Калеснік Уладзімір
Шрифт:
— Гэта ваш унук? — пацікаваліся мы ў цёткі Ганны.
— Не, Сярожа — мой пляменнік з Гродна, прыехаў на лета.
— А ты, Сярожа, умееш ляпіць птушак або жывёл ці так, звычайных людзей?
Хлопец маўчыць.
— Сумна дзіцяці аднаму, — стараецца ці то апраўдаць, ці то выручыць пляменніка гаспадыня.
У голасе старой адчуваецца туга па людзях, жыхарах вялікай, гаманкой вёскі, па такіх вось бойкіх падлетках, што ўмелі схаласопіць усе агароды, выкупацца па пятнаццаць раз на дзень і разам з тым пасвіць коней, кароў, гусей… Ёй сумна па суседзях — размашыстых нёманскіх плытагонах, што ўмелі працаваць і гуляць на поўную душу.
Магло б такое жыццё плысці сабе прывольна і шырока, як Нёман, паўнаводны тут, у сярэднім цячэнні.
Магло б…
У смузе віднеюцца парослыя лазняком берагі. Яшчэ вялікія князі літоўскія, мабыць, трымалі ў гэтым месцы водную пераправу на шляху з Вільні ў Ваўкавыск і Бярэсце, а людзі, што ахоўвалі і абслугоўвалі княжацкую пераправу, названы былі княжаводцамі.
Пра тое даўняе-прадаўняе мала хто памятае. Расказваюць людзі навейшыя былі.
Ходзіць у ваколіцы паданне пра сабор у зусім недалёкай, таксама вялікай, вёсцы Дубна, якая ў вайну ацалела. Вялізны, грувасткі сабор гэты. Паглядае сюды правалінамі ржавых купалоў і не можа ўцяміць, што ж адбылося. Былі на віду ў яго вялікія Княжаводцы, і пайшлі яны з дымам, няма іх. Гучала зычнымі званамі боская, царская, панская ўлада па Наднямонні, але змоўкла. Таемна збудаваны свет, дзівам пабудаваны і сам ён, гэты сабор. Кажуць, цар загадаў паставіць храм ва ўкраінскім горадзе Дубна, а выканаўцы яго волі нешта пераблыталі, перайначылі «повеленне», прыляпілі яго да аднайменнай беларускай вёскі…
Дзейнічала ў Наднямонні, як і скрозь на свеце, і другая, светлая, добрая воля — воля жыцця. Яна зыходзіла ад зямлі, ад людзей працы, ад патрэбы тварэння, увасабляла жыццё і свабоду, была іх разумнай праявай. Пад уплывам жыватворнай сілы святла і волі, імкнення да іх нараджаліся і тут, у чароўным кутку Наднямоння, сялянскія паэты. Як жаўрукі над нівай, яны спявалі гімн жыццю і тварэнню, клікалі над-нямонцаў купалаўскім клічам «людзьмі звацца». Не далёка зайшлі галасы гэтых песняроў, але напевы іх тутэйшыя людзі чуюць, як чуе чалавек удары ўласнага сэрца. Паблізу ад гэтых мясцін гучала ў дні няволі і змагання сардэчнае, сціплае і дасціпнае слова паэта Міхася Васілька, а трохі ніжэй па Нёмане і значна раней па часе тут, сярод прыгнечаных беларускіх сялян, знаходзіла несмяротныя вобразы высакародная полька Эліза Ажэшка.
На краі зямлі, якую засявалі жыхары Княжаводцаў, у хлебнай даліне за сасоннікам, уцалела тры хутары. Наводшыбе за былою вёскай.
Вось прысеў каля надмагільнага помніка Сымон Іванавіч Кая. Засяроджана кладзе ён бронзу на высечаныя ў бетоне традыцыйныя літары «З. П.» — «здесь покоится». Гэтая праца стала пасля фашысцкага пагрому нібы новай прафесіяй земляроба. Ёсць нешта сімвалічна-жудаснае ў гэтым збегу акалічнасцей. Селянін, гаспадар, які цудам абмінуў сваю смерць, перажыў смерць родных і блізкіх, ніяк не можа ўцячы ад прысутнасці смерці… Яна — побач.
Але не смерць дыктуе яму словы «здесь поконтся», не яна загадвае высякаць адвечнае «З. П.». Дыктуе жыццё, бо яму належыць памяць. Што думае стары падзёншчык жыцця ў доўгія дні марудна-карпатлівай работы? Што думае пра тых, чыю памяць захоўвае залачонымі літарамі? Хіба расказвае ценям і гэтым камяням падзеі таго дня, які аддзяліў яго ад жывых і не злучыў з памёршымі.
«…Тады я, ведаеце, — расказвае ён, — прыйшоў з вяселля, з Сухініч, і лёг спаць у адрынцы. У гэтую ноч я неяк дрэнна спаў. Стала толькі трохі світаць, і я падняўса. Прыйшоў, пастукаў у акно, але жонка спала моцна, ледзь разбудзіў. Увайшоў у хату, ужо было трохі відна. Жонка выйшла на двор, а я яшчэ ўсё хаджу па хаце. Вядома, з вяселля, у галаве шуміць…
Дачка, васемнаццаць гадоў, спала на адной караваці, другая — на другой.
Гляджу я — жонка бяжыць назад у хату.
— Скарэй, — кажа, — немцы за агародамі і крычаць «хальт!».
Ну, ведаеце, яны да нас прыязджалі разрў некалькі з Гродна. Набяруць машыну людзей і павезлі. Не на работу. Там іх білі, таўклі, каб гаварылі пра партызан… Адаб'юцьчалавека ад памяці, ён і гаворыць, што ім трэба…
Пачалі яны нашу вёску ачапляць. Пройдзе адзін метраў пяцьдзесят і стане. А некалькі нашых хат на хутарах былі за гэтай цэп'ю. Вось і мая таксама. Яны нас спачатку абмінулі, а потым партыя немцаў аддзяліласа і пайшла нас з хат выганяць. Тады я выскачыў праз акно і — пад Нёман…
Калі расстрэльвалі, дык я быў ад гэтай магілы блізка, у лесе. Крыку не было аніякага. Толькі залп быў. I адзіночныя выстралы. Ад стральбы гэтай я пайшоў далей…
Мне расказваў адзін чалавек з Луннай, які быў тады падводчыкам. Памёр ён, гэты чалавек. Ён быў каля магілы. Каторыя застрэленыя падалі не ў магілу, а каля магілы, то гэтым людзям, падводчыкам, загадалі сцягваць іх у яму. Чалавек гэты чатыры дні нічога гаварыць не мог. Не аказваўса. Толькі потым прыйшоў да памяці. I расказаў, што там было…
У форме ўсе яны былі нямецкай. Сядзелі пасля ўсяго, як пастралялі людзей, елі сала, каўбасы, што награбілі…»
Калі вочы Сымона Каі пазіраюць на слухача рассеяным, невідушчым позіркам, а на губах блукае бесклапотная ўсмешка дзіцяці — робіцца холадна. Нарэшце — выраз ціхай скрухі на твары, і субяседнік можа ўздыхнуць з палёгкай — нічога, ён яшчэ нічога… Удару, які перажыў гэты чалавек, не мог сцерці руплівы, мірны час, так і не ачуняў, калісьці дбайны, гаспадар. Скончылася вайна, а ён усё блукаў па чужых вёсках — ні старац, ні работнік. Неяк натрапіў на гэты свой занятак… Рамяство? Заробак? Ці «кара», а можа, плата за ацаленне?..