Вход/Регистрация
Я з вогненнай вёскі...
вернуться

Калеснік Уладзімір

Шрифт:

Ад Віцебска да Канашоў, цераз раённы цэнтр, — восемдзесят кіламетраў. Аднак у словах «мы дабраліся» — няма перабольшання: на ўвазе маюцца апошнія кіламетры нізкай дарогі, лясной, палявой ды вясковай, страшэнна разбалочанай за некалькі дзён залішне шчодрых дажджоў.

На такой дарозе мы і сустрэлі патрэбнага нам старшыню сельсавета. Ехаў кудысьці на матацыкле.

I вось сядзім у яго кабінеце, быццам апусціўшыся ў светлую цішыню, пасля дажджоў зноў залітую сонцам. Цішыню гэтую яшчэ больш падкрэслівае час ад часу далёкі гул якога-небудзь наземнага або, яшчэ радзей, нябеснага матора. I не чувадь з альховых кустоў салаўінае песні, якая і тут нас сустрэла, быццам усё адна, тая самая ўсюды. Усё гэта цяпер за вокнамі, дзе млеюць у парнасці старыя сосны і густа буяе над балацінкай алешнік.

А ў нашай светлай цішыні нябачна зудзіць разгубленая аса і шархаціць на стале магнітафон.

Васіль Іванавіч, чарнявы, спаважны мужчына, расказвае.

«…Першага мая раненька акружылі нашу дзярэўню з гэтай стараны і адтуль, адкуль вы ехалі. Свабодны выхад быў нам тока ў возера. Двароў тады было больш: цяпер з Малгацямі семдзесят адзін, а тады было каля ста. А ў нас на ноч аставаліся начаваць партызаны. Правялі мітынг 30-га, а ноччу зняліся і пайшлі. Немцам была тут свабода. Усіх людзей сабралі там, дзе я вас сустрэў, дзе цяпер калгасны двор. Ну, а патом пачалі там расстрэльваць. Партызанскіх сямей, такіх людзей, каторыя былі звязаны з партызанамі. Пастроілі ў дзве шарэнгі і — кулямёты.

Пытанне: — А вы тады дзе былі?

— Стаялі каля плота. Усё на маіх вачах было. Адводзілі толькі ад нас і расстрэльвалі. А патом яшчэ аднаго дзядзьку ўзялі і расстралялі. I прыйшла вочарадзь да мяне. Ну, мне тады было яшчэ толькі трынаццаць лет. Прыходзіць адна жанчына, звязана была каторая з немцамі, і паказвае:

— Гэты імеець звязь з партызанамі. Ён мяне бярэ за варатнік і туды, дзе пабітыя. Немец, пераводчык дажа, але ў форме нямецкай. Таўкнуў мяне і ззаду вочарадзь з аўтамата па мне. Я ўпаў. Сначала я, канечна, не знаў, жыў я ці не — пакуль гэта нямножка прышло ў сазнанне. Папалі мне ўсе тры кулі во ў гэтае месца, у паясніцу. Пачустваваў я, што ўродзе нічога, не больна, жыў яшчэ. А патом слышу, што пачалася ў мяне боль, паявілася. Нага не слышна стала. Паляжаў я так нямнога — ідзёць немец ззаду. Падышоў, кругом мяне абышоў, сагнуўся — чую — сапіць нада мною. Відаць, слухаў, жывы я ці не жывы. Паслухаў ён, а я, канечна, чакаў, што ён пачуе, што я жывы, і заб'е мяне. А ён, відаць, пасчытаў, што я ўжо забіты, і пайшоў далей. Далі каманду капаць яму.

