Вход/Регистрация
Я з вогненнай вёскі...
вернуться

Калеснік Уладзімір

Шрифт:

Як я падняла з-за капы сваю галаву, дык яны стралялі, але я пабегла, а потым убачыла, што за капой сядзіць Ева Горбань. Вось яна (паказвае на суседку). Я хацела ўзяць яе, а яна кажа: «У мяне няма ног». Я яе і кінула. Мне ж не шкада было нічога, я і дзяцей сваіх не шкадавала, кінула, я і сама сябе не шкадавала. Не ведаю, хто іх, маіх дзяцей, пабраў. Сама пабегла ў лес».

Гэта і гэтак гаварыла нам Вера Цімафееўна Какора ў вёсцы Вялікія Сялюцічы Петрыкаўскага раёна.

А мо яна нагаворвала на самую сябе? I дзяцей, бачыш, «не шкадавала», і «сама сябе не шкадавала», і суседзяў.

Можна спытацца: а навошта гэта чалавеку — так на самога сябе нагаворваць?

Насуперак логіцы быццам бы.

Але ж ці многа (мог бы спытаць такі чалавек) «логікі» ў цэлым свеце? Дзе такое рабілася, дзе такое магчыма. Вось і гаворыць, сапраўды не шкадуючы ні сябе, ні тых, хто будзе слухаць. I тады расказ чалавека гучыць жорсткім выклікам: можаце жахацца, можаце абурацца! Свет вунь які, дык не патрабуйце і ад мяне!..

Людзі, якія такое перажылі і якія сёння жывуць сярод нас, — гэтыя з ліку наймацнейшых.

Большасць адразу ці праз нядоўгі пасля вайны час адышла ад нас — услед за болем сваім, услед за дзецьмі, бацькамі, што так жудасна загінулі.

А гэтыя ўсё трымаюцца ў жыцці: адных трымае новая сям'я, новыя дзеці, праца, старэчыя клопаты каля ўнукаў; другіх, адзінокіх, трымае ў жыцці, магчыма, якраз памяць пра страчанае, бо чалавек супраціўляецца, не хоча, каб самае дарагое знікла канчаткова — разам з ім. Бо і мёртвы для чалавека таксама часам яшчэ раз памірае. «Яшчэ больш» памірае — ужо канчаткова. Нават мёртвае дзіця сваё маці будзе ратаваць (калі трэба, ахвяруючы сабой) ад другой, ад новай смерці — вось як Марыя Фёдараўна Кот з вёскі Вялікія Прусы на Капыльшчыне:

«…Схапіла меншую, ёй было дзевяць год… Гарыць і на ёй плацце, і на мне гарыць… Замчала ў тую яму, дзе там глінабітку рабілі, палажыла… I зноў жа лезу па тым агні — па большую… Хай то пабілі — дык яшчэ і згараць! Пацягнула, падняла. Дык яно такое маладое, мяяккае!..»

Маці схавала застрэленых дзяцей у яму. А потым яшчэ раз, жыццём рызыкуючы, вярнулася да дзяцей. I кажа нам пра гэта, пра забітых:

— Прыпаўзла да ямы. Ці жывыя, ці не паелі свінні?..

Так, чалавек можа жыць дзеля адной памяці: каб у ёй і дзеці яго жылі — забітыя, спаленыя. Можа, таму многія і жывуць — сілай любові чалавечай, мацярынскай: тая памяць, якая іх спальвае, яна ж іх і трымае на свеце.

Людзі з вогненных вёсак — як і ўсе, могуць быць заклапочаны і пенсіяй, і тым, што ўнучка не паступіла ў інстытут, і шыфер ім патрэбен, і сена для каровы. I нам, ездзячы, слухаючы, запісваючы, трэба было прымаць самы практычны ўдзел у гэтых іх клопатах. Бо, на жаль, не ўсе і не ўсюды яшчэ разумеюць, што да гэтых людзей адносіны павінны быць — ну, хоць бы такія ж, як да ветэранаў ці інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны.

Аднак жа там, дзе праходзіць балючая мяжа іх памяці, там усе клопаты і практычныя інтарэсы знікаюць. За той мяжой клопат адзін: каб сказаць адну толькі праўду, каб людзі ведалі яе. Нават здзіўляешся, наколькі шчыра чалавек можа гаварыць, расказваць усё — і тое, што, здавалася б, гучыць яму не на карысць…

Многія расказы не проста праўдзівыя, а нават палохаюць сваёй бязлітаснай праўдай. Ужо і хочацца міжволі, каб яе менш было. Але ж чалавек гаворыць, сапраўды не шкадуючы самога сябе.

«…Мая адна дочка была ў Германіі, забралі маю дочку, а адна дома была. Ну, дык ён прыйшоў, мой хазяін, і дачка прышла з лесу, і трое дзетак прывезлі яшчэ. Дык я кажу:

— Анупрэй, ты ведаеш што, бяры ты гэтыя дзеці ды ідзіце ў лес назад.

— Эх ты, такую-растакую, будзеш хавацца мне ўсё!..

Не слухае, не слухае мяне мой дарагэнькі! Тады ж не было ні пасцілак, ні коўдраў, дык я кажу яму, што давай у дзяругу дзіця ды пойдзем у лес. I зноў ён лаецца. А тут ужо немцы ідуць. Дык я яму і гавару:

— Хваробу мы цяпер з табою ўцячом. Хаця цяпер ты ўжо вядзі маю гэтую доньку!

А яна харошая была, ужо сем класаў кончыла.

— Дзе вунь людзі ўцякаюць — там і ты! Ён, праўды, — за яе.

I пайшлі яны. А цяпер — адкуль ужо немцы ўзяліся! — абнялі нас кругом. От табе ты і ўцёк!.. Паліцэйскі гукае яго. Ён вярнуўся, дык яны яго тут у дварэ і застрэлілі. Ён ідзе гэтак во ў двор, а я крычу:

— А божа мой! А куды ж ты? А ўцякаў бы ты, дык трасцу б яны ў цябе папалі.

Сама сабе ўжо, не на яго. Спачатку яго, а потым маю доньку, дык я — ох! Няхай жа яны мяне ў плечы, а не ў вочы!.. Два хлопчыкі: аднаму чатыры гады, а другому шэсць. Яны бягуць за мной. А ўжо немец… Гэта бабы, каторыя потым расказвалі: «За табою, Парася, беглі!..»

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: