць…»

У вайну фашысты дэманстравалі ў Германіі і ў іншых краінах «дакументальную» кінахроніку: «савецкія партызаны», шмат «партызан» стаяць на каленях перад нямецкімі салдатамі… А кіназдымкі такія рабіліся проста. У вёсцы Вялікая Воля Дзятлаўскага раёна нам расказваў пра гэта Аляксей Ламака. (Яго расказ у раздзеле «Звыш дзесяці».) Натоўп вяскоўцаў акружлі кулямётамі, прымусілі людзей стаць на калені і запусцілі спачатку кінакамеру… Мелі фашысты і іншыя «кінадакументы»: як «радасна», з хлебам-соллю сяляне сустракаюць на Усходзе нямецкага «салдата-вызваліцеля»… Ці не тут працавалі тыя «кінадакументалісты» — ці не ў Лаўстыках?.. Усё, як бачыце, ёсць: і стол сярод вуліцы, і «хлеб-соль». А яны ідуць, ідуць — «вызваляць» усходнія тэрыторыі, ад людзей вызваляць.

«…А яны ідуць, гады гэтыя. Як ішлі, так і крычаць:

— Убірай!

Сталы, значыць. У белых халатах у гэтых, з гэтымі чэрапамі, ну, гэтыя немцы.

Ну, мы і разбегліся, хто куды, па хатах, калі возчык нам сказаў пра тое. Я да суседкі прыбегла, кажу:

— Што ж мы будзем рабіць? Дык яна кажа:

— Выйдзі паглядзі на вуліцы, ці е немцы, ці не. Той канец дзярэўні заняты, а наш канец яшчэ свабодны. Мы і пайшлі на пасёлак, што каля самага лесу. Потым у алешнічак. I тут нас мо баб пятнаццаць ляжала ў гэтым алешніку. Ужо ўпалі і ляжалі. Не бачылі, як яны палілі, як забівалі, толькі чутна — сільна крычалі, народ крычаў. Не чутна, што яна там адна гаворыць, толькі: «А-а-а-а!» Толькі голас ідзёт, ідзёт голас, а потым і ўсё — анямелі…

Пытанне: — Атой возчык, штосказаўвам, ён адкуль?

— Гэта проста селянін. Паліцай не сказаў бы. Адзін паліцай да нас прыйшоў хлеба ўзяць, дык мы спрашываем, што ён з народам робіць. А ён нам (мьг яму паўбулкі адрэзалі): «Давай усю булку!» — і нічога не сказаў. А гэты вось — такая душа знайшлася, што сказаў.

Дык яшчэ вось хоць трохі нехта застаўся. Ён на хаду — дзяржыць стакан і сказаў…

Тут франтавыя былі немцы, мо б яны і болей палілі, але партызаны націснулі, і яны пайшлі…

Да вайны ў нас мо сто дваццаць двароў было. Багата ў нас было, і сем'і вялікія, дзяцей многа. Усіх, усіх пабілі. Яны казалі: «У вас і курыца партызан, не то што дзіцёнак!» Пашчады не давалі, гады гэтыя…»

Ну як жа, гэтулькі «партызан» знішчылі! У адной Рудні — восемсот. Ды ў Курыне — амаль столькі ж. У Лаўстыках. У Смузе. У Кавалях… Па ўсім раёне агонь пракаціўся. Перастралялі, папалілі дзяцей, жанчын, мужчын вясковых і ў ладкі — плясь, плясь, плясь! Самі сабе папляскалі, як ля тых курынскіх могілак. Нешта ж і гаварылі ў тых прамовах — вядома, пераймаючы сваіх берлінскіх фюрэраў. Плясь, плясь, плясь! — выканалі задачу, свой план. А там, вышэй — свой план, шырэйшы, агульны, і свая арыфметыка — ужо на мільёны жыццяў вядзецца падлік. На дзесяткі мільёнаў, калі не на сотні. Бо замахнуліся ж на цэлы свет! Там свае мітынгі, свае прамовы, «святы» рыхтавалі — калі будуць знішчаны, нарэшце, разам з жыхарамі Масква, Ленінград і іншыя гарады, якія берлінскаму маньяку здаваліся «лішнімі». «Каб не карміць іх паўднёвым хлебам». Бо яны ўжо лічылі сваім той, разбоем узяты, украдзены, хлеб.

А пакуль што — як частачка ўсё таго ж вар'яцтва і таго ж «плана» — забіваюць Карпілаўку. Усё на той жа Акцябршчыне.

Гэта бачыў, пра гэта расказвае Павел Лявонцьевіч Пальцаў, які памятае ўсё з іншымі, чым звычайна жанчыны запамінаюць, падрабязнасцямі, дакладнасцямі. Ён па-партызанску помсліва трымае ў памяці справы, абліччы, прозвішчы, таксама і памагатых нямецкіх фашыстаў, мясцовых і немясцовых «бобікаў»-паліцаяў.

«…Напрадвесні 1942 года яны прыехалі сюды. Партызаны пайшлі. Асталося мірнае насяленне. Ну, і сабралі людзей у клуб, і сталі спрашываць пра партызанаў. Ніхто не выявіў, народ не сказаў.

— Нет у нас партызанаў, і ўсё. Партызаны былі быўшыя пленныя, акружэнцы, яны пайшлі, а наш народ увесь дома.

Патом адзін паліцэйскі, ён з бабруйскага быў гарнізона, ну, значыць, ён сказаў:

— Еслі так, партызанаў нет, дык вы — партызанскія, бандыцкія морды!..

А я таксама ў клубе стаяў. Жэншчынаў па адну сторану паставілі, а мужчын — па другую. Там чалавек шэсцьдзесят мужчын было, рознага ўзросту: і старыя, і маладзейшыя. Ну, ён спісак трымае, а там былі прозвішчы, у спіску. Вот ён пытаў:

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: