Вход/Регистрация
Я з вогненнай вёскі...
вернуться

Калеснік Уладзімір

Шрифт:

Два чалавекі геройскі пагібалі — Шпак Даніла і Кава Сямён.

— Бі, — кажа, — сволач, у твар, а не ў патыліцу!.. Я спачатку прадраў страху і сам глядзеў. Бачыў.

Стаяла ахрана каля гумна. Калі не вылазіш, то не страляюць. Я памахаў рукою, што вылазіць не буду. «Глядзі сабе, вытрымаеш — глядзі…» I пакуль сёстраў і маці не забілі, і гэтых двух — я глядзеў. А цотым… нібы страх… Родных пабілі — страх авалодаў. А так чалавек проста стаўбом стаяў, без чусцвія…

Як цяпер гаворыцца, па маскоўскаму часу, з васьмі гадзін да шаснаццаці была праверка, а потым пачалі расстрэльваць. Дзве гадзіны расстрэльвалі, не больш.

У гумне сядзелі на сене і курылі, ніхто тады не асцерагаўся. Чулі, што страляюць.

— Люс! Люс! — хто крайні.

Не хоча — прыкладам, галава не галава…

Форма ўся нямецкая: і шэрая, і чорная. У чорнай больш стаялі на пастах. А немцы — выпорвалі, падводзілі. Расстрэльвалі тыя, што пайшлі… ну, паліцыя. З Івацэвіч прыехалі, з Пружан прыехалі, з Ваўкавыска прыехалі, са Слоніма прыехалі, з Баранавіч прыехалі.

А тыя, што забіралі дакументы, гаварылі па-нямецку, цераз перагаворшчыка.

Усіх пабілі, а мы з бацькам пад сена зарыліся. Бацька першы, а я яго закідаў сенам.

Даскубся я да сцяны, а каля сцяны вялікая бочка, на замок замкнёная, стаіць. Немцы прыйшлі, давай глядзець, што ў бочцы. Прыкладамі разбілі яе. А я якраз да яе дакапаўся. Сена было так на метр трыццаць сантыметраў, а як праскубці, каб чалавеку далезці, то палучаецца прагіб. На мне стаяў немец. Разбіў бочку, пачаў вакол яе пароць штыхом. Аж да адзежы мае дапорваўся.

«Ну, — думаю, — усё роўна не застанемся, не вырабімся жывымі».

Неяк так… Ці то чалавеку жыць паложана?..

Пайшлі яны. Потым адзін з сабакам зайшоў. Сабака — уядаецца!.. Потым чую — запалкі зашасталі. Чую — салома пачала гарэць…

Вылез я на ток. Уздумаў, што і бацька мой тут. Узяў сахор, парнуў — варушыцца. Выцягнуў я яго. Я абгарэў слаба, а ў бацькі ўвесь твар быў з паўгода абгарэлы, нельга было глядзець… Выйшлі мы з гэтага гумна. Гумны адно ад аднаго — метраў шэсць. Глядзім — чалавек перад намі. Спалохаліся, стаім, як стаўбы, адзін на аднаго пазіраем, а потым пазнаем: сусед.

— Гэта вы, дзядзька? — пытаецца. — I хлопец з вамі?..

Пайшлі мы ўтрох да дарогі.

А яны апошні дом, дзе сядзела начальства, падпальваюць.

Напароліся мы на немца. Нёс куль саломы. Метры два ад яго я рукі распасцёр, каб тых, што ззаду беглі, затрымаць. У дыме ён мяне не заўважыў, а двор вузенькі. Мы — назад. Я — цераз плот. У суседа вуллі былі на зіму састаўлены, я паміж імі, у лужыну — снег ад пажару растаў — лёг і ляжу…

Паехалі немцы.

«Давай, — думаю я, — пайду пагляджу на магілу…» Дзіцячы розум… Пазнаходзіў адзежу, мацерыну і сясцёр. Раздзявалі ўсіх да бялізны…

Тая магіла, дзе мужчыны, паднімалася няшмат, санціметраў на дваццаць. А кроў каля сценкі — фантанам. А дзе жанчыны… Клянуся… ісціным богам, што на жанчынах не менш як санціметраў на семдзесят зямля то паднімецца, то асядзе… Значыцца, яны толькі трохі прысыпалі, каб не відно было.

Потым людзей прыганялі, на трэці дзень, дабаўлялі зямлі…»

Пакуль ён расказваў, за спіной яго, на парозе, амаль увесь час стаяў хлапчук. Адзін з тых вясёлых «філосафаў» з плота. Ужо разумна прыціхлы. Калі адыходзіўся або вяртаўся зноў на парог — абавязкова асцярожна і, басанож, зусім нячутна. Меншы, чым бацька ў той час, калі яго забівалі, ды ўжо таксама звыш дзесяці…

Дзяўчынцы было нецікава. Толькі трохі паслухаўшы, скакуха пабегла з двара, шукаць новай забавы.

I ўсё над намі і навокал нас было ў спакоі яснага адвячорка.

* * *

Вялікая Воля Дзятлаўскага раёна.

Лясная вёска, з векавечнымі дубамі і гонкімі соснамі — не толькі навокал яе, але і на вуліцах з кіпарысным ядлоўцам на палянах паміж рэдка раскіданымі сядзібамі, з драўлянай царквой на могілках, прыгожай і ў сваёй пашарэлай ды пахілай старасці. Добрыя хаты ў вялікавольцаў, амаль усе — пасляваенныя.

16 снежня 1942 года немцы забілі тут каля двухсот чалавек. Сярод вельмі нямногіх, каму пашанцавала ўратавацца, былі два падлеткі.

Адзін з іх, калгасны жывёлавод Аляксей Ламака, так расказвае пра той дзень.

«.. У той час я яшчэ быў малы, мне было ўсяго адзінаццаты год.

Помню я — прыйшлі немцы, сталі нас выганяць з хатаў. Немец адчыніў дзверы і сказаў: «Выходзьце!» Мы жылі ў хаце дзве сям'і, бо наша хата згарэла і мы жылі ў падсуседзях. Вышлі мы з хаты і бачым, што тут ужо ўся вёска сагната. Падагналі нас метраў, можа, з пяцьдзесят, паставілі ўсіх у калону. Не памятаю, колькі там чалавек было ў калоне. Закамандавалі нам усім пакленчыць, і ззаду прыйшла машына. I сталі мы паміж сабой гаварыць, што, можа, паліць нас будуць жывых… А яны нас сталі фатаграфіраваць — з нейкім апаратам стаяла машына.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • 48
  • 49
  • 50
  • 51
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: