Троепольский Гавриил Николаевич
Шрифт:
Такім чынам, авечкі з дружным патрэскваннем шчыпалі кароткую траву і хрумсталі так дружна, што ўсё гэта сплывалася ў адзін суцэльны гук, спакойны і роўны, заспакойваючы. Цяпер Тата і Алёша былі блізка адзін ад аднаго і гаварылі ўжо ціха, не крычалі, як раней, здалёку.
Алёша запытаў:
— Тата, спусціць Чарнавуха?
— Давай паспрабуем. Не павінен ён уцячы зараз: ад волі на волю не ўцякаюць. Спушчай, але спачатку адстань з ім, пагуляй, не табунуй авечак.
Алёша пачакаў, пакуль чарада адышла далей, адвязаў вяроўку і весела крыкнуў:
— Чарнавух! Пабеглі! — Тут ён кінуўся бегчы з узгорка ў яр, топчучы ботамі траву і падскокваючы.
Бім узрадаваўся немаведама як. Ён таксама падскокваў, стараўся лізнуць Алёшу ў шчаку, адбягаўся ўбок і стралою імчаў назад у захапленні ад поўнае волі; потым схапіў нейкую палку і памчаў да Алёшы, сеў перад ім. Алёша ўзяў тую палку, кінуў і загадаў:
— Падай, Чарнавух!
Бім прынёс яе і аддаў. Алёша яшчэ раз кінуў, але цяпер не ўзяў з рота ў Біма, а пайшоў з яра да чарады і загадаў:
— Чарнавух, трымай! Нясі!
Бім пайшоў за ім з ношкаю. Калі ўзышлі, Алёша замест палкі даў яму сваю шапку. Бім з задавальненнем панёс яе. Алёша ж бег падскакваючы і паўтараў:
— Нясі, Чарнавух. Нясі, мой маладзец. Вось добра! Вось добра! — Але да чарады яны падыходзілі ціха («не ганяй авечак»). Алёша загадаў:
— Аддай Тату.
Хрысан Андрэевіч выставіў руку. Бім аддаў. Новая яго вартасць стала вядома пастухам нечакана. Усе ўтрох былі ў захапленні.
А не болей чым праз тыдзень Бім сваім розумам дайшоў, што ў яго ёсць абавязак: закіроўваць самавольных авечак да чарады, пільнаваць іх, калі яны распушчаны шнурком, але не пярэчыць, калі, зайшоўшы вечарам у вёску, яны разыходзяцца дадому.
Бім пазнаёміўся з двума сабакамі, якія пільнавалі калгасную чараду, дзе было трое пастухоў, усе дарослыя, і ўсе таксама ў плашчах. Хоць чароды калгасныя і калгаснікаў ніколі не падпускаліся блізка адна да аднае і не мяшаліся, але ў час кароткіх асенніх прыпынкаў на тырлішчах Алёша бегаў да калгасных пастухоў, а Бім разам з ім да калгасных сабак. Добрыя сабакі, паджарыя, шарсцістыя, вялікія, але спакойныя, паслухмяныя; яны нават гулялі з Бімам спакойна і паблажліва, а вакол чарады хадзілі паволі, пяшком, а не так, як Бім, падскокам альбо галопам: з адчуваннем сваёй вартасці сабакі. Падабаліся яны Біму. І авечкі таксама харошыя.
Пачалося вольнае працоўнае жыццё і ў Біма. Хаця яны ўсе ўтрох вярталіся стомленыя і таму прыціхлыя, але то была воля і давер адзін да аднаго. Ад такога жыцця сабака не ўцякае.
Але аднойчы, неяк нечакана, пасыпаўся снег, закруціўся вецер, захадзіў, замяцеліў. Хрысан Андрэевіч, Алёша і Бім збілі авечак у чараду, пастаялі крыху ды і павялі ў вёску. На авечках быў белы снег, на плячах у людзей снег, на зямлі таксама снег. Усюды белы снег, толькі снег у полі — больш нічога. Завітала зіма, упала з неба.
Ці то Хрысан Андрэевіч вырашыў, што такому сабаку, як Бім, нельга спаць з падсвінкамі або сядзець на прывязі, ці з-за чаго іншага, але Бім перайшоў цяпер начаваць у цёплую будку, збітую ў кутку ў тых самых сенцах і напханую мяккім сенам.
А вечарам ён хадзіў у хату як раўнапраўны сем'янін і быў там, пакуль не павячэраюць.
— Не можа таго быць, каб зіма. Рана, — сказаў неяк Хрысан Андрэевіч Пятроўне.
Слова «зіма» паўтаралі яны пры размове часта, пра нешта турбаваліся; паміж іншым, Бім ведаў: зіма — гэта белы халодны снег.
У той вечар Пятроўна прыйшла ўся запарушаная снегам, мокрая, з абветраным і падпухлым тварам. Бім бачыў, як яна, распрануўшыся, трэсла рукамі і стагнала. Рукі яе былі ў чырванаватых трэшчынах і зямлістых плямах, быццам бы з падушачкамі, такімі, як на падэшвах у Біма. Потым яна апускала рукі ў цёплую ваду, адмывала іх, доўга-доўга расцірала маззю і вохкала. А Хрысан Андрэевіч глядзеў на Пятроўну і быццам гараваў (гэтага Бім не мог не заўважыць па яго твары).
А наступным ранкам ён натачыў нажы і ўсе ўчатырох пайшлі з дому: Пятроўна, Хрысан Андрэевіч, Алёша і Бім. Спачатку ішлі па роўным белым полі, накрытым неглыбокім сняжком — на палавіну лапы, не глыбей, так што ісці было лёгка. Вакол ціха, не холадна. Потым яны аказаліся на полі, дзе побач раскіданы кучы — копчыкі буракоў, складзеных лістамі вонкі і прыкрытыя зверху націннем. Ля кожнае кучы сядзелі жанчыны, апранутыя гэтак жа, як і Пятроўна, і нешта рабілі моўчкі і засяроджана.
Усе ўчатырох падышлі да аднае такое кучкі, селі вакол яе, і Бім пачаў уважліва глядзець, што ж тут робіцца. Пятроўна ўзялася за націнне, выцягнула бурак з кучы, спрытна перакруціла яго коранем да сябе і — чык! — нажом: лісты адпалі. Яшчэ чык-чык — па галоўцы бураку: галоўка чыстая. І адкінула ўбок. Алёша — таксама, нават спрытней за Тату. І пайшло! Чык-чык! — і прэч націнне. Чык-чык! — чыстая галава. Трах! — бурак ляжыць збоку.
Непадалёку, ля такое ж самае кучкі сядзела жанчына, адна, і рабіла тое ж самае. Ля наступнае — таксама, але ўжо два-тры чалавекі разам. І так па ўсім полі: буракі, як шалашыкі, захутаныя жанчыны з патрэсканымі далонямі і прыпухлымі ад холаду тварамі. Усе працавалі або ў рукавіцах або голымі рукамі. Чык-чык! — няма націння. Чык-чык! — няма націння. Чык-чык! — чалавек кідае нож і хукае на рукі, трэ іх і зноў: чык-чык! — чыстая галоўка. Як часы!