Вход/Регистрация
Я з вогненнай вёскі...
вернуться

Калеснік Уладзімір

Шрифт:

— Хадзем у лес!

Прыйшлі ў лес. Пасля мы знайшлі, на другі дзень, Ламаку Стася і Васіля. Ужо нас было чатырох. Ідзём далей. Потым знайшлі Ламаку Стэфу з дзяўчынкай Маняй, дванаццаць гадоў. Калі мы іх знайшлі, дык яны гавораць:

— Там вунь ляжыць Ламака Іван. Ён ранены. Гэта мой родны брат.

Пайшлі мы і прыцягнулі яго да партызанскага лагера, «пад вялікую яліну», як тады гаварылася. Лагер той быў пусты. Ранены стогне, перабітая нага… Пасля яму яе ампуціравалі.

Прабылі мы там шэсць дзён, бо немцы яшчэ кругом курсіравалі. Потым адзін кажа:

— Ці так, ці так паміраць — давайце брацца дадому.

Брат мне кажа:

— Ідзі дадому. Там у яме гарэлка стаіць. Каб мне не замерзнуць — нацерціся трэба.

Прыйшоў я дадому — ані душы. Прыпоўз я, у яму тую спусціўся, а ў хату не заходзіў. Схапіў там пару бутэлек тое гарэлкі і назад у лес да яго.

Прыйшоў у лес, дык ён узяў там ды рану сваю абмыў.

Пераначавалі мы яшчэ адну ноч, зноў ён гаворыць:

— Ідзі паглядзі, прынясі што-небудзь. Але асцерагайся.

А хаты нашыя — у лесе. Прыпоўз я, бачу — стаіць нейкі мужчына. Падышоў я бліжэй, давай прыглядацца, а гэта наш сваяк з Крупіцаў. Расказаў я яму пра ўсё, а ён запрог кабылу, і мы паехалі ў лес. Прывезлі брата ў Крупіцы, і там ён ляжаў…»

* * *

Міколу Багдановіча знайшлі мы ў Слуцку, на будаўніцтве мясакамбіната. Якраз канчалася змена, і саракатрохгадовы цесля, зачыніўшыся з намі ў прарабскай, за дашчанымі сценамі якое чуўся грукат і гоман, расказаў, як ён калісьці ўцякаў з роднай вёсачкі Гандарэва, калі яна была ў сваім апошнім агні.

«…Мы якраз былі ў хаце ўсе. Маці ставіла есці на стол, а тут немцы наляцелі на дзярэўню. Ніхто нікуды не паспеў уцячы.

Немец прыйшоў у хату і гаворыць:

— Матка, ідзі карову выганяй!..

Яна пайшла, а ён дастаў пісталет і ўбіў яе. На маіх вачах. У хляве. А потым вярнуўся ў хату. А я на дварэ схаваўся.

Брат быў другі. Ужо быў раздзеты, нібы хворы ляжаў — каб у Германію не ўзялі, — дык ён узяў і застрэліў яго ў пасцелі. Меншага брата з печы зняў… Дзевачку таксама ўбіў…

I выйшаў з хаты.

А я потым убег, брата падняў меншага, Ваню, і — уцякаць з ім.

Выбеглі мы з хаты ўдвух, і я яшчэ пабег у хлеў, маму паглядзець. Думаю: калі брат жывы, дык, можа, і ў маму не папалі…

Брат пабег прама ў лес, і яго дагналі. У руку вышэй локця і ў галаву… Потым яго там знайшлі.

А я не пабег, я паміж двух хлявоў залез у завулачак. Дзядзькаў хлеў і наш. Сяджу там. А потым, як хлявы пачалі гарэць, дык я думаю, што яны будуць раскідацца і прыдавяць мяне… Я адтуль вылез і хаджу з аднаго боку на другі: каб ён і з дзядзькавага двара не ішоў, і з нашага. I яны мяне замецілі. З напраўлення Ціханя яны ехалі. I паслалі аднаго. Я бачу — ён ідзе… Думаю: яны мяне не відзяць. А потым ён галаву з-за вугла і я з-за вугла. Дык я на яго:

«Панок! Панок!..» Ды гэтым… выбачайце, мёрзлым конскім гаўняком з-за вугла папусціў. А сам бягом на свой двор, цераз калодзеж, цераз плот і паляцеў далей па вуліцы…

Пытанне: — А ён паслізнуўся, немец? Так нам ваша сястра расказвала.

— Паслізнуўся. Ну ён, можа, думаў — гранатай папусціў. Чорт яго ведае, што ён думаў, факт, што так было. Ён упаў, а я за гэты час — на трэці двор… А потым паўзком, паўзком, за капцы, за бурты… Там была канюшня калхозная, а ўжо ад гэтай канюшні да лесу — метраў пяцьсот было. Снег растаўшы быў ад пажару, снегу многа, — ніяк не магу бегчы. Поўз, поўз, а потым усхапіўся і — бягом. Дзе ўжо снег цвёрды. Дабег да лесу, і тут усё роўна як хто мне ў затылак ударыў — цёмна ў вачах… У адну нагу ранілі і ў другую… Пасля ачухаўся, чую — страляюць. I зноў пабег… У Старэве людзі мяне перавязалі, і я пайшоў у лес…»

Негаваркі Мікалай Міхайлавіч. Распытваць трэба было, падварушваць пытаннямі. I сарамлівы. Пра тую мёрзлую «гранату», якою ён, хлапчук, напалохаў дарослага з пагонамі і аўтаматам, ён наогул не думаў згадваць. Каб Зоня Міхайлаўна, сястра яго, да якое мы перад гэтым заязджалі, не расказала пра гэта, дык ён, як сам сказаў нам, «пасцясняўся б гаварыць…».

Дзве старасці

«ГАЛОЎКА ЯГО БАЛІЦЬ…»

У нас быў перапынак, цэлы тыдзень, калі мы былі дома і жылі больш клопатамі і радасцямі свае надзённасці, і таму цяпер сонечны, зялёны чэрвень мы па хатняй інерцыі ўспрымаем яшчэ без страшнага глыбіннага падтэксту — без людскіх успамінаў пра кроў і агонь.

Вёска Альхоўка. Клічаўскі раён.

Спешыўшыся каля патрэбнай нам хаты, ідзём ад машыны да лаўкі перад гародчыкам, на якой сядзіць дзядок. Ціхенькі, сівы, шэры, маленькі. I не ў цяньку, хоць спёка, а на сонцы. Вітаемся, а ён не адказвае, пытаемся, а ён маўчыць. Ды не ад грубасці, мусіць, бо глядзіць ён на нас ці то прыязнымі, ці то бязгрэшнымі вачыма. Не ўсміхаецца — толькі зірнуў адзін раз, даўгавата і абыякава, і зноў глядзіць кудысьці, нібы наперад, нібы ўдаль.

Вартуе штосьці? Абдумвае? Проста любуецца тым, на што глядзеў столькі гадоў, а ўсё ж не наглядзеўся? Відаць, ні адно, ні другое, ні трэцяе: на ўсё на тое патрэбна нейкая актыўнасць, а ён, дзядок, проста глядзіць.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 43
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • 48
  • 49
  • 50
  • 51
  • 52
  • 53
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: