Вход/Регистрация
Мёртвым не баліць
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

Калі была апытана палавіна ўзвода, аказалася, што толькі курсант Стралкоў мог адказаць больш-менш правільна. Вось тады палітрук і прымацаваў Стралкова да траіх адставак па палітграмаце. Але калі Юрка падышоў да нас пасля заняткаў, мы яго не паслухаліся, болей таго, мы з ім пасварыліся (падумаеш, знайшоўся без пяці мінут нампалітрука!). Мы самі не горш за яго маглі вывучыць тыя чатыры або пяць пунктаў. Толькі мы не вучылі.

Стралкоў, вядома, пакрыўдзіўся, бразнуў дзвярыма і пайшоў — думалі, дакладваць начальству, аднак ён не далажыў. Апошняя акалічнасць трохі парушыла нашу непрыязнь да Стралкова, і, каб не падвесці яго (ды і сябе таксама), да наступных заняткаў мы ўсё вызубрылі.

Зімой у вучылішчы стала холадна, у нятопленых вялізных казармах вельмі даймала сцюжа. Напорысты заволжскі вецер на шматгадзінных палявых занятках наскрозь прадзьмуваў нашыя пацёртыя шынялькі. Мы дужа калелі і таму яшчэ болей хацелі есці. Пра яду мы думалі заўжды: на занятках, у нарадзе, на вячэрняй паверцы і нават прачынаючыся ў казарме ноччу. Ля сталоўкі і каля прадсклада заўжды таўкліся курсанты — хворыя, вызваленыя ад заняткаў, тыя, у каго парваўся абутак і не было ў чым ісці ў поле. Усе з галоднай тугой у вачах чакалі шчаслівага выпадку раздабыць што з’есці.

Аднойчы мы з Юркам былі ў каравуле і прастаялі ноч на двухзменным пасту, які на дзень звычайна знімаўся. Гэты пост даваў нам права адляжацца ў каравулцы на нарах (калі толькі не было да нас ніякай патрэбы ў грознага бога роты — старшыны Шквары). Зрэшты, у той дзень першы зранку заваліўся спаць я, бо ўжо адстаяў сваё на пасту, і хроп амаль да снядання. Юрка ж, змяніўшыся пазней, пабег да сталоўкі на здабычу харчу, і там яму надарыўся проста неверагодны па тым часе выпадак.

Узрушаны, ён куляй уляцеў у каравульнае памяшканне і, ледзьве расштурхаўшы мяне, яшчэ адурэлага ад сну, павалок да прадсклада. Аказваецца, там нас чакала крытая аўтамашына, у якой вазілі з горада хлеб і да якой Юрка толькі што занарадзіўся грузчыкам. Загадчык склада, маўклівы пажылы дзядзька ў ватоўцы, нецярпліва чакаў Юрку, хоць побач, наперабой прапаноўваючы свае паслугі, стаяла чалавек шэсць курсантаў. I ўсё ж Юрка, рызыкуючы застацца ні з чым, пабег па мяне, і мы, ледзьве здыхваючыся ад стомы, урэшце залезлі ў жалезны кузаў машыны. Загадчык сеў у кабіну.

Мы ехалі, мяркуючы праз гадзіну вярнуцца, наеўшыся свежага хлеба, і (калі пашанцуе), можа, яшчэ і прыхапіць якую буханачку-другую на заўтра. Дзеля хлеба мы свядома ахвяравалі сняданнем — двухсотграмоваю пайкаю, міскай супу і чаем, — нам даражэй быў хлеб.

Праўда, загадчык склада неўзабаве расчараваў нас. Аказалася, што перш чым ехаць па хлеб, трэба прывезці мяса. Гэта было ўсё ж не тое, што хлеб, але што зробіш — калі ўлезлі ў кузаў, дык мусілі слухацца. З гадзіну мы цягалі на мясакамбінаце баранія тушы ў машыну і наклалі іх столькі, што ледзьве ўлезлі самі. На першы погляд гэта было вельмі заманліва — цэлая гара бараніны, толькі, вядома, карысці з яе мы не мелі ніякай.

Галодныя, мы згрузілі тушы на вучылішчным складзе і, не паснедаўшы (бо спазніліся), на той жа машыне зноў выправіліся ў горад. Але і ў гэты раз хлебазавод застаўся ўбаку, мы прыехалі на базу, дзе нам была падрыхтавана яшчэ горшая нечаканка ў выглядзе цэлага штабеля мяхоў з мукой. Гэта было жахліва. Мабыць, кожны з нас упаасобку важыў меней, чым кожны з гэтых стандартных шасцідзесяцікілаграмовых мяхоў, якім мы проста не маглі даць рады. У нас занадта было мала сілы, каб падняць мех на вагі і з вагаў вынесці ў двор на машыну. Але што мы маглі зрабіць, калі напрасіліся ў грузчыкі? Праўда, памог загадчык склада, і пакуль мы мураўіным спосабам перавалаклі ўсю муку ў машыну, дык выйшла, што сілы ў нас засталося толькі на тое, каб самім залезці ў кузаў. А наперадзе чакала яшчэ і разгрузка. Да таго ж мы празявалі і абед і спазніліся ў каравульнае памяшканне. У перспектыве была гаўптвахта, а можа, і яшчэ горшае.

Але трэці рэйс быў сапраўды па хлеб, і мы рызыкнулі — усё роўна ўжо ўліплі. Што ўжо бедаваць па якой гадзіне самавольнай адлучкі, калі мы адлучыліся з казармы ўвогуле не меней чым на восем гадзін.

Хлебазавод сустрэў нас такой канцэнтрацыяй хлебнага паху, што мы гатовы былі забыць пра ўсе нашыя беды і наогул не вяртацца ў той дзень у вучылішча. Паджарыстымі, духмянымі да п’янасці боханамі былі выкладзены дзесяткі ячэістых сцелажоў з вузенькімі праходамі паміж імі. Цэлымі сцелажамі ўзважвалі і аддавалі на пагрузку ў машыны. Мы былі болей чым галодныя, здавалася, маглі з’есці па дзесяць буханак кожны, але з’есці нават кавалка тут было нельга. Мы думалі: хай! Пад’ямо пасля.

Гэтае «пасля» выдарылася толькі тады, калі ў закрытай машыне мы трэсліся побач з цёплаю грудай буханак і глыталі, мабыць, не жуючы, мяккія распараныя скарынкі. Толькі ці многа можна было іх праглынуць за якіх пятнаццаць хвілін дарогі па калдобінах зімовай вуліцы? Пасля мы разгружалі, — сумленна, да апошняй буханкі. Дарэчы, кантроль на нашу працу быў усюды болей чым строгі. Але мы спадзяваліся недарма.

Загадчык склада памучыў нас добра, але і няблага аддзячыў. На разлік мы атрымалі тры яшчэ цёплыя боханы і пусціліся ў свае казармы. Спяшацца, зрэшты, не мела вялікага сэнсу, бо на паверку мы даўно ўжо спазніліся, у гарадку ўсё сціхла, толькі па дарожках каля казармаў хадзілі патрулі. Яны і затрымалі двух вельмі падобных на зладзеяў або дыверсантаў парушальнікаў вайсковага распарадку.

Сутычка з імі была не дужа прыемная, але затое нядоўгая. Каб не трапіць да дзяжурнага па вучылішчы і не страціць усё, давялося ахвяраваць адною буханкай. Другую мы прадбачліва прыхавалі ў снезе каля плота, а з апошняю пад палой у Юркі, ледзьве пераборваючы страх, адчынілі дзверы казармы.

Аднак нам да канца не шанцавала ў той дзень, і мы канчаткова зразумелі гэта, як толькі пераступілі парог і ўбачылі на праходзе між нараў нашага старшыну Шквару. Двое нарадчыкаў пачыналі мыццё падлогі, а старшына, па-напалеонаўску скрыжаваўшы на грудзях рукі, сцюдзёным позіркам усёбачачых вачэй глядзеў на нас. «Дзе былі? Адказвайце! Маўчаць, калі размаўляеце са старшыной! Я ў вас пытаюся, дзе былі? Маўчаць! На губу захацелі?..» I раптам старшына змяніўся: «Ану, ану, што гэта ў вас? Ану?..»

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: