Калеснік Уладзімір
Шрифт:
Дзеду Лявону перашкаджаюць унукі, а зрэшты, можа, яны і выручаюць яго з клопату, адганяіоць ад яго ўсякія ўспаміны. Іх ажно трое ў яго на доглядзе ў гарачую пару касавіцы. Тры малыя анархісты завялі ў хаце свой парадак. Абараняючыся ад свавольнікаў, дзед, відаць, папрыбіраў аздобы і ўвогуле ўсе тое, што можна дастаць рукою, пабіць, зламаць, скінуць. I чысты пакой Алізаравай хаты выдаецца нейкі пусты і неабжыты: дзве сасновыя лавы цягнуцца ўздоўж сцен, як два промні ад покуця, у якім высока пад столлю вісіць адзінокі абразок богамаці з такім самым жэўжыкам на руках, як меншы дзедаў унук. Лавы парэзаны сцізорыкамі, падзёўбаны сякераю, пакрэмзаны цвікамі, ножкі іх расхістаны. Зводдаль ад лаў стаіць стол, які менш кранула самадзейнасць галапузых распуснікаў. А дзед як і не бачыць тут непарадку. Калі дайшло да фатаграфавання, ён з дзіцячай усмешкай папрасіў:
— А з унукамі можна?..
Выйшаўшы з намі на вуліцу, ён паказаў рукою на поўнач, у другі канец вёскі:
— Там, злева, каля крамы, новы добры дом. То гэта Яўгені Бардун.
— Мусіць, муж цесля?
— Няма мужыка. Толькі дзеці. А хату калгас памог зрабіць.
Мы не засталі Яўгені Адамаўны дома, яна была на рабоце, на сенакосе за Шчарай. На трэці дзень, у нядзелю, таксама давялося чакаць яе з таго сенавання да самага абеду.
Убачыўшы нас на двары, гаспадыня падышла з граблямі на плячы. Невысокая, ладная, яна была б нават па-свойму прыгожая, калі б не лішне шырокія ад нежаноцкай працы плечы.
Пачуўшы, чаго мы завіталі да яе, Яўгеня села на траву і расплакалася…
«…Спачатку прышлі немцы ў хату, — пачала яна потым. — Забралі бацьку. Бацька наш быў хворы, дык неяк адпрасіўся: «Пусцеце, я хворы жалудкам». I яны яго адпусцілі. I сказаў тады паліцман нямецкі — ён жыў у тым канцы вёскі,— што нікуды вы не ўхадзіце, будуць пашпарты ў вас правяраць, і ўсё. У нас дзяўчата яшчэ ўсе малыя былі, нікога ў партызанах не было, адно бацька памагаў танк выцягваць партызанам з ракі. Ну, бацька і баяўся, што ён, значыць, выцягаў Саветам танк гэты, баяўся, што немцы падазраюць і могуць яго забіць.
Потым заходзіць у хату паліцман і немец і выганяюць. I сагналі ў адну хату, а многа нас было, палавіну сяла сагналі.
I пачалі выводзіць.
Зразу трох мужчынаў, а потым і бацьку ўжо ў другой тройцы вывелі. Проста прышоў немец і «драй», «драй» — на пальцах паказвае. Самі людзі выходзілі, бо дзе ж ты дзенешся, ён гранату паказвае — выходзь…
Ну, і бацька выйшаў у другой тройцы. Маці паглядзела… што бацьку павялі ўжо, а дзеткі малыя, яна за сваю сям'ю і нас, малых, павяла за бацькам.
Павяла за ім… Старшыя дзве сястры былі ў мяне, а маці нясла маленькага. Дзіця. Было яму год. А сястра ўжо нясла другое, два годы хлопчыку было.
Даводзілі нас да сарая. Тады я забегла неяк наперад сястры. Немец ей у патыліцу стрэліў, а яна мяне з ног збіла, і я так засталася. Яна на мяне ўпала так во — ад шыі да пояса, а на ногі — другіх людзей куча навалілася. Людзі да мяне ўсё падыходзілі, іх стралялі, яны на мяне валіліся. Але галава мая была наверсе, не пад людзьмі, і так я і ўцалела. I ўжо як тут пабілі, дык сталі біць на другім канцы вёскі. А я ўжо ляжу.
Засталося тры хлопцы раненых, мае равеснікі " раненыя, у трупах. Я падняла голаву — яны плачуць, раненыя, кроў цячэ з іх. I я аказалася да іх, чуць галаву прыпадняла. Але не ўстала, бо мне не было як устаць: на мне трупы велькія ляжалі. Я аказалася, і тут ляціць немец. Даляцеў да іх і з вінтоўкі проста падабіваў.
А акурат бацьку майму на нагу стаў, ранены што ляжаў. I тады яшчэ стаяў, стаяў. Відаць, і мяне ён дагледзеў, што я яшчэ жывая… I як я не аказалася ў той момант?
Ляжала я, ляжала — ужо сцямнела. Ён мяне не дабіў. А так як хто жывы быў, то ўсіх падабіваў. Дзеці малыя пад трупамі падушыліся. Адна дзяўчынка была, то бацька потым нідзе на ёй раны не найшоў.
Тады ўжо гудуць машыны, едуць немцы:.. Я ўжо, мусіць, у вобмарак упала… Немцы ўжо сталі ад'язджаць, пішчаць свінні, куры крычаць, яны ўжо ловяць. I чую — нехта падышоў да трупаў і гаворыць… Мужчына адзін з сяла падыходзіць і кажа:
— Хто жывы — уставайце, немцы паехалі!
Бацька мой пазнаў яго па голасе, падняўся і кажа:
— Ну, я жыў.
I яшчэ адзін мужчына, Лявон Алізар. Дык бацька кажа яму:
— Ты ідзі дахаты, вазьмі хлеба, а я яшчэ пагляджу сям'ю сваю…
I ён пачаў глядзець. Кажа:
— Усе мае дзеці ёсць, адной толькі дзевачкі няма, шэсць лет, але яна не магла ўцячы, бо яшчэ дзіця.
Стаў ён глядзець, і я аказалася. Дык мне ўжо ногі людзьмі паперадаўлівала, усе косці… Людзей страляюць, а мне куля косці не зачэпіць, толькі мяса павырывае. Косці на нагах відны былі, проста не магла хадзіць зусім.
Ну, і бацька мой гэтак абамлеў над гэтай горбай.
I тут прыбягае той Алізар. Бацьку траслі, мяне паднялі з тое горбы і паняслі ў лес.
Я ўся ў крыві, як паставяць мяне на снег, дык ногі мае ўсе хістаюцца, мне ж іх паперадушвалі, горба вялікая ляжала на мне.