Вход/Регистрация
Я з вогненнай вёскі...
вернуться

Калеснік Уладзімір

Шрифт:

А яны мяне, немцы, во і так, пуля тая во і так, госпадзі родненькі, ужо паранілі мяне, дык ляціць кроў… I як я віляла тады! I хто мне даў бегчы не прама, а ўсё віляю, віляю!.. I не ўбілі. Там у нас далей копанка, дык я ў тую копанку ўпала. Дык яны, паразіты, туды і не пашлі. А я ў гразі ляжу. А яны думалі, што ўжо ўбілі. А я потым устала мокрая і пайшла. Пайшла ды кажу: «Божа мой, божа, дзе ж мае сынкі?» А ў мяне яшчэ тры хлопцы, дык гэты старэйшы тавар пасвіў, а меншыя — свіней. Дык я ім казала, як яшчэ жывыя былі ўсе: «Ганіце, дзеткі, а то немцы пабяруць. I парасяты паб'юць і свінню». Дык яны ўжо і пагналі. I прышла я да іх. А я ж не ведала, дзе тыя дзеці ў лесе. Але прывяло мяне — во! Яны сядзяць у лесе пад купінкамі, панакрываліся, як я прышла.

— Во, сынкі мае родныя, да ўбілі ж і бацьку, да ўбілі ж і Любку, да ўбілі ж і Ваньку, да і Кольку ўбілі!

Дык яны:

— Ой, мамка, добра хоць, што ты жывая. Аднаму было восем, другому было дзесяць, а трэцяму, што цяпер у яго цагляны дом, васемнаццаць было. Ну, добра. А потым ужо і было… Э-э-эх, каб гэта ўсё расказаў, дык гасподзь мілы!..

Мне ўжо семдзесят другі год. Калі па хазяіну, то Параска Іванаўна Луцкая, а як па бацьку, то Скакун».

Было гэта ў вёсцы Першамайск Рэчыцкага раёна.

Старая, хворая, з прастрэленым на тым полі тварам жанчына кончыла расказваць і зноў скардзіцца на непаслухмянага мужа, што вось так загінуў, на тое, што аж да Масквы немец дайшоў, на нявестку і сына, якія яе папракаюць, што жыве ў гэтай старой хатцы адна і не хоча да іх перайсці. I ўсё гэта гаворыцца з такой усмешкай на аднавокім твары (вока выцекла ад ранення) і такім голасам, такімі словамі, што міжволі ўяўляецца: «Ну вось, я бегла, на ўсё, на ўсіх забыўшыся ад жаху, а нікуды ж не ўцякла, усё яно працягваецца — ва мне! Дагнала старасць, даганяе смерць…»

Новыя, іншыя твары, імёны, галасы, лёсы. I раптам зноў — тая ж горыч на самым дне расказу. Ужо новая сям'я ў чалавека, дзеці, іх найчасцей роўна столькі ж, колькі забілі, і ўсё ёсць, што патрэбна жывому, але раптам пасля расказу вырвецца: «Засталася я, а навошта? Пасля таго?..»

Тыя, што ў Іспаніях, у Аргенцінах хаваліся, а цяпер у Заходняй Германіі жывуць як дабрачынныя «дзелавыя людзі» і «любячыя бацькі сем'яў» — вунь як крыўдліва яны (і іх абаронцы) упэўнены ў сваім праве не толькі на жыццё, на «тэрмін даўнасці», але і ў сваім «абавязку» прысутнічаць сярод новых пакаленняў.

А гэтыя, іх ахвяры, ахвяры нялюдскай жорсткасці, людзі з вогненнай памяццю, нясуць у сабе — таму што яны людзі! — праклятыя пытанні, якія мучылі ўсіх вялікіх пакутнікаў за чалавека і чалавецтва: ад Дантэ і Шэкспіра да Талстога і Дастаеўскага.

Дык што памятае і што можа памятаць чалавек праз столькі год?

Надзіва многа і надзіва, аказваецца, падрабязна — калі гэта датычыцца такіх падзей. Былі б толькі словы — перадаць перажытае. Але і словы ёсць, знаходзяцца, асабліва ў жанчын. У мужчын, як правіла, словы не так дакладна прылягаюць да балючай памяці. Але таксама не ва ўсіх, аб чым сведчыць расказ Івана Максімавіча Савіцкага.

Карнікі ўварваліся ў вёску Збышын Кіраўскага раёна, а малады партызан Савіцкі якраз з лесу прыйшоў, трэба было наведацца да сястры. Зброю ён схаваў на ўзлеску. Кінуўся ў хлеў на гарышча і адтуль назірае, бачыць. I вось што помніць, як запомніў чалавек:

«I мне цераз франтон відна, што цераз рэчку бягуць дзве жанчыны. А вось так перада мной сарай стаяў. I там стаіць станкавы кулямёт, і яны цераз рэчку страляюць у гэтых бягушчых жанчын. I вось уяўляеце! Мне вось гэты сектар з-за дошак франтона відзён, дзе бягуць жанчыны, а далей за дошкай не відна. А выскачыць яны павінны вось тут — там зноў мне відна. Там я іх зноў убачу. I калі жанчыны вось тут з-за дошкі не выскачылі, я зразумеў, што забілі, што ў Збышыне б'юць людзей…»

Ці тое месца з расказу Івана Савіцкага, як чалавек стаіць у запаленым будынку і не можа адразу выскачыць, бо забойцы нёдзе блізка, стаіць у самай сярэдзіне і трывае, пакуль можна, і сам здзіўлены, што трывае:

«Ну, знаеце, калі свечка гарыць, дык па краях жарка, а ўсярэдзіне — не. Гарыць хлеў кругом мяне, а я стаю. I калі мне ўжо не можна было стаяць, мяне пекчы пачало, я і палез пад сцяну…»

Часамі, асабліва калі жанчын слухаеш, пачынае здавацца: вось толькі што чалавек адтуль. Вырваўся і прыбег да людзей і гаворыць, гаворыць пра тое, як і што было з ім, у яго вёсцы, і сам здзіўлены, амаль не верыць, што жывы. I што яно сапраўды было, ужо быццам не верыць, бо вось тут усё па-ранейшаму, а яму ж здалося, што ўсюды, што ўжо назаўсёды — гэта, так. («Думала, ужо ўсіх забіваюць, на ўсёй зямлі…»)

Домна Васільеўна Шчамялёва расказала нам, што калі яна знайшла сына сярод трупаў (жывога, параненага), цягнула на спіне тры ці больш кіламетраў у лес, дык пасля таго хадзіла, жыла, не выпрастаўшыся. Доўга, некалькі год спіна такой заставалася. Быццам усё яшчэ несла жанчына на сабе жудасны цяжар таго дня…

Дык не дзіва, што такое не дазваляе і памяці чалавечай выпрастацца да канца, скінуць усё з сябе. Не можа так чалавек. Бо ён — чалавек.

Спачатку некаторыя самі не вераць, што ўсё памятаюць, што так блізка яно. «Ой, хлопчыкі, аж калі было гэта!..» Але скажа слова, другое, кране, дакранецца, і раптам такія падрабязнасці ўспомніць, на такія вострыя вуглы памяці пачне натыкацца… I разумееш, што чалавек помніў усё і заўсёды, але ёсць памяць, дакранацца да якой боязна, балюча.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: