Калеснік Уладзімір
Шрифт:
I работала я, і пастаўкі ўсе здавала, і радавалася, што хоць Савецкая ўлада прышла і што хоць лягу ды сплю спакойна…»
Тэкля Гарасімчык руплівая, удумлівая жанчына. У сённяшніх умовах з такіх выходзяць добрыя настаўніцы, узгадавальніцы моладзі. Ёй рупіць дайсці да канца, да карэння, да прычын… Тэкля Пятроўна была сведкай абвінавачання на судзе над фашысцкімі злачынцамі і іх памагатымі. На тым судзе апраўдваўся солтыс: «Не я вас біў, гэта акцыя біла…»
Тэкля Пятроўна сказала настойліва, цвёрда сказала:
— Не акцыя біла, а вы!
Дзяўчына ў паэзіі ўсіх народаў свету выступае як істота пяшчотнай чысціні. Беларуская песня ўвасабляе яе ў вобразе белай бярозкі, каліны ў цвеце, пялёсткаў ружы ў ранішняй расе.
А вось два дзявочыя лёсы, апаленыя агнём і смерцю. Марыя Скок з Паўлавіч і Яўгеня Бардун з Ніза. Марыя ў той час ужо ўбіралася ў дзяўчыну, а Яўгеня была яшчэ дзіцем, як і Саша Сасноўскі.
Марыя Скок пачынае свой расказ разважаннямі.
Ёсць у яе гаворцы ноткі гордасці. Ёсць і высокае разуменне непарушнасці той сувязі партызан з народам, якая тады была. Ёсць і глыбокае ўсведамленне таго, што трагедыя сяла не можа быць вытлумачана барацьбою акупантаў супраць партызан. Сёння ўжо вопытны чалавек, яна разумее, што ўся справа ў карэннай ненармальнасці, звыроднасці фашызму.
«…Парцізанам памагалі. I зналі, што да дабра не дойдзе. Але бароліся…
Ну, што… Нас сазвалі пашпарты мяняць. Гавораць: «Ідзіце пашпарты мяняць». Туды, дзе крыж стаяў.
I да гэтага некалькі разоў прыязджалі. I на калені стаўлялі нас, і палохалі. I кулямётамі білі па вярху, і пад расстрэл стаўлялі, і запальвалі, і гаварылі: «Зарубіце сабе на насу, што вам гэта непаздаровіцца». У канцы канцоў прыехалі і гавораць: «Ідзіце пашпарты правяраць». Пайшлі з пашпартамі. Каторыя малодшыя мужчыны, тых у старонку. А жанчын з дзецьмі…
Была ў два канцы хата, нас сагналі туды, пастанавілі патруле і ў сенях, і пад вокнамі з гранатамі. I давай па восем, па дзесяць чалавек выганяць. I там расстрэльваць.
Во гэтак во: за адну руку дзяржыць, падвядзе пад яму і ў затылак б'е… Там у іх чатырох чалавек было, каторыя расстрэльвалі, пазакатваны пасюль во рукава і дзяржаць ліворверы ў руках. Адзежа на каторых была лепшая, дык яны здымалі і ў кучу скідалі. З жывых яшчэ, да расстрэлу. Падвядуць да ямы і— у затылак. Сто два чалавекі са мной было ў той магіле. Са ста двух чалавек — адна. Мяне зразу…як выстралілі, то я ўпала і без чуўсцвія была, а пасля дайшла да сазнання. Дык яны во — у ладошкі!..
Вечарэла ўжо. Каб дзе пад ніз, дык дзе я там устала б, а то наверсе ляжала.
Парасстрэльвалі і ў ладошкі пахлопалі.
— Вот, — гавораць, — капут вам!
Я гэта помню ўжо. Я гэта да памяці дайшла. Відаць, яны яшчэ хацелі гранаты кідаць, але потым нешта пагергеталі і пайшлі.
Ой, што было піску, енку!.. Там многа жывых людзей падушылася. Але не было іх каму раскапаць. I прасіліся: і «ратуйце нас!», і «спасайце нас!», але не было каму.
А яшчэ і да бою здзекаваліся: і віламі паролі, і нагамі хадзілі, і білі — ой!.. Дзеці малыя былі, то па жывых нагамі хадзілі. А некаторыя зналі, што немцы яйца любяць, нясе каторае дзіця яму яічак ды просіцца, каб не забілі. А ён як дасць яму нагою, дык яно і перакуліцца —і з нагамі па ім пайшоў.
У мяне самой чатыры браты забілі і мацеру. Залезлі пад печ, схаваліся. Кожнаму смерць страшная вачавідная. Дык яны спаролі віламі так, што не было дзе голкай ткнуць. Пад печкай. Гэта ўжо даставалі адтуль, а не хацела гэта дзетвара вылазіць.
Мяне і самую віламі спаролі. А потым пагналі расстрэльваць. I вот я ляжала да двух часоў ночы. У гэтай магіле. Я помню — адну цётку сцягнула на бераг, другую сцягнула, і сама… Я ранена была, у мяне крыві ўжо налілося поўна запазуху, аж пад пояс, і сама аслабела — што са страху, а што цэлы дзень…
Колькі ўцякалі, колькі хаваліся!.. Мала калі ўдома там бывалі. А на тую бяду — дык дома засталіся.
Ну… А цяперака я баюся ўставаць. Вылезу з гэтай магілы, папоўзаю, папоўзаю, папоўзаю круга і зноў улезу, на гэтыя мёртвыя лягу. А душна! Колькі народу! Воздух такі цяжкі, кроў тая кіпіць, як у катле. Думаю я, дзе ж тыя немцы? Баюся ўставаць. Спаўзу і апяць лягу на гэтыя мёртвыя.
А потым — пайду, што будзе! Пайшла, пайшла гэтымі кусцікамі пад Шчару. Думаю: «Пайду ўтаплюся, абы яны не здзекаваліся. Усё роўна».
Адзін хлопчык, гадоў яму, мусіць, шэсць — устаў, і знаў ён, прыпомніў, дзе гэта бацьку пагналі,— у другую хату пайшоў. А яны сустрэлі яго, у картафляную яму завялі… Увесь у крыві, ранены, а яны ў картафляную яму завялі і дабілі. А дзевачка сядзела — мацеру забілі, а яна, чатыры годзікі, сядзела і ўсё прасілася:
— Мама, годзе спаць, уставай, ідзем дадому!
I таксама расстралялі.
Думаю: «Пайду я ўтаплюся, абы я не бачыла гэтых іх, і іхняй смерці».
Пайшла. Мне кажацца, што іду я, іду… Ішла, ішла, так саслабела, што зайшла аж у Кабаке: вунь там дзярэўня, па-за рацэ. Зайшла, і мне стала — кругом, кругом Шчара. Ужо ў галаве закружэнне стала.