Калеснік Уладзімір
Шрифт:
Ну, вот. Гэта немцы паехалі — парцізаны сюды. А я адпаўзлася, лягла, і так крові, гавораць людзі, як найшло… У крыві ў гэтай і ляжала. Слышу: дух-дух — нехта загаварыў. З Саснёў там жыў такой. Вашэнь іхняя фамілія, Вашнёвы. Прыбег старык і будзе гаварыць:
— Якая-та баба ляжыць, жэншчына забітая. Сямёнаўна! Калхознікі, сюды!
Прыбеглі. А я ўслышала ягоны галос, паднялася во так назад — ударылася, палілася кроў з рота, і з вушэй — усюды. Яны мяне падхвацілі на трапічніцу, паняслі к Бяльковым у хату.
Гэта патом ужо — урача. Мой прыбег з атраду — вызваў. Урач гэты прыехаў, пясок выкачаў з мяне. I рвала, а пясок ішоў. Ён усё выкачаў — і пясок і ваду… Раны гэтыя мае на языку памазаў, тады сюды рану гэтую… Прыходзілі медсёстры з атраду, каб загнаення не было ў ране. А ў галаве ў мяне ўсё бом-бом, бом-бом… Ніяк. А ён прыехаў патом, распёр гэты чэрап, і на мазгавой абалочке была кроў, какой-та ложачкай даставаў ён гэтую кроў. Как дастаў кроў з мазгавой абалочкі…
Пытанне: — Урач з-за фронту прыляцеў?
— У Маляўшчыну на аэрадром. Яны мяне хацелі везці за фронт. Сам гаворыць, хірург гаворыць:
Каб вы спасліся тут, то нада вядро маку і мёду ўмесце. Мак цярэць, талоч і цярэць з мёдам і есці. Вы саўсем з крыві сышлі. Вы тады паправіцеся і ўстанеце. А як не будзеце гэтага ўпатрабляць… За фронтам вам гэтага не дадуць. Вайна.
Вот. Так я і папраўлялася. Прынясло мне насяленне вядро маку за адзін дзень, а мёд свой быў, пчолы свае былі. Вот так. Я толькі на дзевяты дзень прышла к памяці, стала есці гэта і на пяты месяц толькі стала хадзіць. Вот…»
Яна нас частавала потым, зноў жа ціхая і добрая. I шафёра вышла паклікала. Замацаванне добрых пачуццяў сустрэчы, — можа, адзінай у нашым, усіх нас разам, жыцці.
Каля ганка, перад зялёнай далінай, цвіў бэз. А салаўёў — калі мы выйшлі, не было чуваць. Можа, што сама поўдзень, сонца зусім разагнала шчодры пасля ўчарашняга дажджу туман, можа, і таму, што ўсё-такі палавіна чэрвеня, а то і проста выпадковасць, перадых.
А выпадковасць гэта ці заканамернасць— тое, што выжыла, уваскрэсла яна, Акуліна Сямёнаўна Іванова? На бяду катам, супраць якіх пасля сведчыла на двух працэсах? На радасць людзям, што любяць дабро, — на незвычайную, сцішнаватую радасць?..
Пацалаваць апошні раз…
Любоў Сямёнаўна Іванова. Семдзесят пяць гадоў. Гарбачова Расонскага раёна.
«…У партызанах мужык мой не быў, ён быў на фронце…
Гэта мне трэба сюды гаварыць? (Паказвае на мікрафон.) Проста, кажаце, гаварыць? Я і буду проста гаварыць.
Быў такі час, што прышоў вораг у дзярэўню. Так мы плакалі ды гаравалі, але жылі на месце, а ўжо як вораг прышоў, дык мы з Лідай — у мяне такая падружка была — у лес пашлі. У лясу цягаліся. Яна — настаўніца, у яе двое дзяцей было, а ў мяне адзін Віця.
А тут сабіралі, стралялі, вешалі…
Калі я з бежанцаў прышла, дык на маёй хаце было напісана: «Партызанскі, бандзіцкі дом». Во, мой сынок, так было напісана! Жэня, мой большы сын, прышоў з парцізанаў — тапаром высякаў: нельзя было сцерці, а некрасіва было напісана на хаце, каля парога.
Сабіралі тут людзей, стралялі…
У брата ў мяне сем душ узялі — брата, братавую і іхніх тры дочкі і ўнучка… У мяне была адна сястра, і яе ўзялі. Тут яны ўжо распараджаліся, і стралялі, і палілі…
Тут во яма была, і там яма была. Самі сабе людзі капалі ямы. А патом аўтаматам перавялі. Семдзесят чалавек было там. Калі мы з лесу вярнуліся, то выкапалі іх, перавязлі на кладбішча.
Пытанне: — А як вы па лесе з сяброўкай вашай, з дзецьмі вашымі хадзілі?
— Хадзілі, сынок мой, хадзілі… Усё раскажу. Канашонкі ад нас недалёка. Прыбягаець мой хлопец большы. Вечарам. Яму толькі пачаўся шаснаццаты гадок, і яго ў партызаны прынялі. Гаворыць:
— Мама, немец у Канашонкі прышоў!..
Ён цяпер пахаваны ажно ў Алітусе. А звалі яго Жэня. Жэня Іваноў Ягоравіч. Дайшоў ён ажно да Алітуса, і там убілі яго. Я ўжо два разы на магілу ездзіла…
Ну, а тады сказаў сынок мой:
— Мама, немец у Канашонках!
Трапкі мы свае сабралі. Запрог ён каня і завёз у лес, у балота. Мы з падругай Лідай зямлянку выкапалі, у зямлянцы гэтай нядзелю сядзелі. А з харчамі ж як? У нас была картошка закопана. А снег жа быў! Ноччу хадзілі мы картошку тую з ямы даставаць. Варылі яе там. А патом сабраліся ў ноч, пашлі праведаць у дзярэўню. Нікога няма. Мы ўдзвёх прышлі з Лідай у дзярэўню. Рабят у яе двое, і ў мяне адзін мой, Віця. Дзяцей пакінулі ў зямлянцы, а самі пайшлі. Ходзім па дзярэўні — нікагутка няма, толькі адзін… Ну, як гэта? I па-нашаму, і па-вашаму — бык. Бальшой-бальшой бык і з цэпам [18] . З цэпа сарваўся. Паглядзела я ў хлеў, там у мяне аставаліся авечкі. Нікога няма. Хата — цэлая. Мы паглядзелі і пайшлі. Ну, а заўтра, рашылі, пойдзем яшчэ раз дамоў. Нікога нет — не будзе немцаў.
18
Цэп (дыял.) — ланцуг.