Калеснік Уладзімір
Шрифт:
Пытанне: — А як вы трапілі ў тую бальніцу? I што гэта за Яроміха?
— Як я трапіла? Там саставы стаялі на станцыі, калі мяне той дзядзька вёз, і без пропуска не прапускалі нікога. Мяне ж вязе гэты чалавек, а я раненая ляжу. I гэты хлопчык каля мяне маленькі, Сашка, каторы застаўся жывы. Дык мяне хочуць у камендатуру. Я думаю: «Ну, усё…» Крычаць яны:
— Падымайся, бабо! А чалавек той кажа:
— Яна не паднімецца, яна бальная.
А там бабушка была старэнькая, што з немцаў, якія тут даўно засталіся. Яна памерла ўжо. I вось тая бабушка ідзе. А яна была са мною знаёмая, начавала ў мяне не раз. Бедная была, хадзіла, то краску прадае, то што-небудзь. Я з яе нічога не брала, а так дам картоплі ці чаго. Бо жылі ж мы тады добра. Дык яна ў мяне і начуе тыя разы. Глянула яна ў воз ды кажа:
— Хто гэта цябе, Аленка? Якая ж ты нешчаслівая! Ды на мяне ўпала, ды стала галасіць, абняла мяне
ды стала цалаваць. Цалуе і плача. А ён пытае ў яе, немец, па-нямецку:
— Хто гэта? А яна кажа:
— Гэта мая родзічка, гэта мая фамілія [15] .
Яна сама — з немцаў, засталася яшчэ ў колішнюю вайну. Ён работаў на заводзе, чалавек яе. Рабіў на заводзе нейкім старшым і астаўся тут на жыццё. А яна па-нямецку гаварыла. Дык яна ўпала на мяне і кажа: «Гэта мая фамілія!..» Пагаварылі яны па-нямецку, і яна кажа:
15
Die Familie (ням.) — сям'я.
— Няхай ка мне вязуць.
Праўда, яна і павезла мяне. Я абамлелая была. А як добра трошачкі што ўбачу, дык я ёй рукі цалую і кажу:
— Мамко, ратуй мяне!..
— А што ж мне вам рабіць? — кажа яна.
А мой, гэта, хлопчык маленькі прыдзе ды ў рукі яе цалуе:
— Ах, цётачка, ратуйце маю мамку! Маленькі быў, a — бедненькі — цалуе ў рукі.
Яна пабегла і паклікала Казлоўскага, перавязаць мяне. А мяне, гэта, кроў кругом, ды застыла яна, ды мне ўжо так робіцца, што і не магу я. А Казлоўскі кажа: «Памыйце яе». Яна, праўда, запаліла ноччу грубку, памыла мяне, пераадзела ва ўсё сваё і палажыла.
На другі дзень рана прыбег той немец, правяраць мяне, ці я ў яе. А яна паставіла ложачак каля грубы і палажыла мяне каля грубы. Ён прышоў, паглядзеў, пагаварыў з ёю. Яна кажа:
— Яна зусім нічога не варта, можа, і памрэ.
Дык яны ўзялі мяне, і завёз мяне адзін чалавек у бальніцу, у Петрыкаў. І ўжо я ляжала ў тым Петрыкаве. А дзеці мае засталіся там, у чалавека…
Пытанне: — Ашто было з вамі пасля?
— Што было? Я рабіла на ферме, калі ўжо нашы прышлі, і палучала прэміроўку. I колькі ж год я рабіла! I ў Мазыр мяне выклікалі. Дзе я не была! Я і ў сельсавеце была — мяне ж пасля вайны членам сельсавета выбралі… Прыедуць, забяруць мяне легкавушкай…
Сталі мы там дзяліць дабро на сірат. Ну, я і думаю, што як мне дрэнна, то і другому ж таксама тое дрэнна. Адзін кажа, што каторае дзіця ад тых, што за немца былі, то яно — інакшае. А гэта ж усё роўна нашыя дзеці, а тое, што маці яго ці бацька немаведама дзе, то што ж яно, дзіцятка, вінавата. Я ўзяла ды ўступілася там за адну, бо яны бедныя, нічога ў іх не было, а іх, дзяцей, двое. Я і кажу:
— Ім трэба даць хаця б што-небудзь, ну, хоць цела прыкрыць. Бо дзеці — гэта дзеці, дзяцей шкода, яны не вінаватыя.
Я заступалася, і за дзяцей я заўсёды буду заступацца. За што ж яно будзе страдаць? Яны нашы, гасударсцвенныя дзеці. Яны ў нас васпітваюцца, у нас растуць, яны нам і будуць.
I я дзякую, што лягу ды сплю спакойна. Не то што каторыя: «Дай, дай!..» А я давольна, што лягу спаць ды пераначую спакойна. I благадару я нашаму гасударству, і нашым байцам, што нас аслабанілі і што ў мяне засталося хоць трошкі дзетак. Ужо і яны палягуць паспяць, і сама я лягу, добрыя людзі, ды пасплю…
А так жа я, хлопчыкі, не спала ў хаце. Калі пры немцах яшчэ.
Забралі мяне, праўда, партызаны ў лес. Сяду я на купіне ды прычытваю: «За што мяне так наказала? За што я так пакутую…» Пазаводзіліся ў мяне гэтыя на ранах, ізвіняйце, чэрві. Вазьму я іх так пальцамі павыграбаю ды вазьму так чым-небудзь перавяжу. Бо хадыром ходзяць, так і чутно, як яны ходзяць па мне, па руцэ. Што ж, ведаеце, жывая кроў. А лес, а заедзь гэтая! Нападаюць жа, не можна пераначаваць. I бінтоў жа няма. Трапачкай якою-небудзь завяжаш…
Потым прышла наша армія, ды паставілі арудзія, ды будуць, гэта, па Петрыкаве біць, немцаў з Петрыкава выганяць. Прыходзіць да мяне адзін ваенны і кажа:
— Што вы так, бабушка, сядзіце з дзеткамі?
— Сяджу, — кажу я, — а дзе ж дзецца?
— А чаго-та ў вас такі курэнь?
— Бо няма каму добрага зрабіць. Чалавека няма. Другія людзі то з дзядамі, то з бацькамі. А ў мяне быў гэты большы хлопец, дык і таго няма, у партызанах.
— Ведаеце што, — кажа ён, — будзе бой, і мы вас адгэтуль вывязем.
I праўда, прыехала падвода, забралі маіх дзяцей, ды забралі мяне, ды завезлі некуды туды, пад Буйнавічы. На дварэ там нейкая сцёбачка [16] стаяла ў лесе, і сядзелі мы ў той сцёбачцы. Ну што ж, есці няма чаго, дзеці малыя, — што рабіць? Там ваенныя стаялі раней, і там куране, і ў тых куранях маленькія картошкі, якімі яны коней кармілі. Пойдзе мая дзевачка ды назбірае тых картопель, ды ў той зямлянцы мы ўжо як-небудзь спрышчым тую картоплю. А потым нас яшчэ далей адбросілі, гэта як біліся за Петрыкаў. Недзе нас аж пад Украіну туды. Там мы ўжо так і прабылі, пакуль нас не вызвалілі. У людзей мы там піталіся. Людзі жылі ў куранях, ніводнай хаты не было.
16
Сцёбачка (дыял.) — варывенька.