Вход/Регистрация
Я з вогненнай вёскі...
вернуться

Калеснік Уладзімір

Шрифт:

Толькі я стала вылазіць… А быў мой брат дваюрадны, у цёткі жыў: там у іх голад быў на Украіне, дык ён сюды пераехаў. Дык ён ідзе і кажа па-хахлацку:

— Аміля, што-та там страляюць. Дык я кажу:

— Лезь сюды, схавайся…

Там у яе пограбе перагародка такая. Ён туды ў гэты катушок залез, а я гэтак во прысела. Паграбок глыбокі, а ў мяне кажух быў доўгі. Але босая я. Дык я во так прысела і сяджу. Ля дзверцаў сяджу. Ціханька. Тады віжу я, што суседняя жэншчына нешта гаманіць. Прыадчыніла я дзверцы і кажу яму:

— Гайдучыха, мусіць, просіцца, каб у Германію…

У яе было адзінаццаць душ сям'і, а яе гоняць у хату біць…

Я сяджу каля дзверцаў, а ён тамака, у катусе. I кашляе. Дык я кажу:

— Не кашляй, сядзі ціханька.

А як ты ў зямлі сядзіш, дык у хаце такі глухі выстрал. Чую — у цёткі маей два разы выстралілі… А ён усё на мяне:

— Глядзі, што там робіцца.

Бачу — два немцы ідуць з гары — Жаваранак там жыў, дык мы ўсё звалі Жаваранкава гара. З гары той ідуць сюды. Калі ў цёткі выстралілі два разы, дык тады я чую — дух-дух — ідуць па двары. Адзін падышоў, дзверцы гэтыя адчыніў. Я яго і цяпер віжу…»

I зноў пасміхаецца старая жанчына, закрываючыся маленькім, як у дзіцяці, але чорным ад старасці кулаком. Быццам няёмка ёй за ўсё, што з ёю было. I за ўсіх. За тое, што так недарэчна хавалася, так поўзала і нічога не разумела, а незнаёмыя людзі, што аднекуль прыехалі, бегалі, шукалі яе, каб забіць…

«Няхай бы ён мяне забіў…

Дзяржыць ён вінтоўку ў руках, а я гэтак сяджу. Паглядзеў на мяне, а я на яго… Дык ён прычыніў гэтыя дзверцы і пайшоў.

А я ўсё сяджу. А той хлопец усё:

— Глядзі, што робіцца!

Дык я адчыню, паслухаю, пагляджу… А потым бачу, што ўжо крайняя хата гарыць, дык і кажу:

— Ай, браток, ужо ж гэта немцы людзей б'юць, ужо Сцяпана Грамовіча хата гарыць.

Тады ўжо і я к яму ў гэты катушок перакацілася, ужо каля дзвярэй не сядзела. Хату спалілі, а сарай астаўся, а проціў сарая — наш гэты паграбок. Тады другі ўжо ўскочыў у паграбок. Але ўжо ён нас не бачыць — бо ўжо мяне няма, я ўжо перакацілася ў катушок. Запяяў ён сам сабе пад нос, выскачыў і падпаліў той сарай. Як загарэўся ж гэты сарай — бо цёпла, суха, — дык сталі на нашым пагрэбніку дошчачкі ды лапачкі гарэць, якім ён быў абстаўлены. Полымя і пакацілася па дошках. Я б сама, дык я б там згарэла са страху, а ён усё ж ужо мужчына (с м я е ц ц а), дык ён на мяне кажа:

— Аміля, давай уцякаць!

Ускочыў, ужо дзверцы гараць… А там стаяла ў нас бочка з буракамі, наскобленымі на квас, дык я ўзяла пасудзінку, каб лінуць на дзверцы ды вылезці… Але абгарэлі мы — і нашы рукі, і твар абгарэў — і яго, і мой… Выскачылі мы за сарай, а сарай той ужо згарэў.

Паляжалі мы ў бульбе, што была пасаджана. А ён кажа:

— Мы тут відны…

Пятухі пяюць, каровы, каторыя пазаставаліся, равуць, зязюлькана дубе — тут дуб стаяў — кукуець…

Ну, мы тады папаўзлі паўзком па балоце.

Сусед гэта дзевачку вынес… Па ёй два разы стралялі і толькі хустку пабілі, а яна засталася, за печкай схавалася. Яны дымам выскачылі, як гарэла. А тады яны нас увідзелі, нас пазвалі. I мы гэтак разам сядзелі там.

Пытанне: — А дзевачкі вашы?

— Адну спалілі. Як пакінула я яе сплючы, так і забілі ў хаце. А гэтая сядзела на выгане ля каровы. Дык па гэтай стралялі, але не папалі. Там быў зруб, зрублены на хату, дык яна там пад зруб падкацілася.

Немцы як звечара прышлі, дык яны ў людзей начавалі. Пісары там былі, пісалі. Пераначавалі, а раненька, з сонца ўсходам, пачалі людзей заганяць і біць…»

Так, ёсць, мабыць, пачуцці, перажыванні, калі звычайныя праяўленні іх (плакаць ці смяяцца) робяцца нібы неадпаведнымі. Другіх жа, «адпаведных», прырода чалавеку, можа, і не дала. Не ведала маціпрырода, з чым сустрэнуцца некалі яе найразумнейшыя дзеці…

На некаторых зробленых намі фота жанчын — такая вось нечаканая ўсмешка. Яе разумееш, толькі ўбачыўшы не на здымку, а на жывым твары, калі чуеш голас чалавека. I тады нават як быццам пагаджаешся з ёю: чалавек, які перажыў, на свае вочы бачыў такое, мае права на словы і вывады, ад якіх няхай сабе нават і холадна робіцца.

«…Немцы ішлі да нас так — адна партыя з Капцэвіч, а другая вунь з таго канца. А мы на вуліцы былі. На вуліцы нас і пабралі, пагналі вунь туды, у канец сяла. I там стаяў такі на калёсцах… Я не ведаю, што гэта. Мы думалі, што нас будуць расстрэльваць. А яны — за нас, групамі заганялі ў сараі, у хаты. Я папала ў другую групу. Адна я была і са мною залвіца мая. Дзеўка. Дык яе ў першую групу загналі, паранілі ў хаце, яна выпаўзла і ў калодзеж упала. А можа, яе ўкінулі туды? Я не ведаю. А я ў сарай папала, а потым Павел адбіў дзверы, і мы ўцяклі. Гарэлі ўсе, і сарай той гарэў. Сталі ўцякаць, а янынас давай біць. Мы шасцёх уцякалі: Лукашэвічыха старая — Сяргеева маці, Веры Такалінай маці разам са мною ўцякала з сарая, цётка Дар'я ўцякала… Тых пабілі, а мы ўтрох асталіся. Я за такую во копачку забегла і села. Шаптала тая копачка — так стралялі па ёй. I я засталася жывая. Я з дваццатага года сама, а дзеці мае былі тады ў лесе, двое дзяцей было ў мяне. Не разумела я яшчэ, думала: хаты ў нас харошыя, новыя, дык буду прасіць, каб яны іх не палілі. Бо пагаворвалі, што паліць будуць, але ж ніхто не думаў, што людзей будуць паліць ды расстрэльваць…

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: