Вход/Регистрация
Белы Бім Чорнае вуха
вернуться

Троепольский Гавриил Николаевич

Шрифт:

— Ну дык! Чаму ж не зразумець… А ты — «нічыё»!

— Тут ты праўду: зусім нічыё — не можа такога быць.

Бацька заўсёды гаварыў з Алёшам, як з дарослым. Алёша адказваў тым жа:

— Выходзіць, і Клім бы браў з нашага, але не з майго.

— Факцічаскі так, — падвёў вынік бацька. — Мы ж з табою бяром… сена там ці бурачкоў карове? Бяром. Тайком ад старшыні і ад брыгадзіра, а бяром чуць. Ды і ён, старшыня, ведае, і брыгадзір ведае, усе ведаюць. І ад гэтага нікуды не дзенешся: з нашага бяром. І бяром сумленна, з леташніх стагоў або дабіраем астаткі буракоў. А як жа? Скаціну карміць трэба.

— Факцічаскі так, — пацвердзіў трынаццацігадовы мужычок, які ўжо можа і чараду пасвіць, і даглядаць «сваю» скаціну, і біць масла, дапамагаючы маці, калі не заняты, вядома, і скрэбці на марозе «нашы» буракі, і капаць «сваю» бульбу.

А Хрысан Андрэевіч тлумачыў далей:

— Як павінна быць па статуту, так і робім: там — наша, а тут — маё. Я вось занёс баранчыка ў горад. А як жа? Карміць-паіць людзей трэба — мы на тое і жывём. І маці занесла яек. І масла. Усё па статуту, усё планава. Жызня, Алёшка, добра наладзілася, абуты, апранутыя не горш, чым старшыня ці настаўнік, тэлевізары ёсць і ўсё такое, грошы на патрэбу. А хто многа працуе, дык таму толькі работа моцы дадае. Толькі вось гарэлку піць не трэба, — павучаў Хрысан Андрэевіч.

— А сам п'еш, — справядліва заўважыў Алёша. — Калі не трэба — не трэба. Што толку!

— Гэта ты праўда, — згадзіўся бацька. — Калі ты на брыгадзіра павагу маеш, дык гэта ж не мы завялі… А Клім — што? Клім — зладзюга. Як гэта пайсці да суседа і ўкрасці куру? Гэта ж трэба на людзей вочы засляпіць. Куды-ы там! Прапаў чалавек.

Чакаючы Чарнавуха, Алёша і Хрысан Андрэевіч прагаварылі так да адзінаццаці гадзін вечара. Потым хадзілі вакол дома, зазіралі да парасят, пад ганак (магчыма, уцёк ад Кліма і схаваўся). Нарэшце Хрысан Андрэевіч пайшоў сам.

Наталля, жонка Клімава, жанчына затурканая і ціхая, тая самая, што заплакала на бурачным полі, сказала горка:

— Не прыйшоў яшчэ, валацуга. Заначаваў дзе-небудзь, ідал. Або запіўся, пракляты. Ох, гора маё! Лічы, толькі заўтра прывалачэцца, шатун. А сабаку ён нідзе не дзене, ведаю яго. Прывядзе…

Хрысан Андрэевіч вярнуўся дадому, расказаў, што чуў, і яны з Алёшкам леглі адпачываць, перагаворваючыся шэптам, каб не пабудзіць маці. Яны не чулі, як прыходзіў Чарнавух на ганак, як падкраўся і ўцёк Клім, як пайшоў іх новы добры сябар ад ліхога чалавека.

Раніцою бацька пабудзіў Алёшку:

— Уставай. На ганку свежыя сляды: прыйшоў Чарнавух.

Удвух яны пачалі шукаць, зваць, свістаць, але Чарнавух ужо не мог іх чуць. Хрысан Андрэевіч бягом затрухаўся да Кліма, пабудзіў таго.

— Прывёў жа, прывёў, — басіў той хрыпла і незадаволена. — Апоўначы прывёў і не захацеў цябе будзіць… Хочаш, сляды свае пакажу. А ты вось мяне пабудзіў, растрывожыў. Як думаеш: па-чалавечы гэта ці не? Ды і сабака твой нягодны на паляванне. На чорта ён мне — не буду браць ніколі.

Хрысан Андрэевіч не спрачаўся: з гэтым толькі звяжыся.

Абышлі яны з Алёшам усю вёску, усе агароды, былі на калгасным двары (ці не ў сабак гасцюе Чарнавух?). Не, ніхто нідзе не бачыў Чарнавуха. Прапаў Чарнавух.

— Выходзіць, Клім збіў яго, — здагадаўся Хрысан Андрэевіч. — Збег Чарнавух.

У Алёшы пякло ад жалю сэрца. Ён пачаў прыглядацца да падлогі на ганку: сляды ўжо высахлі, але месца, дзе ляжаў Чарнавух, было адметна. Алёша прыгнуўся і нечакана крыкнуў на ўвесь двор:

— Тата! Кроў!

Той выбег з хаты, прыгледзеўся: там, дзе ляжала галава Чарнавуха, засталіся высахшыя плямкі сліны, перамешанай з крывёю.

— Звер! — сказаў Хрысан Андрэевіч. Падумаў і папярэдзіў Алёшу: — Глядзі, не звязвайся з гэтым чалавекам — бяды нажывеш. Вось што: пайшлі па Чарнавухавай дарозе — больш няма яму куды ісці.

Яны дабраліся да аўтобуснага прыпынку, па дарозе клічучы і шукаючы Чарнавуха, доўга там чакалі і пайшлі дадому. Думалася, што калі ішоў сюды, то цяпер недзе далёка-далёка. Таго дня яны ішлі непадалёку ад стога, дзе адлежваўся Бім, іхні Чарнавух.

Вечарам Алёша некалькі разоў выходзіў на ганак, чакаў, клікаў. А потым вярнуўся ў сенцы, сеў ля сабачае будкі, напханае сенам, і заплакаў, адкрыта, па-дзіцячы, усхліпваючы і размазваючы рукавом непаслухмяныя слёзы.

Хрысан Андрэевіч пачуў, выйшаў у сенцы, запаліў святло.

— Э, ды ты таго? — здзівіўся ён.

— Таго, — адказаў Алёша, уздрыгваючы.

Бацька правёў шурпатаю, драўлянаю далонню па сынавых валасах і прамовіў:

— Гэта добра, Алёша… Душа ў цябе ёсць, хлопчык…

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • 48
  • 49
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: