Калеснік Уладзімір
Шрифт:
— Ідзеце, кажа, ідзеце глядзеце, як гараць людзі. Гэта чэх быў.
Ага. Дык мы паглядзелі, заплакалі. Я кажу:
— Зачэм жа нам гэта яшчэ бачыць, як яны нас будуць жывых паліць, ды біць, ды яшчэ здзявацца будуць з нас. На ляту хай паб'юць.
Ну, і мы сталі ўцякаць… I нас уцякло шэсць чалавек. Толькі мой дзядзька, які нам гаварыў, што мацеркі прыдуць, ён ужо не змог уцячы… Сталі ўцякаць, і мы нікуды не ўцяклі, толькі два чалавекі забеглі на кладбішча, дык аднаго ранілі, а адну ўбілі на могілках і вяроўкай зацяглі ў агонь. А мы ўцяклі ўдваіх з гэтаю вот дзеўкаю. (Паказвае на немаладую сяброўку-суседку Любоў Мордус.) Ну, куды мы ўцяклі? Як сараяў у тыя гады было многа, — гэта цяпер у мяне толькі адзін сарай, а ў бацькі было чатыры, і клець, і стопка, і дзве хаты, — так такое ўжо было цеснае страенне, дык мы як выскачылі, па нас як сталі страляць!.. На хаце быў кулямёт. Пулі як ляцяць — дык яны ўдаль ляцяць, тут блізка ўжо не білі. Мы пакруціліся ўжо на гэтым на дварэ. Ды і за хлеў, ды і паселі. Адтуль хлеў, адтуль — суседні і наш. А адсюль такая куча гною. Немцы глядзелі і ў сене вілкамі шукалі. Бо яны зналі, што не ўсе. А мы за хлявом, як на смех, паселі. Уцякалі мы ў абед і даседзілі да ночы. Даседзілі, і ўсё адно ж нам ноччу няма ніяк уцякці. Крэпка месячная была ноч, і часавыя стаялі ля гэтых могілак — вот цераз тры шагі стаяў часавы. Мы выйшлі так вот із-за плота, паглядзелі: ну, мы ўцякці не ўцяком! А патаму што ў нас яшчэ не было і вопыту. Было б цяпер, дык мо б яшчэ, мо б паўз які хлеў, мо б далей прайшлі. А то мы сядзім. I я, мабыць, са спуду праспала ўсю ноч. Яна мяне будзіць. Кажа:
— Моця, не спі. А я кажу:
— Я не буду.
А як толькі скажу — і сплю. Наверна, са спуду. Ага, яшчэ ўвечары (яшчэ ж забыла!), увечары, калі сцямнела, прывялі расстрэльваць гэтых самых людзей, што ў хаце былі: мужчын, шэсць чалавек. Ну, і іх ужо стралялі, дык як выстрал дадуць, ну, дык мы сядзім, толькі так рукамі ўзялася за вочы. Гэта ж пуля, бывае, ляцецьме, бо іх расстрэльваюць у гэтым хляве, каля якога мы сядзім.
А потым прынеслі дзіця, можа, два годзікі. Што засталося ў нашай хаце. Такое, як наш вось гэты хлопчык. Дык тое дзіця, на яго ўжо выстралу не было. Што яны яму зрабілі, я вам ужо сказаць не магу. Яно ўжо толькі дзяціны голас правяло… А выстралу не было. Яно і згарэла ўжо ў том нашым хляве. I тыя мужчыны.
А мы даседзілі да рання. I ўжо ранне, стала развідняць, і сталі выязджаць яны і загадалі падводчыкам лавіць курэй. I гэта кура як бегла — паміж нас. I сядзіць. I мы сядзім. Ну, мы прытварыліся за ўмірушчых ужо, мы жывыя не былі ўжо, як гэтыя ішлі. Яны былі свае людзі, але мы ім не аб'ясніліся, што мы жывыя. Вот так адна сядзела навалена з адной стараны, другая — з другой. Тады ўжо дыханне прыцішылі і сядзелі, як яны прышлі. Яна ўзялі гэтую куру паміж нас, ну і пайшлі. Пайшлі, а тады вядзе другога. Вядзе другога, дык я на яе і кажу:
— Люба, вот цяпер ужо наша смерць будзе, вядзе ўжо немцаў.
Яны прыходзяць, пасталі дый кажуць адзін на аднаго:
— Вот, — кажа, — валяюцца бедныя людзі! Дзе ні зірні, дык там і ляжаць.
Ну, мы ўсё роўна нічога не сказалі. Мы як ляжалі, ну, ім не аб'ясніліся.
Ну, немцы сталі выязджаць. I як даедуць ужо сюды да кладбішча, дык ужо выскажуцца і ў ладкі пачэпаюць. Што ўжо спалілі партызанаў, давольныя. А тады наязджаюць ужо другія, тыя ад'язджаюць, а гэтыя наязджаюць і ўсё: выкажуцца і ў ладкі гэтак. Яны выязджалі да абеду. Так іх было многа.
Ну, а патом яны ўжо выехалі, дык мы ўсталі, дык я мо тры разы ўпала. Ведама, усю ноч сядзелі, наверна ж, ногі і пазаклякалі, дык я ўпала тры разы, покуль адышла ад гэтага месца. Сабраліся мы і пайшлі. Паціхоньку апяць на тую Смугу, дзе і былі. Мы не зналі, куды ісці. Ну, і пайшлі. А яны ехалі вакруг і не займалі нас, хоць і бачылі, што мы ішлі. Ну, яны тожа думалі:. «Ідзеце, вы апяць пападзецеся. А ў гэты самы агонь».
Ну, мы і пайшлі. Прыходзім мы ў тую Смугу, там быў мой бацька. Ну, усе пытаюць, мы ім расказалі, што людзей ужо спалілі, ужо ўцякайце ўсе. Ну, дык ніхто ж не змог: усюды паляць… Запалілі Кавалі. На гэтым маменце. I гэтыя ж мужчыны паўзлазяць на крышу, глядзяць і бачаць, як лаваюць дзяцей і кідаюць у агонь… I не змаглі ніхто ўцякці. Ну, мы яшчэ там адну ноч пераначавалі з Любаю, гэтай самаю… Яна цяпер жанчына, тады мы былі дзеўкі. I бацька мой з намі. Ну, ноч пераначавалі… Патом уранне ўсталі, і я кажу:
— Знаеш што, бацька. Пайду ж я зноў пабачу, дзе маш згарэла.
Ён кажа:
— Не ідзі, ты ўчора пайшла, дык у такую бяду папала.
— Не, — кажу, — пайду. Пайду, не буду тут… Што-та ў маёй душы чуствуецца, што не хочу я быць тут.
Ну, дык ён кажа:
— I я пайду.
— Не ідзеце, тата, бо вы слабыя, вы не ўцячэце, а я ўсё адно ўцяку.
Усю вайну жыла і чуствавала ў сэрцы, што я ўцяку ад немцаў. Ну, і пайшла. Кажу на гэтую дзеўку, Любу:
— Хадзем зноў з табою, ці мо застанемся, ці нас паб'юць, але хадзем зноў.
Толькі мы прыходзім сюды на гэтае селішча — тут і яе бацька быў, і мой, на краі жылі. Не прайшло мінут пятнаццаць, як гэтыя немцы акружылі Смугу і спалілі ж на гэты мамент.
Ідуць партызаны. Мы пасталі: думалі спачатку — немцы, зірнулі — пазналі, што гэта ідуць партызаны. Вось гэты мельнік Парфім, ён і цяпер жывы, ён за лесніка. Ён прыбягае к нам і пытае: як, што, як уцяклі? Ён ускочыў тут на драбіну і кажа:
— Дзеўкі, не ідзеце, бо гарыць Смуга з людзьмі, а ідзеце ў такое і такое месца, у лес. Ідзеце, — кажа, — вось за тым мужчынам, ён вас завядзе, дзе нашы сем'і.
Мы толькі выбеглі з ёю на гэтую вось гору і бачым — бацька мой бяжыць з лесу, са Смугі. Ну і разам пабеглі мы…»
Хвойня, Курын, Смуга, Акцябр, Кавалі… У Кавалях па два, па тры чалавекі бяруць з хаты, каля хлява: «Раздзявайся!», затым: «Лажыся!» — і ўсё, каб радочкамі, каб галовы людзей ляжалі на спінах забітых раней… Агонь, смерць, жудасць коціцца па вёсках усё далей — Лаўстыкі, Карпілаўка…
Частка людзей у лесе, іншыя, не ведаючы, як лепей, куды ім кінуцца з дзецьмі — бо ўсюды, здаецца, тое ж, па ўсім свеце! — трымаюцца хаты, суседзяў. Спрадвеку так больш надзейна было. Але тут пачалося, абрынулася на свет, на людзей нешта такое, да чаго нармальны чалавечы вопыт ужо не стасуецца…