Калеснік Уладзімір
Шрифт:
Заняслі ў лес. Там хутары гэтыя былі, а людзі паўцякалі ў лес. Сядзелі, касцёр клалі. Угледзелі, што мы ўсе ў крыві, што мяне нясуць у крыві, нейкае дзіця… Яны ўсе паўцякалі.
I стаў на іх ужо гукаць бацька мой, што мы людзі свае. Так што мяне ўжо абсушылі. I бацька мяне адаслаў у Талькаўшчыну, каля Слоніма, там у мяне цётка была. Ну што, яны мяне там нядзелю хавалі. Гэтыя раны ўсе паразгнойваліся… Страшна. Лячыцца не было чым…
Бацька мой пажыў трохі, а потым пасля вайны ад ран тых і памёр, гангрэна падпала ў нагу.
А я гэтак і асталася. Мне тады, як білі, шэсць гадоў было, сёмы…»
Вёска Вялікая Воля знаходзіцца ў нізоўі Шчары, якая цячэ тут з поўдня на поўнач. Ад Вялікай Волі да Акунінава будзе больш за сотню кіламетраў, гэтая адлегласць паказвае на маштабы таго злачынства, якое, паводле слоў Пятра Саўчыца з Гародкаў, называлася ў фашыстаў «акцыяй супраць партызан». У фашысцкіх справаздачах акцыя гэтая называлася «Гамбург».
У Вялікай Волі ацалела пяць чалавек дарослых і чацвёра дзяцей. Адзін з ацалелых дарослых — Іван Іосіфавіч Павачка. Гэты разважлівы і добры па натуры чалавек ужо не раз сведчыў пра злачынствы акупантаў. Яго паказанйі ўключаны ў акт Дзяржаўнай Камісіі Казлоўшчынскага раёна па ўстанаўленні і расследаванні злачынстваў акупантаў у 1941–1944 гг. і апублікаваны ў асобнай кнізе. Там запратакаліраваны агульны ход падзей і акалічнасці злачынства. Іван Іосіфавіч адзначыў тады, што 16 снежня 1942 года па загаду нямецкага афіцэра па прозвішчу Сзук была загнана ўся сялянская жывёла з Вялікай Волі ў мястэчка Казлоўшчыну. Неўзабаве ў вёску ўварваўся другі карны атрад фашыстаў, які сагнаў усіх жыхароў у адно месца і падзяліў іх на дзве групы, адну групу — 156 чалавек, сярод якіх быў сведка, яго жонка і двое дзяцей, карнікі прыгналі да кар'ера, з якога раней да вайны бралі пясок, калі будавалі мост цераз Шчару. Карнікі загадалі людзям легчы і расстрэльвалі іх з кулямёта.
«Першая кулямётная чарга, — гаворыць Іван Павачка, — прайшла па галовах ляжачых, і быў смяротна паранены мой сын Міхаіл, а мне куля на левай руцэ адарвала сярэдні палец, а безыменны і мезенец раздрабіла. Мой сын паспеў сказаць: «Тата, мне баліць», — і кончыўся».
З другой групы, у сто трыццаць чалавек, ацалелыя расказвалі, што іх адлучалі па дванаццаць ды гналі ў лес і там расстрэльвалі.
Расказаўшы на нашу просьбу жахлівую гісторыю нанова, Іван Іосіфавіч згадзіўся нават завесці нас на месца расстрэлу і паказаў, як ён у той зімовы дзень ляжаў тут пад кулямётным агнём.
Цяперашні расказ яго мы перадаём з усёй дакладнасцю.
Як і многія іншыя ацалелыя жыхары «вогненных вёсак», Іван Іосіфавіч пачаў гаворку з разважанняў пра фашысцкую версію — «барацьбы супраць партызан»:
«… Немцы сабралі вялікую сілу на лясы. Партызанам яны нічога не зрабілі. I з гэтай усёй нянавісцю нападалі на мясцовае насяленне.
Мы ўцякалі ў лес. Зіма была. З дзецьмі. Ну, у лесе — не месца: мароз быў, холадна. Пайшлі мы ў вёску Капце. Заехалі немцы і кажуць: «Ідзіце дадому». Ну, мы, вядома, павінны былі ісці бо, тут усё пакінулі: і коней, і каровы.
Прышлі мы дадому, сядзім, бачым — ідуць. Сусед мой гаворыць:
— Дзень добры, пану.
А яны:
— Дзень добры, пане бандыце.
Разграбілі яны ўсё наша, забралі ўсю нашу скаціну. I чалавек пятнаццаць увялі з сабой у абоз.
Сядзім мы. Нікога няма. I не згледзелі, як награнулі немцы ізноў. У кожную хату заходзіць немец і наказвае нам, каб кожны на тры дні харчоў браў. «Мы вас вывезем». Хто паспеў што ўзяць, а хто і не паспеў.
Снег ляжаў, а аднаго старога вялі босага, без рубашкі і без шапкі.
Паставілі тут усіх нас на калені. Нас білі прыкладамі і таўклі нагамі… I раптам пачуўся грукат цяжкіх машын. Прышло дзевяць машын, а ў машынах поўна немцаў. Па чалавек, можа, дваццаць, а можа, і больш. Маладыя немцы, на галовы нацягнуты каскі.
З адной машыны вылез афіцэр, даў каманду, і нас павялі пад сільным канвоем. З правай стараны ехалі машыны, а з левай — ішлі немцы.
Не дахадзя да таго месца, спынілі, і трох немцаў пайшлі з кулямётам. Паставілі кулямёт на ўзгорачку, двох там засталіся, а трэці вярнуўся і махнуў рукою.
Прывялі нас у лагчыну, перад тым кулямётам, і сказалі лажыцца. Мы лажыліся, хто з кім. Ну, я лёг з сямілетнім хлопчыкам, трымаў яго на руцэ, прытуліўшы, а жонка з трохлетняю дачкою. Калі мы леглі — шапка з мяне звалілася, і я яе на голаву болыд не клаў.
Немцы ад нас адышліся… Ага! — немцы адышлі ў сторану і заляглі кругом. А гэты немец, кулямёт каторага на ўзгорачку стаяў, узяў гэты кулямёт і падышоў да нас метраў на дваццаць. Там была яма, дзе нямецкая бомба ўпала. Улез ён у гэтую яму, укленчыў і паставіў на беразе ямы кулямёт. Тады немцы адышліся ад нас, і ён пацягнуў першую вочарадзь па нашых галовах.
Я як ляжаў на левым баку, так мне вот так па пальцах, а хлопчыку ў голаву. I ён яшчэ ўспеў толькі сказаць:
— Ой, тата, баліць!
А я гавару:
— Ціха, Мішка, не будзе балець. Больш ён не аказаўся.
Пяць вочарадзей выпусцілі. Мне папала ў правую ногу, абпаліла мне падошву і так прарэзала нагу. Сільна мне балела. Варушу — варушыцца, але боль — не вытрымаць. Усё роўна як крапівою мне хто па пальцах.
Пасля сталі дабіваць, хто стагнаў. Увесь мой твар быў абліты кроўю, і вельмі з мяне дух гнала. Падышоў немец, нагою мне ўдарыў у галаву — галава мая так зашаталася, але я вачэй не расплюшчыў.