Пытанне: — Авы чулі, што яны там гаварылі? — Тут жа радам, дзе мы ляжалі, там і яму нам капалі. Капаць, канечне, заставілі нашых мужчын, сваіх. Маладыя ўсе былі ў партызанах або ў арміі. Адны старыя дома, такія, што ўжо былі нягодныя служыць. Ну, чую, што вот ужо нас будуць укладваць у яму. Думаю: тут жа свае будуць укладваць, папрашу я іх, каб хоць наверсе палажылі. I каб паменш прысыпалі…

А патом — ракета! Аказваецца, у Малгацях нехта праізвёў на іх выстрал. Нас там так і кінулі пабітых, каманду далі старым — закопваць, а самі ў Малгаці. I там поўнасцю ўсіх спалілі. Каго ў кварціры ўбівалі, каго жыўцом.

А патом я чую — пачалі ўжо жанчыны плакаць, крычаць. Думаю: што-та тут не так, верна, іх ужо, немцаў, тут няма. Ляжу я і спачатку думаю, што, можа, мяне і не закапаюць. Удасца, то папрашуся ў лес мяне занесці, калі гэта ўжо можна будзе. Усе крычаць, плачуць… I тады я ўжо адчаяўся павярнуць трохі галаву. Туды, дзе ўсе гэтыя людзі ляжалі пабітыя. Людзі вот так ляжалі, а я вот так — наўпоперак, а ззаду за мною — яшчэ адзін пацан, разам у школу хадзілі, у нагах маіх ляжаў, забіты быў. Бацька яго быў у партызанах. А тут гляджу — бягуць нашы суседкі. Я прашу:

— Скажы маме маёй, няхай хоць піць прынясе.

Яна не паслухала: у яе тады забілі бацьку, яна прама туды бегла. Патом другая бяжыць суседка. Гэтая, праўда, паслухала, пабегла і сказала мацеры маёй. Прыняслі мне піць, а я кажу:

— Нясіце мяне куды-небудзь быстрэй. Немцаў няма, паехалі ў Малгаці.

Пытанне: — А мама ваша дома была?

— Не, усе стаялі там, і кулямётамі абстаўлены былі. I немцы сабе там выбіралі, хто ім трэба. Каб ніхто не разбегся. I выбралі тых, каторыя ім трэба былі.

Пытанне: — I маці бачыла ўсё гэта?

— Не, не бачыла. Маці стаяла з гэтай стараны хлява, а мы — з гэтай. Я відзеў усіх, калі білі, бо білі ў агародзе пад акном.

Ну, яна мяне ўзяла… Я быў ужо ладны, а маці — старая, лет пад шэсцьдзесят было, — ну і несці. I брат быў дваюрадны ў мяне. Той памагаць ужо ёй. Нясуць. Я ж ладны ўжо. Тады ж не было ніякіх падвод, хоць бы на тачку якую ўзялі.

А тут, кажуць, немцы вярнуліся назад. А я тады крычу:

— Дзявайце мяне куды-небудзь!..

Ну, куды ж мяне дзяваць? Поле, дзярэўня. А яны мяне тады ў адрыну ды пад сена. А там наверсе яшчэ адзін хлопец ляжаў, схаваўшыся. Чую — там разгавор: «Паляць дзярэўню». На вышках гавораць. «Прыдуць, — думаю я, — запаляць, і я згару».

— Нясі мяне, — кажу на маці, — хоць назад на тое самае месца…

А патом падалася каманда, і яны, немцы, паехалі.

I мяне тады панеслі ў лес. Маці, брат, і сястра была яшчэ старэйшая. У яе былі малыя дзеці, дык ёй трэба было дзяцей насіць. Трое дзяцей было. I мяне памагаць несці. Тады занеслі і ў байню [7] палажылі. У лесе байня стаяла ў нас. А самі пайшлі туды, дзе ўсіх пабілі. У мацеры маць мацерыну забілі, патом дзядзьку з пяццю дзяцьмі, сястру з мужам, другую сястру, пляменніцу… Пабілі нашай радні многа. Усе пайшлі туды, дзе трупы. Патом ужо, калі ўсё ўспакоілася, началі кожны сваіх закопваць. А я там і астаўся, адзін у той байні.

7

Байня (дыял.) — лазня.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: