Вход/Регистрация
Белы Бім Чорнае вуха
вернуться

Троепольский Гавриил Николаевич

Шрифт:

Раздзел 8. Выпадак на стрэлцы

Ішлі дні за днямі. Бім не заўважаў іх ужо. Ён рэгулярна аглядаў горад і ўведваў самыя драбніцы яго. Цяпер ён хадзіў па зараней намечаным маршруце: каб людзі маглі здагадацца, яны правяралі б па Біму гадзіннікі. Паказваўся ля парку ён — пяць гадзін раніцы, ля вакзала — шэсць, ля завода — палавіна восьмае, на праспекце — дванаццаць, на левым беразе — чатыры гадзіны апоўдні і гэтак далей.

Завяліся і новыя знаёмыя між людзей. Бім вызначыў, што большасць з іх добрыя, але такія ішлі па вуліцы моўчкі, а нядобрыя заўсёды многа балбаталі. Знайшоў людзей, якія пахлі маслам і жалезам (раней ён сустракаў іх па аднаму). Яны штодня, недзе пад восем гадзін раніцы, цяклі несупыннаю плынню да варот, потым да дзвярэй будкі.

Тут яны былі гаманлівыя, як гракі, так што і пачуць, мабыць, нічога было нельга, ды гэта, між іншым, і не цікавіла Біма. Ён садзіўся збоч і глядзеў, чакаў.

— Гэй, Чорнае вуха! Прывітанне! — вітаўся кожнае раніцы хлопец у сінім камбінезоне і клаў перад Бімам загадзя прыгатаваны пакуначак з ежаю. — Жыві, курылка. Мацуйся. — І падаваў Біму добрую чалавечую лапу, грубаватую, але цёплую.

Другія моўчкі працягвалі яму руку, віталіся і спяшалі сабе. Ніхто тут ні разу не пакрыўдзіў Біма.

Цяпер Бім сяк-так навучыўся пазнаваць людзей. Вось, напрыклад, часта сустракаецца ў яго на дарозе мажная жанчына, ногі — як бутэлькі, заўсёды такая задаволеная, бадзёрая, твар свеціцца ад шчасця; але сустракаючыся з Бімам, яна фыркала, быццам кошка, плявалася, падымала сумку з прадуктамі да раскошных грудзей і кожны раз спавядала адно і тое ж самае:

— Вуй, якая гадасць! Няўжо нельга падушыць усіх сабак, каб нервы не трапалі? Вось вам, калі ласка: «Мая міліцыя мяне сцеражэ». Як жа! Усцеражэ… А тут кожны сабака можа сярод бела дня спусціць з цябе спадніцу. А што міліцыі! Міліцыі мы — як сабаку пятая нага.

З-за таго, што яна часта паўтарала адно і тое ж, Бім, па сабачай сваёй бясхітраснасці, палічыў, што жанчыну так і завуць — Пятая нага. Але адно ён добра ведаў: да гэтае нельга падыходзіць. Дарма што ён не разумеў яе слоў, акрамя яе мянушкі, але ж ён чуў і бачыў, а таму ўзяў за правіла: да такіх — ні кроку, не звязвайся лепш. Потым ён пачаў неяк (нюхам, ці што?) вызначаць — каго трэба абысці, стараніцца. Добрых было вялікае мноства, злосных — лічаныя, але ўсе добрыя баяліся злосных. Бім — не, не баяўся, але яму было не да іх. Веданне пра людзей шырылася і паглыблялася, а на сабачы погляд, ён не быў ужо нейкі там выкаханы дылетант і ідэаліст, які гатоў павіляць кожнаму прахожаму. Бім за кароткі час стаў худэрбіна-худэрбінаю, але ўсё роўна ён быў сур'ёзны сабака, і ў яго была мэта ў жыцці — шукаць і чакаць.

І вось аднойчы раненька, правяраючы пахі на адным з тратуараў, ён атарапеў ад радасці. Ён прыпыніўся, фыркнуў і пабег, як ашалелы сабака, нічога не разбіраючы і не бачачы наперадзе. Але гэта магло здацца толькі збоку, а сапраўды ён бег па свежым следзе: тут толькі што прайшла Даша! Яна толькі-толькі была тут.

След прывёў яго да вакзала. Увайсці ў памяшканне было неяк нельга: людзі, людзі і людзі бясконца; нават на вуліцы, ля нейкага акенца, яны ціснуліся, штурхаліся, крычалі і нават раўлі, быццам ганчакі, дагнаўшы зайца і рвучы яго на кавалкі, не слухаючыся ні арапніка, ні рога. У такой сітуацыі аказвалася немагчыма ўлавіць Дашын след — след прапаў. Тады Бім зрабіў круг вакол вакзала і выйшаў да перона. Тут людзі стаялі кучкамі каля дзвярэй доўгіх домікаў на колах, не крычалі, не папіхаліся, а, наадварот, абнімаліся, цалаваліся і нават танцавалі ля дзвярэй аднаго доміка. Нікому не было да Біма ніякага клопату, таму ён вольна снаваў чаўнаком пад нагамі і засяроджана ўчытваўся ў перон.

І раптам з адных дзвярэй дыхнула Дашаю. Бім павёў да парога, але жанчына з вялікім жэтонам на грудзях прагнала яго. Аднак Бім не скарыўся: ён пачаў прынюхвацца да акон і глядзець на іх. Потым заўважыў, што апошнія ўвайшлі ў вагон дзве жанчыны ў белых халатах. Ён кінуўся было да іх, але домікі паволі паехалі. Бім кінуўся да акон. У яго сабачым розуме склалася, здавалася, зусім правільнае заключэнне: Даша там, людзі ў белых халатах там, значыцца, Іван Іванавіч, магчыма, там. Магчыма! Ці не павезлі яго людзі ў белых халатах?

І Бім, бедны Бім, цяпер ужо няшчасны Бім, спачатку лёгка бег упоравень за домікам, пазіраў на вокны. Тут яго і ўгледзела Даша.

— Бім! Бі-ім!!! — закрычала яна. — Мілы Бім! Прыйшоў правесці! Мой добры Бім! Бі-ім! Бі-і…

Голас яе рабіўся ўсё цішэйшы і цішэйшы. Домік уцякаў. А Бім, як ні стараўся, як ні сіліўся, усё адставаў і адставаў.

Потым ён бег за апошнім домікам да таго часу, пакуль той не прапаў з вачэй, бег і далей, па той самай дарозе, бо яна нікуды не скіроўвала. Бег доўга. І нарэшце, ледзьве перавёўшы дух, упаў між рэек, выцягнуў усе чатыры лапы, задыхаючыся і ціхенька скуголячы. Надзеі ніякае не засталося. Не хацелася нікуды ісці, ды ён і не змог бы, нічога не хацелася, нават жыць не хацелася.

Калі сабакі ўжо ні на што не спадзяюцца, яны паміраюць сваёй смерцю — ціха, без крыўды, з мукамі, якіх свет не ведаў. Але не Бімаў гэты клопат і не яму суджана зразумець, што каб не было надзеі зусім, ніводнае кроплі на зямлі, то ўсе людзі таксама памерлі б ад адчаю. Біму ўсё было куды прасцей: вельмі балела ўсярэдзіне, а сябра няма, і ўсё на гэтым. Гэтак як і лебедзь памірае пасля смерці каханае, узлятаючы высока і падаючы адтуль каменем; як журавель, страціўшы родную і адзіную жураўліху, лунае, выцягнуўшыся, распластаўшы крылы, і крычыць, крычыць, просіць у месяца смерці; гэтак тады і Бім: ляжаў, бачыў у трызненні адзінага і нязменнага сябра і гатовы быў на ўсё, нават і не разумеючы гэтае гатоўнасці. Але ён цяпер маўчаў. Няма на зямлі ні аднаго чалавека, які б чуў, што памірае сабака.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: